Ён мне цяпер найлепей бачыцца. Нібы ён тут адзін.
Знясіленыя ўцёкамі, ушчэнт патомленыя маці i дочкі асуджана разгаласіліся перад немінучай смерцю.
Толькі хлопчык чамусьці маўчаў.
Уся «святая» злосць адпала. Самому хоць заплач. А тут жа i суровы, да расстрэлу, за невыкананне, загад, i таварышы, якія супраць тваёй слабасці. Што рабіць?! Каб быў адзін — проста вярнуўся б, а то i сказаў бы гэтым людзям штосьці, а так...
Гэта мне толькі старому прымроілася. Лес пазбавіў мяне ад такіх ды падобных сітуацыяў. А мог бы i не пазбавіць. I гаворкі пра гэта цяпер не было б.
...На адвячорку той хлопчык вярнуўся да мяне. Яшчэ ўсё моўчкі. Ярка, выразна нагадаўшы ўнучка ў такім самым узросце. З яго дапытліва-нястомным пазнаваннем свету, з яго наіўна-святой прагай жыць i жыць...
...Позні вечар. Не спіцца. I тэлевізар з пустой, нібы вясёлай перадачай.
Той хлопчык — нарэшце — горка заплакаў ад жаху канца...
Зноў разбалелася сэрца.
A толькі ж ад уяўлення.
* * *
З тэлеэкрана днямі было сказана, што ў сорак чацвёртым годзе, калі праводзілася дэпартацыя чачэнцаў, тыя аулы, што «супраціўляліся», былі знішчаны разам з людзьмі...
Словы гэтыя — так адкрыта — як быццам выскачылі ўпершыню. Як гістарычна безэмацыйны факт.
* * *
Пачуў i часткова ўбачыў па тэлевізары тое, што адбывалася ва ўсходнім Берліне ў чэрвені пяцьдзесят трэцяга. Немцаў загінула сотня. Каля пяцідзесяці (больш ці менш — не ўлавіў) афіцэраў i салдатаў Савецкай Арміі асуджана трыбуналам на смерць — за адмову страляць у мірных дэманстрантаў. Восем гадоў пасля заканчэння вайны, ды такое,— нельга не задумацца, улічваючы яшчэ не астылы напал нянавісці да гітлераўцаў. Тут, у тых, што адмовіліся страляць, гераізму, бадай, больш, чым яшчэ праз дзевяць гадоў было ў Новачаркаску, калі страляць некаторыя адмаўляліся не ў нядаўніх ворагаў, a ў людзей сваіх. I ў адным, i ў другім выпадку героі не толькі асуджаны на смерць, але i зганьбаваны, як здавалася суддзям i катам, навечна.
Сумны, жахлівы гераізм!.. Як ад яго далека да зразумення неабходнасці шукаць i знаходзіць спосабы, шляхі мірнага суіснавання. Пра новачаркаскіх адказнікаў у нас ужо гадоў колькі гаворыцца i пішацца. Таямніца берлінскіх — вось ужо раскрываецца таксама. Немцы ўшанавалі ix, як герояў. A ў нас? А каб было наадварот?..
...У тыя чэрвеньскія дні ці не з самога Берліна дэзерціраваў i ціха звар'яцеў сын нашага вясковага суседа, здаравенны, ціхманы Відзік, Венядыкт. Гадоў з дзесятак, а то i больш, пакутаваў у адпаведным абласным шпіталі, потым быў дома, пры бацьках. З маўклівага рабіўся часам буйным, дзіка крычаў пра штосьці, стаўшы нават богведама як гугнявым, i тады яго ў хаце вельмі баяліся.
* * *
Слаўныя, бедныя нашы заходнебеларускія хлопцы — Уладзімір Жылка, Ігнат Дварчанін — пасля Златай Прагі, пасля культурнай Еўропы — адзін у ссылку на суровую Поўнач, на смерць ад сухотаў, што спыняць гарачае сэрца, другі ў ГУЛАГ i пад наганную кулю ў разумную галаву. Толькі здагадвацца можна, як яны адчувалі гэта, якія пакуты цела i душы перанеслі ў сутыкненні з бальшавіцкім варварствам, каб самім на сябе пісаць тое, што было патрэбна для іхняга знішчэння. Як бедны, мужны Дварчанін (цытую з пратакола «дазнання»):
«Печатал свои к-р стихотворения... издал вредную к-р нацдемовскую «Хрестоматию белорусской литературы»... читал лекции, вкладывая в них к-р содержание...»
Гэтае «к-р», як злавеснае карканне, на жаргоне катаў азначае контррэвалюцыю.
* * *
Нізкая душа, вырваўшыся з-пад прыгнёту, прыгнягае сама.
Паўтараю Дастаеўскага без двукосся, бо з памяці. А вось i другое, не ягонае:
Нізкая душа, дарваўшыся да ўлады, рада помсціць кожнаму, хто перад ёю ў нечым «вінаваты».
Асабістае так i ўплывае на грамадскае, на гісторыю.
* * *
Прачнуўся апоўначы ад жахлівага сну. Хораша ціхаму, разумна сціпламу хлопцу, ужо шчасліва сямейнаму, пагражала ў гэтым сне сучаснае майстэрства збіваць-забіваць чалавека бясследна...
Барані нас, Божа, хоць Ты i не надта беражэш незлічонае мноства тых, каго гробяць выбарачна або забіваюць масава — i ў нас, у СНД, i на ўсёй Зямлі. Ужо i не здзіўляючы гэтай будзённай звычайнасцю.
* * *
Выдадзеная пятнаццаць гадоў таму назад, вялікафарматная, з каляровымі ілюстрацыямі, буйным шрифтам, разлічаным на пачынаючага чытача, a вельмі адпаведным i для чытача старога, добра-такі зачытаная ўнукамі за многія месяцы ix дачнага падрастання, кніга Максіма Танка «Ехаў казачнік Бай».
Унукі, сваім натуральным ходам, павырасталі, усё радзей знаходзяць час для дачнай раскошы, а дзеду, што з бабуляй, міжнародна-казачным ладам, у адзіноце чакаюць, употай лічаць дні, калі ў ix зялёную цішыню завітае былая найраднейшая шумеча,— дзеду захацелася гэтую кнігу пагартаць.
Читать дальше