Цясніны з сухімі, камяністымі рэчышчамі. Горная дарога, абапал якой то бамбук, то гранатавыя дрэвы з чырвонымі i пругкімі, як з воску, кветкамі, то дубы i грабы, то кусты ажыны. Каменныя домікі на высокіх падмурках. Дзіўна маленькія вуллі. Ослік стаіць на ўзбоччы гары, ніяк не могучы прыдумаць, дзе б гэта напіцца... Карова звоніць бляшаным іржавым званном. Высвістваюць дразды. Козы пасуцца з мяшэчкамі на вымі, каб казляняты не ссалі ix без ведама гаспадынь. Стары абхазец, пастух у чувяках, падобных на скураныя лапці нашых пастухоў. Босыя хлапчукі ў цюбецейках. Загарэлыя, абавязкова вусатыя мужчыны волакам цягнуць на валах з гары тоўстыя, грымучыя бярвенні...
Радуле Сційенскі, паэт не толькі за рабочым сталом, расказвае мне пра сваю далёкую Чарнагорыю. Цікавы чалавек — з яго прыемна калечанай рускай мовай, з яго маладосцю ў шэсцьдзесят год, з разумным гумарам i веданнем гор.
Сардэчная паэзія далёкага маленства!.. Як ён, Радуле, калісьці прабіваў браню чарапашкам, звязваў ix, запрагаў у малую сошку i «аpay». Як яму пахне адтуль пастушыная яда — авечы сыр, ляпёшка i дзікі часнок...
Мы ідзём па камяністай, вузкай дарозе, апіраючыся на доўгія бамбукавыя посахі.
Далёка ўнізе — мора з каёмкай пены каля берагу.
Зялёныя вяршыні гор, абмочаныя знізу ў рэдзенькі студзень сівых воблакаў,— што раз бліжэй да нас, a ўсё ж — высока!..
— Добры дзень!— з натуральнай прыязнасцю вітае мой спадарожнік сустрэчную абхазскую бабулю. Засушаную, лёгкую, усю ў чорным. І зусім сур'ёзна пытаецца ў яе: — Скажыце, а ці далека яшчэ да Царграда?..
Ноччу была навальніца: гром над морам i стук дажджу па вялікіх лістах смакоўніцы.
Зранку хмары, яшчэ ўсё цёмныя, ішлі з мора на горы. Там, над вяршынямі, неба святлейшае, нават не-не ды пакажацца сонца. На захадзе — рэзка акрэсленая лінія марскога далягляду. На цёмнай вадзе — белыя баранчыкі, на цёмным небе — белыя чайкі.
Свежа, духмяна, прыгожа.
Апаўдні хадзілi ў горы.
У калючым ажынніку — чорныя, спелыя ягады. Назбіраеш жменю, глынеш — нібы глыток вясёлага віна. У засені магутных букаў, на вышыні шэсцьсот метраў, ляжаць сівыя, папярэшчаныя зялёным мохам камяні...
Добра закурыць над абрывам цясніны. І гутарыць «о временах грядущих...»
Добра гайдацца, учапіўшыся за пругкае голле бука.
Добра знайсці сцюдзёную крыніцу і прыкленчыць каля яе гаваркой вады.
Добра ўспомніць, што ўчора ты стаяў на носе імклівага кацера i — паміж ціхім морам ды спакойным небам — адчуваў сябе вольным, як чайка!..
За вялікімі шыбамі параходнага салона — сонца, амурскія хвалі i сопкі, якія і нам, навічкам, ужо здаюцца аднастайна экзатычнымі. Зблізку яны шэрыя сваёй камяністасцю і жыва — проста, здаецца, адчуваеш яе — парослыя зелянінай, вечнай i некранутай. Здалёк — чым далей, тым больш засмужаныя.
Зрэдку трапляюцца вёскі, каля якіх наш «Калінін» паволі, грунтоўна становіцца на якар i спускае шлюпку.
Ноччу гэта было цікава. Святло пражэктара паўзло па шэрым беразе, па шэрых, крытых драніцай хатах, па шумным натоўпе дарослых i дзяцей, што беглі да прычалу. Якая навіна!.. Ад парахода да парахода — вось i жывая сувязь са светам. У крузе пражэктарнага святла — усхваляваная чародка людзей; над імі — былінны, васняцоўскi месяц; Да ix ад борта парахода паузе поўная шлюпка. Звычайна, нудна, усюды адну i тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. З лодкі высядаюць мамы, таты, сёстры, браты i дзеці, што вярнуліся з далёкага Камсамольска, з гарадскімі пакупкамі...
А навокал — тайга. На многія сотні кіламетраў. Ужо не толькі ведаю гэта з чужых слоў, але ж i адчуваю...
Сумна тут жыць?
А што я думаў часамі ў родных мясцінах, праязджаючы каля самотнага хутарка? Вярнуцца з горада, ад вялікай культуры — у такую хатку?.. Нават у родную вёску, з яе непралазнай восеньскай гразёй, з адчайна сумнымі вечарамі?.. Гэта парой здавалася немагчымым, як немагчыма пеўню вярнуцца ў яйка. Аднак жа мне не толькi ў гады маладосці было там не сумна: i цяпер мне часта хочацца ўцячы туды, i ўцякаю,— каб палячыцца зямлёй, цішынёй...
Успамінаю пакінуты Камсамольск. Нуднаваты Бабруйск на вялізнай раўніне, паміж далёкімі сопкамі, на беразе ракі, шырынёй — не верыцца! — сем кіламетраў. Было сумнавата часамі, у пыльнай i суровай аднастайнасці, было б яшчэ сумней, каб не сустрэчы з людзьмі.
Добра было з чытачамі-студэнтамі ў адной з гарадскіх бібліятэк. Яшчэ цікавей — з рабочымі «Амурсталі». Каля ix вогненна-велічных мартэнаў, у Ленінскім кутку, за гасцінным сталом. У маладзёжных інтэрнатах неяк вельмі ж па-свойску лёгка было i расказваць пра Беларусь, пра нашу культуру, i чытаць сваё, калісьці, у адзіноце, народжанае натхнёным болем i шчасцем...
Читать дальше