Бабуля добрая. Яна кажа, што маці паглядзіць там малога i сама,— заплача, дык і з гарода можна пачуць. Нічога ёй, пані, не зробіцца, пакалыша.
— А дзе наш тата?
Ну дык і што, калі яна ўжо, Міла, ведае пра гэта?
— Пайшоў канюшыну касіць,— спакойна адказвае баба.
— Куды?
— Куды ж, туды — у поле.
Старая нават рукой паказала.
Далёка, мусіць, тое «туды»? Вунь аж дакуль трава, а потым поле, потым лес... Усё ў лёгенькай, зыбкай імгле, ажно лень пазіраць — не паднімаюцца вочы на сонца. А тут вось — кветкі!
— Бабка, я кветачак нарву?
— От калі хіба, нарві!
I пачалася Міліна сапраўдная малітва.
У мутнаватым блакіце звоняць, не сціхаюць жаўранкі. А нізам, па густой i глыбокай траве сігае цыбатымі, загарэлымі ножкамі бабіна Міла, збірае кветку да кветкі i моліцца песняй. Словы просяцца самі.
— Кве-та-чач-ка ма-я,
ха-ро-шань-ка-я!..—
дрыжыць над травою песня, трошкі падобная да звону жаўранкаў.
А потым — эх, матыль! Вялікі, жоўценькі, ён лятае з кветкі на кветку, садзіцца, зноў ляціць...
— Ма-ты-лё-ча-чак,
ха-ро-шань-кі!..—
дрыжыць песня ўдагон матылю.
Міла ўжо вунь як далёка ад бабы. А кветак у яе руцэ — усё больш ды больш.
Хлопчык гасцюе ў вёсцы, у дзядзькі-мастака. Бацька прыехаў адведаць малога. Вудзяць у рэчцы рыбу.
— Ну, як табе падабаецца дзядзька Іван? Што маўчыш? Добры ён, дзядзька, ці не?
— Дзядзька Іван бывав на літару ф спачатку i на літару i ў канцы.
— Як гэта?
Пасля вялікай паўзы:
— Фсякі — i добры, i не.
Рыба не бярэцца.
— Эх,— уздыхае малы.— Надаела. Як тады, калі мяне дзядзька Іван пасадзіць i рысye.
А праз тры месяцы, ужо як першакласнік, ён прыходзіць дахаты i радасна паведамляе бацьку:
— Буду хадзіць у палац піянераў вучыцца рысаваць. Нарысую тады дзядзю Івана!
Смяецца — рад, што адпомсціць.
У хаце вечарынка. Хлопчыкам — па шэсць, па сем гадоў — дазволена любавацца з печы. Наглядзеліся, насмяяліся, i пацягнула на філасофію. Гавораць пра ікону «нараджэнне Хрыста».
— А, думаеш, было гэта?
— Было!
— Ты ведаеш!..— з пагардаю да меншага.
Той, раззадораны:
— Майго бацькі дзедаў дзядзька быў там i сам бачыў!..
Ён пакрыўдзіў яе, сваю дзяўчынку, i горка думаў, што цяпер трэба будзе знайсці нейкі ход, каб памірыцца.
А яна паплакала трохі і ўвечар, вяртаючыся са школы, купіла там, у школьным кіёску, два аркушы зялёнай паперы. На ягоны i свой пісьмовыя сталы. Чыстай, зялёнай, як маладзенькая рунь.
Што гэта, ад чаго — ад думак яе, васьмігадовага чалавека, ці проста пачуццё, любоў?..
Зіначка ледзь не трапіла пад машыну. Чула сігнал з-за павароткі, але ж ніяк не спыніла веласіпед. Ездзіць яна яшчэ не на сядле, а «ногу пад раму», i так не вельмі зручна тармазіць.
Шафер разгубіўся. Ірвануў улева, зламаў плот і паехаў у бульбу. Ужо i спыніцца не мог,— сябар, што побач сядзеў у кабіне, націснуў на тормаз...
Бываюць цуды! — i дзяўчынка жывая, кудысьці ўцякла, і веласіпед цэлы, i машына — потым убачылі — цэлая. Плот паставілі — проста ў момант. І плакаць хацелася дзядзьку-шафёру, а ён усміхаўся...
Толькі 3іначку не адразу знайшлі. Дый не знайшлі б — сама яна прыйшла аж з трэцяга гарода. Калі ўжо i тая машына даўно паехала, калі ўжо i баба крычала, крычала ды сціхла. Баялася, распусніца, што баба будзе біцца. За тое самае, што «лётае на гэтым лісапедзе, як шалёнае».
Зіначка есць малако з хлебам і ўжо расказвае:
— А я, бабка, у Сымонавай бульбе ляжу i ножкі свае гладжу, а яны ўсё дрыжаць!.. А яны ўсё дрыжаць!..
Жнівеньская раніца.
У рэдкім лесе — заліты сонцам папаратнік.
Пад адным такім парасонам хітра схаваўся вялікі падасінавік.
Дзяўчынка хадзіла, хадзіла па лесе i надарэмна толькі стамілася. Прылегла адпачыць, пасля расплюшчыла вочы — ён!.. Прыгожы, любы, як казачны прынц!..
Гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Надвор'е сёння яснае, здаровае. Сад падасланы жоўтым лісцем. На клёне яго ўжо амаль што няма, а бяроза яшчэ усё калыша ад ветрыку доўгімі залацістымі косамі.
Я абкопваў яблыні, ціха мармычучы ў добрым настроі...
А потым да мяне — вядома ж, цераз плот — прыйшоў cyceд. Худзенькі, абадраны Сашка, з рэдкімі, светлымі валасамі, з-за якіх яго i празвалі Лысым.
У Сашкі нямоглы бацька i тоўстая сястра, гультайка Марта. Маці памерла — як на памяць шасцігадовага хлопчыка — вельмі даўно.
Сёння Лысы таксама ў добрым настроі. Можа таму, што ўвечары «дзяды» — поліўка з пеўнем, капуста, яечня, аладкі... Дванаццаць страў! I ўсё трэба есці — ад «кануны», накрышанай булкі ў салодкай вадзе, да густой пансаковай кашы, якая ставіцца на стол дванаццатай. Хоць лыжку адну, а вазьмі. Спрадвечны звычай памінак, «дзядоў», на ядзе ўжо толькі і трымаецца. Хіба што бабка якая ў каго i памоліцца за душачкі ўмарлыя, а так — садзяцца людзі і сапуць над місамі — за ўсё недаяданне — у дванаццаць столак!.. Ну дык як тут i Сашку не цешыцца?..
Читать дальше