Трымаць за ручку жыццё, якое вось i прайшло, і ўцякае!..
Дарога Ратэрдам — Амстэрдам.
Раўніна. Багаты лес: дубы, вязы, платаны, клёны, ліпы... Парнікі і адкрытыя грады. Прыгожыя домікі, ветракі, касцёлы, зноў ветракі... На сакавіта зялёных паплавах чорна-пярэстыя каровы. Вада не ўмяшчаецца ў незлічоных канавax, блішчыць нават на раллі, Раскошная аўтастрада. Абапал — вузкія, простыя палявыя дарогі, таксама асфальт у прысадах. Сонечны дзень...
Сонечны дзень у дажджлівай, пахмурнай Галандыі!.. У сярэднім ён тут бывае адзін раз на тыдзень. Цяпер, у кастрычніку, гэта зусім незвычайна, як дарагі падарунак.
А дзень — адзін, праездам, дзень у краіне, пра якую ты столькі ведаў здалёк i як быццам не ведаў нічога?..
Вось і настрой таму таксама сонечны.
Успамінаю маленства, стары рускі часопіс «Маяк», апавяданне пра падарожжа блізнятак Кіта і Кэт. Першае падарожжа з дзедам да мора.
Малыя сядзелі на нейкім мастку, потым у Кэт зваліўся ў ваду драўляны выступак. А за выступкам — абое блізнят. Дзядуля дастаў ix, засыпаў па шыю ў пясок, каб не змерзлі, пакуль высахне вопратка...
Прайшло брльш трыццаці гадоў. А мне — з акна турысцкага аўтобуса — толькі і хочацца глядзець на далягляд, шукаць вачыма паласу, мусіць, недалёкага мора, а на беразе яго — мілыя мордачкі Kiтa i Кэт. Яшчэ ўсё над пірамідкамі пяшчотна цёплага пяску...
У паляшуцкай хаце. З вышытымі ручнікамі на сцяне, з прыёмнікам на століку.
Шасцігадовая дзяўчынка любіць мачаху, як маму.
Мачаха — маладзіца i праўда вельмі прыемная, але ж... Малая памятае сваю матулю ў труне i лічыць, колькі год ужо лічыць, што мачаха — мама яе, якая вярнулася...
Як яно будзе далей?
Бірабіджан.
Пасля купання ў маляўнічай, раскошнай Біры, за якою, пад самымі спякотна-зялёнымі сопкамі, здорава адгукаецца рэха, мы паехалі ў піянерскі лагер.
Акунуліся ў цудоўны свет усюды любых — куды там кветкі! — дзяцей. Выступалі перад імі. І зноў шкадаваў, што не пішу, што так мала пісаў для малых. Хадзілі лугам да возера, дзе мноства абшарпаных хлопчыкаў i акуратных дзяўчатак наперабой даставалі нам з вады, на ўспамін, калючыя вадзяныя арэхі i ракушкі.
Пацешная наіўнасць!.. Хлапчук, які сядзеў побач са мной, пакуль мы выступалі, усё абмацваў мяне сваёй увагай, як чужаземца, і, нарэшце, не вытрываў, спытаўся шэптам:
— Дядя, а цифры на ваших часах — белорусские?..
Далёка ўсё-такі з нашага Ўсходу на Захад!
Потым абедалі ў лагернай сталоўцы, елі гарачы флоцкі боршч, рысавую кашу з качкай, пілі кампот. Гарачыня, гасцінна вялізныя порцыі. Я прасіўся ў дзяжурнага, што не з'ем, і ён — «любімец усяго лагера», маленькі, рабенькі Фімка ў белым фартушку — паблажліва, сур'ёзна паляпваў мяне па плячы i падбадзёрваў:
— Ешьте, ешьте, дядя, ничего!..
Здымаліся з дзецьмі.
І Фімка Месамед, пры ўсёй сваёй сур'ёзнасці, не пярэчыў, калі я, пад агульны смех адабрэння, узяў яго, гаспадара,— «Я перешел в четвертый класс» — на рукі.
Напярэдадні быў дождж. Чатырохгадовы Міхась налазіўся па макрэчы, а цяпер чаравічкі не лезуць на ногі. Ён падумаў i вырашыў:
— Пахудзелі.
Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю — так i зачэрпаеш лапцем гразі...
Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця i халоднае.
Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску, па палявой дарозе.
Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі. Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, a ў хаце былі сама ды малыя — кідалася ад стала да парога i, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам... Ды вось жыве, гаспадарыць. Толькі i радасці — дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. І вучацца ўжо абодва, i дружаць. Троxi, вядома, распусныя, трэба глядзець...
— Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,— кажа яна, не азіраючыся.— Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
— Што ж мы, сабакі — выскаляцца?— адказвае большы, Андрэй.
— Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі i загараюцца!..
Андрэеў хросны, дзядзька Maкар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой, Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валенках, аж ногi не гнуцца.
Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі ў яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
— Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?..
Читать дальше