Зусім недалёчка пытанне: а з прозай што, лепш? Якое там! Калі ў «паэзіі» загоны ды загончыкі, дык у «прозе» — абшары, панскія ці калгасныя. I двукоссе таксама, i нуда адпаведна разлеглая.
А яшчэ ж i бескантрольнасць пад выглядам свабоды слова, i адсутнасць свабоднага адбору, аб'ектыўнай рэдактуры. Асабліва ў выданнях «за свой кошт», з зусім ужо апушчанымі лейцамі...
* * *
Міша быў у Наваградку, гімназістам, Колі недамагалася ці проста так было ім з мамай вырашана, што на начлег з коньмі магу паехаць i я, сямікласнік. Не памятаю, з кім з суседніх хлопцаў ці мужчын паехаў,— у памяці сядзіць i зноў вось, чытаючы Кіркора ў «Живописной России», ажыло тое, як ноч нечакана задажджылася i ў кішэньцы майго пінжака да роскісу намоклі тонкія папяроскі «Wanda», найтаннейшыя з тых, што меліся ў нашай краме. Маё курэнне, дзеля даросласці i маладзецтва, так i не адбылося. Відаць, першы гэта быў i апошні раз, бо курыць я i не пачаў, i не прывык — да дзён акупацыі, калі i я падцаўся такой усенароднасці, каб назусім пакінуць курыць ажно ў лютым пяцьдзесят сёмага.
Другі начлег. Увосень, здаецца, трыццаць сёмага, час, калі атава на нізах пакошана, a ўзмежкі над Вушай пакінуты для спасвання. Пра таго, з кім я быў на тым начлезе, апошняе, сёлетняе расказала пляменніца, наведаўшы мяне ў бальніцы. Коля-Цюлік, пра якога я пісаў у апавяданні «Над фатаграфіяй», памёр, аказваецца, самахоць, павесіўся ад безвыходнасці. Жонка, дзяўчынай калісьці даволі сімпатычная, удзельніца нашай самадзейнасці, весялуха, якую я сяк-так навучыў чытаць па-беларуску, каб сама магла вывучыць ролю, вырашыла дажываць у сына ў горадзе, а мужыка ды бацьку ў адной асобе пастанавілі з вучоным сынам, мне незнаемым, здаць у абласны «дурдом». I здалі. А там паглядзелі, што няхай сабе чалавек, як ім сказалі ягоныя жонка i сын, i хадзіў пяць гадоў у першы клас польскай школы, у якой яна закончыла ўсе тры класы, у цэлым зусім нармальны, можа вярнуцца ў родную хату, балазе яна яшчэ не прададзена. Ён i вярнуўся, каб там неўзабаве закончыць яшчэ адзін раздзельчык дзікай хронікі нашых i вясковых дзён вераўчанай пятлёю.
Пачуўшы гэта, я зноў успомніў яго, бяскрыўднага Цюліка, на год старэйшага за мяне сына нашага суседа, бывалага ды начытанага дзядзькі Паўлюка, прататыпа ў некалькіх маіх творах.
Коней нашых, адну ягоную кабылу i дзве маіх, мы пусцілі на ўзмежак над ракою, a самі ляглі пад капой атавы, так азначыўшы граніцу дазволенага для папасу.
На капе над нашымі галовамі лёг, умасціўся мой верны Жук, герой апавядання «Ветэрынар».
Калі я ездзіў на начлег у поле, на іржышча з густой канюшыннай атавай, Жукову адданасць можна было праверыць i так, што коней я навязваў на доўгія тонкія ланцугі, шпянькі паўбіваўшы каменем, які i ўпоцемку няцяжка было знайсці, і, сказаўшы Жуку: «Ляжы, а я пайшоў», сам падаваўся ў Маласельцы. Яны былі i бліжэй, i ўсё-такі вёска не свая, што цікавей. Вярнуўшыся, часамі i пазнавата, Жука я заставаў на службовым пасту. Рэшту ночы мы караталі ўдвух, я ў гаматнай суконнай бурцы, а ён у сваім назаўсёды сезонным чорным, гладкім кажушку, часцей за ўсё i грэючыся ўзаемна.
Ноччу — на атаве над ракою — Цюлік разбудзіў мяне паштурхваннем i просьбай: «Ваня! Ваня, скажы, каб ён пусціў!» Хлопцу чамусьці собіла прыўстаць, а сабаку гэта здалося пагрозай маёй бяспецы, i ён хвацка хапнуў яго за аўчынны каршэнь. Я, вядома, буркануў: «Жук, пусці!» I мы, пад нямокрую вераснёвую цішыню i спорнае пагрызванне коней, зноў паглыбіліся ў духмяную цеплыню.
А згадалася ўсё гэта — i сусед, i мокрыя пруцікі «Wandy» -— не так сабе, а там, дзе на вялікай, уборыстай кніжнай старонцы гаворка пайшла пра першы выезд з коньмі на начлег, няхай сабе ў нас i без «пиршествъ при зажженныхъ кострахъ», без «неизбежной» яечні i скокаў.
* * *
Што чуў, што чытаў, а што i сам даўно ўжо ведаю, а вось падумаў i здзівіўся толькі сёння: а што гэта на маёй Наваградчыне за такая асаблівая любасць да ўсясветна ды сціпла дэкаратыўнай расліны — руты? I рэчка Рута, i вёска Руткавічы, нават тры ў адной, Горныя, Новыя i Зарэчча, гэта каля Карэлічаў, a ў бок Наваградка — дзве Руты, зноў Горная i Дольная да яе, а тады яшчэ i дзве Руткі, Першая i Другая?..
Што ж, многа руты ішло на вяночкі, якія пляліся пад песні сябровак i слёзы маладой напярэдадні вяселля, як гаварылася, у «зборную суботу»...
Дзяцюк з гэтых маляўнічых мясцін вывучыўся на радыёжурналіста. I вось надоечы дзень мой пачаўся яго ўсхваляваным рэпартажам з Руткі-Першай. Там, бачыце, жыве бабуля, якой ужо дзевяноста сем гадоў, а яна яшчэ, Богу дзякаваць, здарова, i галава ў яе светлая, i гаворка да ладу, i рукі просядь работы. A ў той гаворцы мне ўдзячна пачулася i штосьці незвычайнае. Адказваючы ветламу юнаку, як прайшло яе сямейнае жыццё, прабабуля сказала, што жыла яна са сваім, ужо сёмы гадок нябожчыкам, за цацку.
Читать дальше