Ужо само пераапрананне ў сінія пiжамы і светла-жоўтыя непрамакальныя плашчы настроіла ўвесь наш турысцкі піпл [ 1 1 Піпл — людзі (англ.); тут — у значэнні — усю нашу турысцкую кампанію.
] на молада-вясёлы лад. Спусціліся ліфтам на блізу дзве сотні футаў i апынуліся на драўляных кручаных лесвічках ледзь не пад самымі вадаспадамі.
Спачатку толькі глядзіш ды слухаеш — здалёк, а потым яно пачынаецца!..
Вырваўшыся з-пад вадаспаднага душа, дабраўшыся па коўзкіх, заброснелых сходках да ліфта, адтуль — да вопраткі і блакнота — пішу:
Іду, сагнуўшыся пад гэтай небывалай навальніцай, вяду перад сабой і за сабой па сто вясёлак, і ў гэтым шуме вечна маладое радасці хочацца спяваць, смяяцца, пісаць выдатныя вершы!.. Божа мой,— i падумаць адно, што так адбываецца тут безупынна, заўсёды!..
Пачатак жніўня.
Зранку цярушыць дождж. На пожні — росная, дробненькая канюшына. Ад мэндляў — жытні пах. Дацвітае бульба. У градах яна, пасаджаная раней, пачынае жаўцець, смачна пахне. Каноплі — таксама. Сытыя галасы варон i перапёлак.
Усю ноч гула за вёскай малатарня. Цяпер ад калгаснага свірна пайшла на станцыю машына з новым жытам, прыкрытая брызентавым палотнішчам. I фурманкі, на якіх, нібыта ўкормленыя парсюкі, мяхі пад свежаю саломай.
У гародзе сінія вуллі хаваюцца ў ягадніку i кветках — знізу, a ў зеляніне голля, цяжкага ад яблыкаў,— зверху.
Маладая, сопкая бульба. Густое, з пограба, кіслае малако. Маласольныя aryрочкі. Процьма садавіны.
Апоўначы — ціхі месяц на ўсходзе.
Поўня.
Вецер будзе кудысьці гнаць аблокі, месяц — хавацца за соснамі, калі i мяне ўжо не будзе. I нехта іншы стане думаць-прадумаць, што так і суджана, мусіць, яму сумнявацца, горка тужыць і плакаць без слёз, i часта шукаць апоры, і горача любіць — жыццё, дабро, людзей, паэзію!..
Так думаецца ў полі за лясною вёсачкай, над Віллёй, дзе ў пятнаццатым годзе была передавая — кроў, туга i акопныя вошы... Акопы не зацерліся, хоць параслі сасоннікам.
Тут і пішу, стоячы на пясчанай дарозе, перад вячэрняй зарой, што яшчэ ўсё ніяк не патухне, пад гулам высока-высокага самалёта. Пішу ў паўцемры, наўздагад, каб не адкладаць і гэтых думак-пачуццяў, як многае, што я чамусьці ўсё адкладаю...
Да ўсходу сонца здавалася, што свет — гэты кавалачак зямлі, дзе стаіць наша вёска, наша поле i нашы могілкі — увесь накрыты шкляным матавым каўпаком. Потым сонца прабілася праз росную муць, заіграла на пазалочаных вершалінах клёнаў, ліп i бяроз, на гронках спелых рабін, прыгалубіла сумныя, ужо безгаловыя сланечнікі, ружовыя кветкі насеннага тытуню, жорсткія касачы кукурузы, апошнія кветкi ў гapодчыках i капусту на градах...
У галубятніках пад капяжамі прачнуліся ды ўстрапянуліся галубяняты. З цікаўнасцю i боязю пачалі глядзець на двор, тоўхаючыся ўперад мілымі галоўкамі.
Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, стракатыя, сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. За імі — гусі. Гэтыя не спяшаюцца. Пра штосьці дружна гамонячы, пайшлі памалу па абочынах ды па самой дарозе, разварушваючы асаджаны расою пыл.
Стары калека-кравец, што выгнаў ix ca двара, стаіць ды ўсміхаецца сам сабе, відаць, разумеючы іхнюю гутарку.
На ўскраінах неба, ужо ніяк не могучы засланіць далягляд, стаяць занавескі празрыстай смугі.
Якая раніца для засевак!.. Так i хочацца стаць на калені — з сявенькай, каля меха зярнят — у пухкай, цёплай раллі, што добра падышла, як падыходзіць удала расчынены i замешаны хлеб!..
На ўзбоччах яраў, на ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны, густа чарнее ажына, якую няма каму абіраць, па-дзіцячы міла вабяць вока ружовыя цацачкі — ягады брызгліны.
Палавіна верасня, a ў садзе яшчэ ўсё лена перасвістваюцца шпакі.
Яблыні выпростваюць замлелае пад яблыкамі голле, а яблыкі, на дзіва сёлета ўрадлівыя, ружовымі, духмянымі сонцамі кладуцца ў скрыні са свежай дранкі, на свежую жытнюю салому.
У раннім сонцы рабіна рдзіць цёмна-аранжавымі шышкамі церпкіх, аскомістых ягад. A ўвечары, калі на захадзе сонца сцяной устануць хмары,— палахліва шуміць магутны явар, пабліскваючы сівай падкладкай лісця.
Кастрычнік.
Пагодлівая раніца. Пахне марозікам. На ўсходзе — сінь, хмары фіялетавыя або шэрыя. I агнявая, распаленая чырвань сонца, якое ўзыходзіць.
Туманнае ранне на ўзлессі. Лес мяшаны. Гледзячы на жоўты вяршняк бярэзніку, здаецца, што гэта з-за туману ўзыходзіць сонца.
Сыры, халодны ранак. Рунь — хоць выціскай яе ад вільгаці. На ржышчы — прыхоплены марозікам асот, а на дарозе — адна пушыстая, апырсканая расой галоўка дзьмухаўца.
Читать дальше