Лысы выняў з кішэні падвойную костку пеўневай нагі, адцягнуў кавалак сырамяткі, прывязанай за гузік, пакланіўся і пытаецца:
— Можа вам што сыграць, пане Сцяпане?
— Ну, ну...
— Січас, пачакайце, настрою гармошку.
Сеўшы на камені каля плота, ён заіграў. Шморгаў, як смыкам, косткай па сырамятцы i, пераймаючы не скрыпку, a гармонік, галёкаў:
— Тува, тува, тува-ва!.. Тува, тува, тува-ва!..
Так паўтаралася бясконца. I на кожным «тува-ва» бледны твар Лысага аж крывіўся ад смакаты, як ад болю, аж вочы плюшчыліся, аж закідалася назад i весела пагойдвалася галава!..
З вуліцы, цераз брамку, прыбеглі Сыты i Худы. Адразу ж далучыліся да музыкі. Худы, рухавы i спрытны малец, Сашкаў аднагодак, махнуўся пa садзе, падняў канчар нейкай дошкі i камень, прысеў i пачаў барабаніць. А меншы, тоўсценькі карантыш Сыты, з нястачы хоць якога струманту, паўсаджваў адубелыя ручкі ў кішэні i, прысеўшы ад стараннасці, верашчаў з усёй сілы Лысаму ў тон. Тoe самае «тува-ва» — то басам, аж гарлякі надзімаліся, то падрываючы угару, ды так высока, тоненька, нібыта хочучы, каб ix пачуў увесь свет!..
Я ледзь не лажу ад рогату. Маці Худога i Сытага, Каваліха, выйшла з вёдрамі ла ваду, спынілася на вуліцы, слухае i смяецца. Тоўстая Марта таксама пачула музыку, выйшла на двор,
— Пайшоў дахаты, здыхоцце ты! Я скажу, нябось, бацьку!
А малыя — яшчэ мацней.
Крычала, крычала Марта, ды — глядзіце! — ужо і яна рагоча. Усперлася локцямі на нізкі плот і аж заходзіцца, ажно тоўстыя плечы ды тарбаватыя грудзі трасуцца,
— Божа мой, божачка! — кажа ледзь не праз слёзы.— і калі ў цябе будзе які-небудзь розум!..
...Ціхі, марозлівы вечар. Яшчэ зара не пагасла зусім, а зоркі ўжо відаць — адна, другая, трэцяя... «Дзяды» яшчэ не давараны — агні гараць пакуль што толькі ў вокнах кухняў.
Стаю на вуліцы, каля брамкі, маўчу. Кавалішын Толя, старэйшы брат Худога i Сытага, выйшаў трохі пазней, не заўважыў мяне i таксама стаіць — цераз вуліцу, перад сваім гародчыкам.
Ды вось направа ад мяне, каля суседавых варот, адліпла, запішчала завесамі, стукнула брамка i на сярэдзіну вуліцы выйшаў Лысы.
Стаў і свішча, няўмела яшчэ, па-малечы.
— На, Цюлік, на! — падмацаваў ён крыкам свіст.— На цю, на!..
— Навошта ён табе? — спытаўся Толя.
Сашка ладышоў да яго i прыцішана, па-дзелавому пачаў:
— Цюлік недзе прапаў. Ты толькі не кажы нікому, Анатоль, бо Марта будзе біцца. Яна сёння два пеўні зарэзала, нашага i Якубавых. Трэба Цюліку кішкі аддаць, каб было шыта-крыта! Дзяды, панімаеш?.. На, Цюлік, на!..
Усламінаю крык i таўстаморды смех над шэрымі штакетамі:
«Божа мой, божачка!,.»
I сам смяюся ціха.
Толькі з іншага.
Расказвае вясковая суседачка; пяць з палавінай гадоў i хустачка завязана «пад бараду».
— Мама паліла ў печы, i каб трошачкі, дык загарэлася б у нашым коміне. I мы вельмі спалохаліся. А таты не было. Ён самагонку гнаў. Тады ён прыносіць яе ў мяшку і кажа: «Давай зробім па чарцы. Дзякуй богу, што так абышлося». І мама таксама піла. А я не ўзяла ні грама.
Сямігадовы Шура:
— Хто табе, дзядзька, куртку чарнілам абліў?
Расказваю, як наша цётка, госця з далёкай вёскі, таўханула незнарок этажэрку і адтуль на куртку звалілася чарніліца.
— І цётка ваша тады адразу дахаты пай шла?
Гаспадыня крышыць капусту, а кватарантка-настаўніца сядзіць побач з малой дзяўчынкай на руках. Малая цягнецца да капусты.
— Раечка, не чапай!
— Ты ж ведаеш, мама, што малыя дзеці наогул любяць усё чапаць.
У доме адпачынку.
Шчаслівая пара корміць на людзях сына, здаравеннага дванаццацігадовага пестуна.
— Што ж ты, Вова? Гэта ж не дома. Можа, хоць каву будзеш піць?
Вова — басам:
— А яна натуральная?
Няньцы чатыры гады, меншай сястрычцы два. Госці ў бабулi на хутары, яны ідуць па садзе. Большая па прывычцы дае «нашай малой» чарговае настаўленне:
— Днём свеціць сонца, а вечарам лямпа...
Праз дзірку ў плоце вылазяць з саду на выган. Воддаль пасецца кабыла з жарабём. Туды няможна, a вельмі хочацца. І нянька гукае:
— Коська-а, ідзі сюды! I з рыжыбяткам! Толькі не задаўляйце нас...
Вясковыя піянеры вітаюць пісьменнікаў, што прыехалі выступаць. «Слова для прывітання» падрыхтаваў ім сам дырэктар. Стаіць сабе збоку і, па выгляду, не хвалюецца за выдатніц. Ды вось першая з ix, самая надзейная, памылілася:
— Дазвольце пажадаць вам гэты букет...
Тры наступныя паўтарылі за ёю — дакладна.
Дырэктар аж пачырванеў.
Чаго?
Пажылы артыст выступаў у школе.
Пакуль ён грымеў сваім падношаным ужо, рыпучым басам, сямі i васьмікласніцы хіхікалі з яго грымасаў. Пасля цікавалі праз дзверы, як ён за кулісамі частаваў сваю акампаньятарку цукеркамі з партфеля — «нібы з конскай торбы»,— а потым пераабуваўся з туфляў у валёнкі. I шкарпэткі яго былі абедзве з працёртымі пятамі...
Читать дальше