Я пазваніў зямлячцы-равесніцы (няшмат ужо нас засталося!), каб упэўніцца ў сваім зразуменні сказанага старою, i мы спыніліся на тым, што гэта муж яе так любіў, што не мог налюбавацца, нацешыцца, як i яна з яго. Нават помніцца з ходу,— a ў радыё ж назад не перагорнеш, не праверыш,— што так i сказана было за дваіх: «Хораша мы пражылі, за цацку».
* * *
Начальнікі ўсіх калібраў, слухаючы беларускія пытанні ды разважанні радыёкаментатараў, усё-ўсё разумеюць, на ўсё дакладненька адказваюць. Застаецца толькі самім таксама загаварыць, чаго — не раўнуючы, a ўслед за прымаўкай,— не могуць i сабакі.
* * *
Я памру, а яны будуць жыць. Зайздрасць, крыўда i жах. Як быццам пайду толькі я адзін, а застануцца ўсе i назаўсёды.
Падумалася так увечары, ужо ў пасцелі, a запісаў, прачнуўшыся, у дзве гадзіны. Запісаў, палажыў блакнот i ручку на тумбачцы, выключыў бра, сказаўшы з вясёлай кплівасцю:
— Во «думаннік», во «мысляр», калі ўжо проста не філосаф!..
* * *
Пачалося з таго, што першабытны чалавек адчуў задавальненне ад болю, які ён прычыніў другому першабытнаму.
Сёння прагрэс у гэтым зайшоў так далека, што той ці тыя, хто вінаваты, скажам, за чачэнскую вайну ці іншыя масавыя забойствы, i не лічаць сябе злачынцамі, i не пакутуюць сумленнем, таксама ж, відаць, адчуваючы задавальненне ад чужога болю.
Дзевяноста восьмы
Прачнуўся каля трох i больш ужо не заснуў. Нешта незразумела грукала-пагруквала то зверху, то з бакоў, з-за белых сцен нашай палаты. Ажно я выглянуў на даўжэзны калідор, слаба асветлены, пусты i ціхі. Зверху, з гарышча ці з даху бальніцы, час ад часу чулася прызыўное, даўкае мяўканне ці некалькіх катоў на змену, ці толькі аднаго актывіста. Бліжэй пад ранне на голым голлі дрэў, мала вышэй за наш пяты паверх, папрачыналіся вароны i, павітаўшыся, распачалі суседскую гутарку.
Пачатак сёмай. Хутка прайшлі мае тры з нечым гадзіны бяссонніцы, як быццам уподбежку ад таго, што я прадумваў запісы, якія буду рабіць дома, i тыя, што буду правіць на ранейшых старонках.
* * *
Звычайная фраза, у аснове англійская, у перакладзе руская: «Но пришло время возвращаться домой при бесстрастном свете звезд...» Гэта ў рамане Эліота «Млын на Флосе», разгубленасць маладога джэнтльмена, шчаслівага жаніха адной прыгожай лэдзі, які нечакана пачаў закохвацца ў другую лэдзі. Ён збянтэжаны, a зоркі бесстрастные, як «равнодушная природа», якой i належыцца «красою вечною сиять». Колькі ўсяго ад аднаго, па-мастацку дакладнага слова! Тут я не толькі Англію бачу, не толькі Пушкіна згадаў, але i сваё далёкае жыва адчуў. Як вяртаўся познім вечарам з суседняй вёскі Качаны, як узыходзіў з вялікай даліны на rapy, палістападаўску аголеную ад вяснянай зеляніны i летняй жаўцізны, зноў зааранай пад будучы хлеб. Ішоў няспешна i легка, з паэзіяй у юнацкай душы i з неабдымным, родна зорным небам нада мною... Зямля, планета, таксама неабдымная, у кожнага з людзей свае даліны i ўзгоркі, свая хада па ix, а неба, зорнае неба — адно...
Ну вось, яшчэ i Кант сюды міжволі дадаўся, так да яго падышлося...
* * *
Чытаю лежачы, з-за ног, якія зноў пагрозліва прыпухлі. Кніга цікавая, але i дрэмлецца, хоць i выспаў сёння сваю шасцігадзінную норму. Можа, таму хіліць на сон, што пасля ранішняй яснасці зноў дажджыцца за акном, кроплі рэдка падзёўбваюць па блясе знадворнага падваконня. Павёў далонню па лобе, што садзяе ад зацяжной камарынай дакукі, адчуў-пачуў, як пад прычолкам чэрапа не сціхае цісіканне-шумок, i раптам падумалася:
Здаровіцца — нездаровіцца, ведаем, улічваем, неяк абараняемся, а вось жа здаецца, што ўсё гэта — твой стан, стан твайго арганізма — як быццам не ты сам, a штосьці другое, дадатковае, пабочнае, дзе цябе, самога цябе пасялілі...
* * *
Толькі што прачнуўся, зноў без пары, зарана, а ўжо ў душы балюча паскавытвае туга, нібы яна чакала i дачакалася твайго абуджэння. Без дай прычыны? Толькі таму, што мне апошнім часам зусім не працуецца? З гэтым жыць дзень за днём?..
Святло, вузкі прамень толькі твайго ліхтарыка ў патайной сцішнаце вышуквае i знаходзіць, хоць i даўно ўжо знаёмыя, вядомыя табе твае грахі, спыняецца на тым ці іншым з ix, каб ты зноў пакусаў, пажаваў сам сябе, хоць i не ўпершыню, але са свежым болем бездапаможнасці ў адчаі самапрызнання віны, можа, не так каб нізка баючыся, горка саромеючыся прызнання перад некім другім, як іменна ад безвыходнасці ў тузе беззваротнай адсутнасці таго калісьці блізкага, хто мог бы зразумець цябе як след, дапамагчы, даць палёгку, падказаць выхад да пэўнага, няхай сабе i не поўнага ачышчэння душы.
Читать дальше