...Зноў чытаючы пра Дамэйку.
Колькі нам, беларусам, трэба яшчэ папрацаваць, каб было на каго апірацца, кім ганарыцца ды казыраць, не адчуваючы, як сёння, пэўнай няёмкасці ад гаворкі пра славутых землякоў, беларусаў «геаграфічных», якія служылі культуры іншых народаў, лічачы сябе хто палякам, а хто рускім.
...Вялізны юбілейны том — «Пан Тадэвуш» у арыгінале, у беларускім перакладзе П. Бітэля i ў рускім С. Map.
Мне казалі, што ёсць i такое меркаванне — выдаць у адной кнізе ўсе нашы пераклады эпапеі,— Дуніна-Марцінкевіча i Ельскага, як спробы прасігналіць свету, што i мы таксама можам; Тарашкевіча, зроблены ў пілсудчыцкай турме, i Бітэлеў — у бальшавіцкім канцлагеры, як красамоўнае гістарычнае сведчанне; i Семяжонаў, пакуль што найлепшы, але ж, на жаль, разоў ці не на паўтара даўжэйшы за арыгінал.
А каб жа i нам,— успомнім украінцаў з перакладам Максіма Рыльскага,— займець нарэшце адзін дасканалы, які ў нас, напэўна ж, будзе.
* * *
Якое б гора ні было, як ні плакалася б, расказваючы пра яго, а бульбы трэба наабіраць.
I яна абірае яе, нейчая ціха-цярплячая матуля.
* * *
Перад ушанаваннем Данусі Бічэль у Купалавым музеі, уранні, я на звычаі, пераглядаў два яе зборнікі, асабліва «Даўняе сонца», выбраную лірыку, што перачытваючы, што ўспамінаючы. Дзіўна неяк адчулася, што іншамоўнай, іншанароднай паэткай яна аніяк не маша б з'явіцца, быць, бо родная мова яе не па выбару, з ёю яна выйшла ў свет i ўвайшла ў паэзію па-сямейнаму, па-спадчыннаму арганічна i неадменна. I расказала пра сваё —малую дзяўчынку, пасля пра гатовую да кахання i мацярынства дзяўчыну, шчаслівую маму, а вось ужо i бабулю. У гэтую канву жаночай долі, вядома ж, уплятаецца i ценявое, i грамадскае, аднак мне найлепей бачыцца вобраз жанчыны-паэткі ў таленавітым развіцці яе галоўнай значнасці.
* * *
I пры дачцэ-дзесяцікласніцы яшчэ ўсё маладая, толькі з прыемнай ды не лішняй паўнатой паўдзённага жаноцтва, яна была вельмі рада, што мая сустрэча з выкладчыкамі, дакладней — у большасці выкладчыцамі роднай мовы i літаратуры,— падзвіжнікамі ў наш час! —у школах сталічнай вобласці, за што яна адказвала, у чым была шчыра зацікаўлена,— удалася. Рады былі i настаўнікі, рад быў i я, а сама гаспадыня сустрэчы, развітваючыся ca мною перад усімі, пачала: «Я хачу вам нізка-нізка пакланіцца за...» Прысаромлены, я перапыніў яе: «Ну што вы, кланяцца?» I яна падхапіла іншае: «I праўда, я ўжо лепш так...» Пацалавала мяне духмяна ды горача, пад ухвальныя воплескі i смех, i пацалунак гэты чуваць на шчацэ вось ужо ці не пяты год.
* * *
Паміж снежна-беленькай марлевай — зверху i ўнізе — павязкай глядзяць вялікія, карыя, чыстыя вочы маладой медсястры. Хоць на плакат ix тут, у вочным аддзяленні клінікі, з загадным надпісам: «Такія павінны быць ва ўсіх!»
Сказаў ёй пра гэта назаўтра пасля аперацыі. Ужо з вольным, адслоненым тварам i з тымі — не тымі вачыма. Усміхнулася.
* * *
Працавітая, вечна занятая ўдава на пеней, у якое дзве каровы, пяцёра свіней, нямала курэй ды гусак, малая, з горада прывезеная ўнучка, вялікі агарод i соткі бульбы ў полі, кожнай раніцы, прывычна, спраўна падхадзіўшыся, глядзіць па каляровым тэлевізары бразільскі, як для каго, дык i бясконцы мыльны серыял з не хітрым, але ж i займальным плецівам інтрыгаў з каханнямі i здрадамі, сяброўствамі i варажнечай. Нібы малітва, багаслужба ранняя ў яе, а то часамі,— смяецца,— «і ўвечары тое самае пагляджу яшчэ раз». I паўтор не здаецца лішнім.
Бо хочацца казкі, чагосьці здалёку прыгожага, кожны дзень небудзённага.
* * *
Пазваніла з далёкай вёскі знаёмая настаўніцабеларуска. Я не адразу пазнаў яе па голасе, што яна адчула i спыталася: «Ой, вы, відаць, не пазналі, хто звоніць?!» На што я з ходу, нечакана адказаў: «Няўжо ж вы думаеце, што я не ведаю, каго люблю?..» Жаночы смех — узнагарода. Потым i жонцы сказаў пра гэты мой пераспелы флірт. Хоць тут у мяне i не ён, а шчырая павага i сімпатыя.
* * *
Вядучы маскоўскай тэлеперадачы «Человек в маске» культурна, спакойна, словам — па-сённяшняму кажучы — высокапрафесійна даводзіў сабраным у студыі некалькім сотням людзей i некалькім мільёнам тых, што бачылі гэта на сваіх экранах,— даводзіў, што прастытутка нікому не робіць зла, яна сама сабе выбрала такі лес, так зарабляе на жыццё, мае на гэта поўнае права і... гэтак далей.
А чалавек у масцы, які спрачаўся з вядучым на маральныя тэмы, ветліва папрасіў прабачэння, што перабівае, i спытаўся:
— Скажыце, а вы хацелі б, каб ваша дачка была прастытуткай?
Читать дальше