— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок пад сябе i ў эмтээс,— хай думае палітаддзел...
Праз лета Палітаддзела знялі.
— За што ж вас, дзядзька Сцяпан? — пытаюся.
— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i накасілі.
— Ну, а навошта ж так?
— На прымер падняція духа.
Жніво. Будні дзень. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся старэнькі «Масквіч». Тры дачныя мужы, што прыехалі з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваёй кампаніяй — закурваюць, стоячы каля машыны.
Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолам, бабскі гвалт. Ужо хацелі кінуцца туды — як на пажар, ды тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны голас:
— Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..
Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск!..
Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.
Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе.
Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой «Масквіч» i зачыніцца...
І пачалося! Жанкі аблялілі машыну з усіх бакоў, сталi выманьваць пасажыраў выйсці.
— Тэмпературу пагляджу! — крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.
— Дабром просім — выходзь! — крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.
— Бабкі, ану — перакінем!— прыйшла нарэшце шчаслівая думка.
І бабкі сталі пераварочваць «Масквіч».
Магло б, вядома, i такое здарыцца: але ж яны ўляпіліся з усіх бакоў, галёкалі на ўвесь свет, а машына толькі прыпаднімалася, як жук, што лянуецца ўзлятаць...
І бабкі спакваля ашляхлі. Яшчэ пaстукалі кулакамі па шыбах, па кузаве — каб ты лопнуў! — «доктарка» зноў пагразіла ў акно:
— Ну, гады, ваша шчасце!
І вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам падалася па вуліцы далей.
Зноў адчынілася акно, і дзед, што палярэджваў дачнікаў, растлумачыў:
— Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася ў нядзелю замуж ідзе. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны могуць мужчынам рабіць, што хочуць. І порткі з вас, выбачайце, сцягнулі б, і крапівы туды напхалі б, і пяску насыпалі б!.. Абычай! Банда! Мужчыны, усе — хто куды!..
У гарадскім тэатры — вечар па запрашальных білетах. У першым радзе сядзіць вясковая бабуля, у валенках без галёшаў, у хустачцы «пад бараду». Сядзіць — не паварушыцца, не азірнецца,— хаця ж каб сыну сораму не нарабіць, ці што?.. Сядзіць і ў час дзеяння, i ў антракце, калі вялікапышны сын выходзіць з жонкай у фае.
Ды вось на трэцім перапынку бабка раптам чхнула, як мыш, і — божа мой! — спалохана азірнулася.
У лодцы на возеры трое. Спінінгіст-тэарэтык дакучліва павучае госця, як трэба лавіць. Тэорыю падмацоўвае прыкладамі. Найбольш, як водзіцца, з уласнай практыкі.
— Навешаў я раз добры такі кукан шчупачкоў i прычапіў за кармой. Дык што ты думаеш? Усе паўцякалі праз горла найбольшага...
Госць у тон яму дадае:
— А найбольшы, раней чым таксама ўцячы, крыкнуў: «Хадзяін, вазьміце вяровачку!» I тады ўжо нырнуў.
Бяззубы мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад,— смяецца ціхім, справядлівым рогатам.
Адзін сынок, дый той у горадзе. Летам старому бацьку яшчэ сяк-так — на сонцы пасядзіць, карову папасе. A зімой занясло двор снегам — роўна ca студняй. Рэдка хто зойдзе, сядзіш адзін, як воўк.
У кухні, дзе цяплей, на стале мармыча рэпрадуктар. Дзед ляжыць на печы і слухае. Перадаюць нейкую казачку для дзяцей. Разышліся ў тым радыё раптам сабакі брахаць, гусі гегаць, куры кудахкаць... Дзед ведае — гэта артысты. Рагоча да слёз:
— А каб на вас нечага, каб на вас!..
I ўсё цяплей на душы.
Рыбакі вярнуліся з начнога лову. Стомленыя, няголеныя, вялыя, яны чакаюць каля рыбгасаўскага магазіна; хутка павінны прывезці хлеб. Возьмуць i пойдуць дахаты, у недалёкую вёску.
У магазіне дачніцы купляюць капчоную сяляву. Спынілася праезджая легкавая машына. Яшчэ адна дама ўзяла. Пакаштавала:
— Ах, любата!.. Дайце яшчэ кілаграм.
І ўсміхнулася да рыбакоў, якія бліжэй за парогам:
— Гэта я мужу, ён у нас мяса не есць.
Малады, загарэлы рыбак, прыгажун,— нібы знаёмы з дамачкай, нібы нават бачыў таго яе мужа:
— А чаго ж ён у вас так i тоўсты?
— Ну што вы, таварыш, ён хворы.
— Цукровая хвароба,— спачувальна ўздыхае хлапчына.
Харошы і здаровы, грубаваты рогат.
Заслужаны чалавек прыехаў у родную вёску.
Спраўная, хітраватая маладзічка, пляменніца, просіць у яго за малодшага брата. Сяк-так закончыў вячэрнюю школу, валочыцца толькі.
Читать дальше