...На ціхай вадзе рэк і рэчак, над як імі сям-там грукочуць бяссонныя млыны,— раскашуюцца сытыя, міла-стракатыя свойскія качкі, водзячы па люстранай паверхні вады, нібы накрэсленыя цыркулем, кругі.
...Ад Немана да Кромані — пяскі, па якіх вельмі цяжка каціць наўючаны веласіпед. Лясная глухмень i раптам — «модрае вока» ў сасновым кальцы!.. Асабліва хораша выглядае светла-зялёная падцянёўка сітняка — паміж цёмнай сцяною лесу i агромністай шыбай вады. Дно Кромані светла-карычневае. Пройдзеш — доўга відаць вялізныя сляды і падымаюцца наверх бурбалкі. Многа ракаў, якіх мы лавілі «сакаўкай», а пасля оптам пяклі ў прыску вогнішча. Безліч малявак, асабліва відных на захадзе сонца. Шчупакі і акуні палююць зусім нахабна, глытагачы плотак ледзь не ў паветры. А куні — гарбылі. Добра выглядае такі, узброены пілой калючак, прыгажун, наструнены на спінінгавай жылцы! Вельмі прыемна адчуць яго першы рывок i супраціўленне, як доказ, што ў сіняй бездані — не пуста. У завадзях, адгароджаных ад берагу сітняком, раскашуюцца — тут ужо дзікія — качкі, мноства качак i ўсе без горкага вопыту,— лодку яны падпускаюць бліжэй, чым на стрэл. Добра слухаць ix гоман i фуркатанне крылляў пры ўзлётах. I тут матылі залятаюць на самую сярэдзіну возера. А паверхня вады, замест свіцязянскага ліпавага цвету, пацярушана сівым пылком насення сітнякоў.
Пішу раненька, у буйным, росным садзе, на лаўцы каля пагрэбніка.
Адгэтуль, са старога саду з пакрыўленымі яблынямі i магутнымі грушамі, відаць спрадвечнае — спелае жыта на неабсяжнай слуцкай раўніне і новае — капры калійнага камбіната. Удзень адтуль сюды даходзіць гул матораў, ноччу—музыка. У сад прыйшоў i стаў высокі слуп з пявучымі драгамі — зноў новае ў старым. Шпак высвіствае сабе на гэтым слупе, «смажыць сала», як на шпакоўні ці проста на голлі.
Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў, нарэшце, у цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці — хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска,
Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.
Садзіцца сонца — недзе за высачэзным трысцём.
Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных «чарапашках» i старчаках.
Рыбацкія «прыстані», сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага і цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; гyci і качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.
Мы прыпыніліся каля трысця — перадыхнуць перад новым, можа, бог дасць, шчадрэйшым заходам.
I вось на «прыстань» на супрацьлеглым, светлым беразе выйшла з вёдрамі маладая казачка.
Ёй гэта — проста работа: яна, высока падаткнуўшыся, палівае капусту.
А нам — як падарунак нейкі або цуд — засвяціла проці захаду раскошна сонечнымі, стройнымі нагамі.
Хмарная ноч. За акном шуміць мора. Быццам нехта бязмежна дужы хоча ўзабрацца на бераг, злізаць з абрыву наш дом. Ён, гэты нехта, не злосны,— у перакатах яго наступу чуваць хутчэй нейкая нават туга, да нуды аднастайная, шматгалосая жальба на лёс, што асудзіў вось так, для нейкай незразумелай мэты, шумець і шумець... Ласкавы, цёплы, пеністы шум. Калі ты дужы і сам, ён пагайдае цябе на хвалях. Калі ж ты слабы — лепш не лезь, як блазен, угрудкі да здаравеннага дзядзькі, бо ён цябе толькі патрэпле вялікай рукой за чупрыну — заплюе твае ногі жарствой, паваліць i выкаціць разам з галькай на бераг. Наваг скажа, здаецца: «Ну, ну!..» Так i гаворыць, так i чуваць у ягоным шуме панурая, нязлосная пагроза дарослага, які сумна заняты сваей невясёлай справай i не любіць, каб яму перашкаджалі.
Днём яно, мора, пяшчотна, сонечна бірузовае.
Горы — цёмна-зялёныя. Ідзеш па беразе, забудзешся, дзе ты, і вось —праз зеляніну дрэў у садзе — убачыш, здаецца, хмару. Дождж будзе, ці што?.. I раптам успомніш, што гэта — Каўказ!..
Снегавых не відаць. Да самай вяршыні зялёнай гары ўзбіраюцца дрэвы, якія адгэтуль, з марскога берагу, здаюцца кустамі.
Хмары над гэтай зелянінай, ці, лепш сказаць — на гэтай зеляніне, здаюцца дымам вялікix вогнішчаў, раскладзеных дзесьці ў гарах. Вогнішчы тыя доўга гараць, лена i безупынна падпускаючы адтуль на мора дым. Ды ён ніяк не хоча разлучацца з зелянінай гор...
Бязмежная паэзія, якую нашай лыжачкай не вычарпаць да дна.
Читать дальше