Самае незвычайнае, што я ўбачыў там, на птушыным рынку, за ўсе гады:
Хлопчык доўга стаяў, любаваўся, прыцэньваўся, пасля купіў чачотку,— па грашах,— адышоўся трохі з натоўпу i выпусціў яе з рукі. Глядзеў услед. Нават пасля таго, як знікла...
У міжгароднім аўтобусе. За маёю спіной малы гаворыць з бабуляй:
— А чаму ў цябе такі ногаць вялікі?.. Бабка, пагладзь маю ручку, пагладзь!..
Якая ж бездань паміж гэтай чыстай душой i нячыстай рукой яго бабы, нядаўна скінутай з пасады старшыні калгаса! «За злоўжыванне службовым становішчам...»
Стаім у мястэчку. Піжоністы рыжы сабака сядзіць на асфальце, на самай сярэдзіне шашы. А хлопчык непакоіцца, ледзь не да слёз:
— Цюцьку машына зарэжа!.. Бабка!..
Не адчуеш так поўна i непасрэдна.
А шчэбет ягоны — амаль непаўторны, бо ён не паддаецца перадачы словамі дарослага.
Думаў пра абнаўленне душы самай высокай паэзіяй — паэзіяй маленства. Безліч граняў гэтай паэзіі, як безліч сонечных промняў i пырскаў расы ў гэтых промнях.
Адпяваюць старога Навума. У хаце, дзе ўжо спявалі — па радыё — і Робсан, і Казлоўскі, i Ларэці, гудзе старэнькі поп, а дзве пеўчыя цягнуць, калісьці прыгожымі галасамі, пра «житейское море» i «тихое пристанище».
I ўсё гэта гучыць як не з гэтага, не з нашага свету.
А потым — ціхая паўза, і з сяней, таксама забітых людзьмі, чуецца голас малога, з бацькавых рук:
— А дзе мой дзед Аюм?
І па людзях-суседзях, што ведаюць малога Коліка, які вельмі сябраваў з нябожчыкам, пайшоў ціхенькі, толькі ў думках, смяшок.
А то, можа, мне проста здалося?
Бабуля расказвае:
— Адзін брат, бяздзетны багацей, хваліўся другому, бедняку, як ён гуляе па сваіх пакоях з «залатымі калясцамі».
А бядняк той пазычыў яшчэ раз міску мукі, зварыў сваім дзецям зацірку — эх, разгулялася тая малеча ад радасці...
«Вось табе,— думае ён,— залатыя калясцы!..»
Васемнаццацігадовая, дробненькая дзяўчына, хатняя работніца:
— У каго я, цётачка, малых ні няньчыла — усюды яны на мяне ўсе падобныя! Люблю я ix, хоць яны мне з самага малку рукі, цётачка, паўрывалі...
Цудоўны дзень,— з глыбокім снегам, што лёг учора, з марозікам, сонцам, з прыволлем, якім я толькі што любаваўся з гары, з цішынёй, што так добра лажыцца на душу,— цудоўны!..
Зайшоў на котлішча былога прыдарожнага хутара. Стаяў у зарасніку дзядоўніку, Ён — ну, італьянскія пініі: разгалісты і высокі, у рост чалавека.
Думалася пра шчасце пазнавання свету, пра майго хлопчыка з яго бясконцымі, нястомнымі «чаму?».
Як ён глядзеў бы на шматфарбны цуд — шчыгла цi снегіpa на гэтых шчодрых шышках!..
Добра, што i мне яшчэ хочацца так пазіраць — яго вачыма, з яго усмешкай. Не баючыся, што «брыдка» — калі б хто ўбачыў,— «не салідна» мне лезці сюды цераз глыбокі, завалены снегам меліярацыйны роў.
У Находцы, аглядаючы порт, суднарамонтны завод i горад, я адчуваў яшчэ раз — да захаплення выразна, маштабна — магутнасць нашай краіны.
Была пасля багатая прыгажосць нашых двухсот кіламетраў — паміж зелянінаю сопак, на арліных перавалах, у далінах, прастрэленых вячэрнім сонцам.
Быў шум у паўцемры — шумела Японскае мора.
Была цішыня — у тайзе, калі мы спыняліся і ўражана глядзелі на бясконцыя побліскі ў цемры казачных светлячкоў...
А я вось, прачнуўшыся ў нумары ўладзівастоцкай гасцініцы, успомніў — як найлепшае з усяго, перажытага ўчора,— смяшлівага, замурзанага, босага хлопчыка-карэйца, што ў вёсцы, дзе мы спыняліся, разам з рускімі сябрукамі гуляў у «хавачкі». I рагатаў сардэчна, і сарамліва маўчаў, i вельмі ж смешна яму было, ну проста не стрываць, калі адказваў на мае пытанні...
Чаму — падумалася цяпер — за сімвал міру ўзяты голуб, а не дзіця? Замурзанае, рассмяянае дзіця!..
Піпл — людзі (англ.); тут — у значэнні — усю нашу турысцкую кампанію.