— Дай Бог, каб гэты прыехаў цвярозы!
I такое сёння вясковае шчасце.
* * *
Васіль Субоцін усцешыў доўгачаканым адказам на маё ліпеньскае пісьмо. Піша, што i яму ёсць што ўспомніць пра нашы былыя, ужо i даўнія сустрэчы. У 1990-м у яго выйшаў трохтомны Збор твораў, адкуль ён нават працытаваў у пісьме пачатак запісу пра мяне, які быў раней, яшчэ даўней надрукаваны ў падараванай мне кнізе. Кажа i сам пра гэта Васіль Яфімавіч, не падкрэсліваючы, што паўтарыцца яму прыемна. За дзесяць гадоў змог ён надрукаваць, ажно ў часопісе «Урал», успаміны ў чатырох нумарах, а тая кніга, пра якую было ў «Литературной газете», ужо трэці год ляжыць без руху ў выдавецтве, што ледзь ліпіць пад страхам банкруцтва. Проста пісьменніку, няхай сабе i добраму, але сціпламу, непрабіўному, i там, у Маскве, жывецца нявесела, на што ён паскардзіўся стрымана, i пра смерць жонкі напісаўшы коратка...
Я без віны вінавата спазніўся павіншаваць з дзевяностагоддзем Апанаса Цыхуна, заслужанага настаўніка, краязнаўца i фалькларыста, i, каб лепей выйсці з няёмкага становішча, паслаў яму сваю новую кнігу, аўтограф на ёй разгарнуўшы ледзь не ў цэлае кароткае пісьмо. Гродна бліжэй за Маскву, паважанага Апанаса Пятровіча ведаю як чалавека культурнага, i трывожна было на душы, што ён не адказвае таксама трэці месяц... А ён гэта, відаць, начэкваў, пакуль i ў яго, калі па Багушэвічу, таксама будзе «ксёнжачка», i прыслаў мне яе, «Песні з народных глыбіняў», з цікавымі запісамі, i ў сваю чаргу перагукнуўся шчырасцю ў аўтографе, шчодра напісаным, дай Бог здароўя, яшчэ зусім паслухмянай рукою...
Прафесар Эдуард Гашынец, вядомы славацкі мовазнавец, даўні сябар Фёдара Янкоўскага, а затым i мой, на прыгожай, доўгай паштоўцы з каляровай панарамай красуні Браціславы дробненька піша на адвароце, прыстойна па-беларуску, дзякуючы за тое, што я, яшчэ ў чэрвені, дапамог яму скантактавацца з Яўгенам Лецкам, які працуе ў «Голасе Радзімы», каб ён, Гашынец, прапанаваў туды новае са сваіх даследаванняў пра ўдзел славакаў у беларускім партызанскім руху. А таксама нібы між іншым, але з прыкметнай прыемнасцю дадае, што пераклаў нядаўна дзве нашы народныя казкі, адну з якіх, «Ziarlilfy stryc», пра зайздроснага прагнага дзядзьку, што здзекаваўся з асірацелых пляменнікаў, далучыў ужо i надрукаванай, а я, дарэчы, папракгыкаваўся ў славаччыне...
Важна гэта i радасна — перапіска з добрымі людзьмі, як ні вяла сёння працуе ўсюды пошта. Успомнілася, з якой пашанай Чэхаў ставіўся да прысланых яму пісьмаў, як спарадкавана ix захоўваў. Думалася i пра тое, як прыемна бывае ўяўляць, паслаўшы, іхні далейшы шлях i сустрэчу з тымі, каму яны адрасаваныя...
Учора проста было па-восеньску холадна, з панылай хмарнасцю i рэзкім ветрам. А сёння сонечная раніца чароўна выходзіла з першых, нечаканых замаразкаў у пагодлівы дзень. Уся прыземная зеляніна, як у дзіцячай тэлевізійнай казцы, была пакрыта i на погляд калюча-зімнім срэбрам шэрані, a вялікае, паўнакроўнае сонца, толькі што ўзышоўшы, понізам свяціла над лугамі, Нёмнам, полем i маёй прылясной дарогай, упэўнена абяцаючы ўзяць сваё спакваля, ужо зверху.
Дзень пачынаўся пад мой настрой, светлы i ад пісьмаў, атрыманых напярэдадні, трох за адзін — святочны — раз.
* * *
Сёння пад ранне падумалася, што бяссонніца даецца старому не толькі дзеля таго, каб яму караць самога сябе панылымі ці горкімі ўспамінамі.
Бывае яшчэ i такая блаславёная гульня, такое ўсётакі шчасце, як дапрацоўка ў думках новай задумы, якая доўга не дае табе заснуць...
* * *
Зайшоўшы ад сонца, якое ўжо добра схіліла з паўдня, спыніўся паглядзець у голле высокай, разложыстай «зімовай» яблыні.
Нядаўна тут была непрадзьмутая зеляніна сакавітай лістоты, а вось ужо кожную залацінку бабінага лета, кожнага жаўтлявага ці барвяністага матыля, які ў дрыготка-няспешным палёце шукае вольнае месца — спланіраваць на халодную траву, можна, здаецца, узяць на ўлік паасобку.
Многа яблыкаў тыдзень таму назад было абярэжна знята на даўжэйшую вылежку, а недасяжных стрэсена на ранейшы ўжытак. На шэрым голлі, вышэй i найвышэй, яшчэ ўсё трымаюцца то наўкруг чырвоныя, то зрэдку светлабокія, крамяныя мацакі, i зводдаль адасоблена, i чародкамі, i нават пацешнымі спарышамі, зусім адно пры адным.
I гэта прыгожа. Красою позняй восені.
* * *
Ратуючыся ад сумнага «няма чаго добрага пачытаць», раптам знайшоў у нашай чатырохсямейнай шматгадовай кніжна-часопіснай залежы сціплы томік па-польску з англійскай: Axel Münte, «Księga о ludziach i zwierzętach». Пасля прачытання ўступу i першых навелаў або нарысаў, як ix акрэслівае сам аўтар, памеціў у блакноце пачатак удзячнага адчування.
Читать дальше