* * *
Гарадская бомжыстая кошка з сучаснай ментальнасцю мацярынства. Унізе зрабілі ёй логава, а яна сваю чацвёрку кацянят раз-пораз разносіць па адным пад дзверы на другім паверсе, каля каторых ёсць дыванчыкі. Занясуць ёй зноў малых наніз, а яна неўзабаве назад разнясе.
* * *
Столькі за век нагаварылася, што хочаш нешта, хай сабе i дарэчы, расказаць, а боязна: відаць, я ўжо гэта расказваў?..
Так i з запісваннем, толькі адказнасць большая.
* * *
Марыя Кіпель, настаўніца, жонка Яўхіма i маці Вітаўта, ва ўспамінах пра свой пакутніцкі шлях жонкі «ворага народа» добрым, удзячным словам згадвае Міхася Лынькова, які дапамагаў ёй выжыць, як ні небяспечна гэта было для яго, члена партыі i наогул чалавека «свайго часу», чым некаторыя спрабуюць апраўдваць свае, не надта каб годныя паводзіны ў той цяжкі час.
Прыемна было гэта прачытаць пра Міхася Ціханавіча ў «Крыніцы», падумаць пра тое, чаму жыць у народнай памяці.
* * *
Апрыкрыла ўжо скардзіцца на тое, што не пішацца, бо невядома ж, колькі каму з нас трэба, пасапраўднаму трэба напісаць.
* * *
Даўка ў роце, нават у горле ад сказанага глупства. А потым i помніцца будзе прыкра... Дадам i прафесійнага: варта было тое глупства ляпнуць міжволі, каб знайсці гэтае «даўка» як удалае слова.
* * *
Адзін «бэнээфавец», a другі «грамадавец», у розны час ды не змаўляючыся, абодва цёпла i ўдзячна згадваюць Валодзю Караткевіча, дзякуючы якому яны адчулі сябе беларусамі.
А Валодзем называюць яго не яны, а я.
* * *
Ад сшытка — да кнігі, i зноў мудрае ў найпрасцейшай падачы: яму, Талстому, пішуць пра цяжкую заблытанасць у нейчым жыцці, а ён:
«Если бы я был моложе, я бы сейчас сказал, что это происходит от того-то и того-то. Теперь же я прямо скажу, что не знаю». («Цяпер» — калі яму ішоў восемдзесят другі.)
Няхай сабе я i «вязень цытатаў», як пісаў у «Крыніцы» таленавіта-вясёлы Леанід Дранько-Майсюк, але выпішу яшчэ i гэта:
«Напрашивается художественная работа, но ей надо заниматься мне только тогда, когда она так же неустранима, как кашель». Эх, каб пакашляць!..
* * *
Ілюстрацыя ў польскай кнізе: капліца ў віленскай Вострай Браме. Як урачыста, з якой пашанай трэба тут трымацца, як трымаюцца — на малюнку — некалькі чалавек.
A ў памяці ажыла статная, румяная красуня камсамолка з карэльскай групы турыстаў, з-за нешматлікасці далучанай да нашай, беларускай. Кастрычнік пяцьдзесят шостага, Стамбул. Як тая красуня прагрэсіўна гыгыкнула, бліснуўшы беленькімі буйнымі зубамі за спакусліва сакавітымі вуснамі, гледзячы на тое, як у раскошна-велічнай Айя-Сафіі на вялізным дыване моляцца старыя туркі.
Ясыр, ятаганы, галеры, гарэм (для паланянак — у лепшым выпадку) — гэта згадалася цяпер, а можа, i тады, калі я, за яе спалохана, абурыўся такім наіўным хамствам.
* * *
Сёння ў нашай чатырохмеснай палаце начуем толькі ўдвух. «Я из охраны КГБ». Так назваўся сусед, калі мы знаёміліся. Бездапаможна цыбаты, заядлы курэц, адна за адной у туалеце, хоць у самога «сасуды» ды глаўкома, i так, i так курэнне вельмі не рэкамендуецца. Неяк раней, таксама сам-насам, ён мне расказваў, як суправаджаў вайсковыя транспарты— яшчэ ў Карэю, калі там была вайна поўначы з поўднем, i трэба было пераапранацца ў іхнюю форму, потым у Венгрыю, «на усмирение контрреволюции», відаць, i ў Чэхаславакію, пра што ён на мае пытанне прамаўчаў А сёння, пасля доўгага маўчання ў цемры, седзячы на ложку са спушчанымі цыбамі, сусед раптам загаварыў пра тое, як гэта цяжка сядзець у адзіночцы... Мне адразу згадаўся Рафаіл Сяржант, заходнебеларускі падпольшчык з яго дзесяццю гадамі адзіночкі, а за ім яшчэ страшнейшае: сляпая i глухая «адзіночка» старэнькай Зоські Верас перад яе няспешным адыходам... А курэц мой перайшоў на іншае: як ён адзін толькі раз за трыццаць гадоў службы ў ахове суправаджаў чалавека, асуджанага, на смерць, i пацяшаў яго ў «варанку», што гэта яны едуць яшчэ раз да следчага. «А там дзверы ў тупы калідорчык, такая камера-тупік, у якую ўпускаюць, а там такое ўстройства — аўтаматы такія з усіх бакоў, што пасякуць чалавека адразу...»
«I з гэтага людзі ядуць свой хлеб»,— падумалася ледзь не ў дрыжыках ад жаху...
* * *
Акуратнасць бальнічнай «гаспадаркі» — добра засланы ложак, чыста ў тумбачцы. Згадалася «гаспадарка» лагерная, у палоне, што складалася ў мяне з адной брызентавай торбы ад «хобатнага» супрацьгаза, у якім пісьмы з дому, Евангелле, якім мяне блаславіла маці, блакнот, брытва з памазком i кавалачкам эрзац-мыла, ніткі з іголкай...
Читать дальше