Светла-попельны колер хмар пад намі нагадвае то густы шарош на вадзе, то нядаўна астрыжаную аўчыну.
Зара разгараецца.
Стала ўтварацца вялізная ракавіна — з неба ўверсе i мармуровых хмар пад намі.
Сонца!
У падвясной калысцы прачнуўся чарнавокі французік і, з валасатай галоўкай на маміным плячы, паплыў па праходзе над галовамі пасажыраў. Чорныя вочкі ўсміхаюцца...
I хочацца на ўсіх мовах адразу сказаць яму:
— Добрай раніцы!
Навокал лісце i кветкі, а на руках у маладога бацькi — яго першая незабудка. Яна яшчэ ўсё маўчыць, відаць, ніяк не могучы пераступіць той парог, за якім, побач з разуменнем жыццёвых з'яў, будзе яшчэ i магчымасць падзяліцца з кім-небудзь першымі ўражаннямі і зародкамі думак. Яна маўчыць, наглядае ці проста глядзіць, час ад часу захоплена махае ручкай і вымаўляе нейкія дзіўныя, таямнічыя, смешныя падабенствы слоў. А потым, нібыта прагнаўшы ад сэрца шчаслівы, але цяжкаваты зарад уражанняў, зноў пачынае маўчаць...
Таму, што ў кожнай хвіліне нашага існавання бацьку хочацца бачыць няспынны рост яго дзяўчынкі, яму здаецца цяпер, што маўчанне і задуменны позірк яе — гэта першыя, ледзь бачныя адзнакі сталасці. I хлопцу чамусьці хочацца быць больш дзяціным, чым яна. Ён прысядае з ёю на руцэ i з роснай травы ў сасновай засені паднімае на сонца фарфорава-белую кветку рамонка. Ручка працягваецца да яе, i смешна маленькія пальчыкі заціскаюць у жменьку зялёнае каліва. Заціскаюць і — так жа пацешна! — падаюць кветку ў рот, на першы, таксама фарфоравы зуб. Што ж ты зробіш,— такі ўжо спосаб праверкі на трэцяй сотні пражытых дзён!..
I вось ізноў яму радасна ад думкі, што яна, яго наступніца, пачынае жыццё ад пачатку, што ён паможа ёй пачаць яго лепш, чым сам пачынаў.
Чырванашчокі, вочы блішчаць, рукі ўсе падрапаны да крыві. Шчасліва хваліцца бацьку, як забаўляўся з катом:
— Ён мяне лапкай, а я яго — люцькай!..
I столькі радасці, смеху!..
Ад новых непрыемнасцей па радыё, ад думак пра пагрозу новай вайны — сон быў цяжкі, кашмарны. Здаецца, я за горадам, у лесе. На Miнск упала атамная бомба, там ужо нікога няма, а мы тут толькі паслеплі. Таўкуся паміж дрэў, крычу. I гэта — горш за смерць!..
Прачнуўшыся, думаў пра сына: што я сказаў бы яму, калі б пачалася вайна, як растлумачыў бы ўсю яе страшную недарэчнасць?..
А потым ён абудзіўся, прыбег да мяне — доўгі, шчарбаты, цёпленькі — і ў перамежку паміж двума сваімі шчаслівымі снамі паведаміў:
— У Ірачкі паслязаўтра дзень нараджэння.
— Ты яе любіш?
— Ага.
— Мы ёй купім з табой шакаладку і ты занясеш?
— Ага.
Ірачцы, што гуляе з бабуляй на нашым двары,— два гады.
І ўсё гэта, вядома, вельмі важна.
Дзяўчынка так і пільнуе, калі той тата зноў будзе закурваць. Яна тады тушыць запалку. Пацешна і тое, як яна хукае, не могучы сагнаць з канца танюсенькай палачкі пушынку полымя i, яшчэ больш — яе ўпэўненасць, зусім сур'ёзная, у тым, што яна — памагае.
Уранні, як толькі ён, малады паэт,— калі з прыемнасцю, калі бязлітасна памыўшыся да пояса халоднай вадой,— заходзіў у свой рабочы пакойчык (яшчэ ўсё смешна было называць гэты куток кабінетам), адразу яго сустракала дачка. Партрэт на акне за пісьмовым сталом.
Падперла кулачкамі твар і зажурылася. Такія сур'ёзныя вочы. А губкі ўмеюць так пацешна надзімацца. Не злосна, ад клопату.
І подпіс пад фота: «Памагаю тату думаць».
У кіслым настроі ён нават фыркау: «Сентыментальнасць, бабскія штучкі...»
Часцей, аднак, вітаўся з «сааўтаркай», і працавалася весялей.
Хлопчыку пяць гадоў. «Як мужчына мужчыне» — бацька расказаў яму, што такое ў сапраўднасці Дзед Mapоз. I малы паверыў. Аднак, калі яму мама вярнула Дзеда — сказала, што тата пажартаваў, што Дзед прыходзіць, прыносіць пад ёлачку падарункі — хлопчык быў рады яшчэ больш.
Дзецям патрэбна казка. Яна не разбураецца сапраўднасцю.
На піянерскую ёлку хлопчыка ўзяла старэйшая сястра. Найбольш уразілі яго вялікі мішка i ліса, што разам з дзецьмі танцавалі вакол ёлкі. У перапынку ён убачыў, як ліса — зняўшы маску — піла ў буфеце піва. Спацелы дзядзя!.. Цягне з кухля, ажно лісіны хвост падрыгвае... A ўсё ж i пасля гэтага малы расказваў пра лісу — як яна з імі весела, пацешна вырабляла ў карагодзе!..
Гаварыў па міжгароднім тэлефоне з сынам.
У яго вялікі клопат. Заўтра трэба ехаць з мамай у грыбы, бо яго няма з кім пакінуць дома. I трэба вельмі раненька ўставаць... Голас — амаль праз слёзы.
А прычына, вядома, не ў гэтым. На суседні двор, месца іхніх баталій, прыйшоў экскаватар. І так жа добра глядзець, як ён капае канаву! Глядзець — не так сабе, не як-небудзь, а з даху гаража. Хоць мама i крычыць за гэта, хоць бацька — па тэлефоне цяпер — угаворвае быць асцярожным ды паслухмяным.
Читать дальше