Кажа, еду ў цягніку, пайшоў у тамбур папаліць. Там — дзяўчына. Паліць. Разгаварыліся. Я размаўляў выключна літаратурнай беларускай мовай. Яна крыху зь цяжкасьцю, але разумела. А пасьля запыталася:
— Ты что, с Волыни?
— Чаму?!
— Какой-то странный у тебя акцент.
Сапраўдная ўкраінская пыхва
Да “сьвядомых” украінцаў, а асабліва “западэнцаў” “східныкы” ведама як ставяцца: у лепшым выпадку ўважаюць за дзівака. Так і ў Днепрапятроўскім мэдынстытуце, дзе вучыўся мой сябра. Там на першым курсе анатомію вёў мясцовы “рухавец”.
Аднойчы здае экзамэн па анатоміі дзяўчына зь вёскі. Дзяўчыне трапіліся ЖАНОЧЫЯ (!) палавыя органы, а яна нічога ня ведае. На першым курсе і адразу двойку ставіць?.. Паўсюль студэнцікаў шкадуюць.
І вось, выкладчык“бээнэфавец” з вусамі аля Шаўчэнка кажа, маўляў, добра, пастаўлю вам тройку. Толькі адкажыце: як тое, што вы бачыце засьпіртаваным, завецца па-нашаму, па-народнаму, па-ўкраінску.
Дзяўчына вачыма луп-луп, то на засьпіртаваную вагіну, то на выкладчыка, то зноў на вагіну:
— Пы… Выкладчык:
— Ну, ну, правільна, пы…
— Пы?!.
— Пы…
— Ну — пызда.
Пра_абрэвіятуры скаротаў
Сто разоў сутыкаўся з сытуацыяй, калі трэба расейскую абрэвіятуру перакласьці на беларускую, і ясна, што рабіць пераклад ня варта, бо папросту не зразумеюць. Нават носьбіты беларускай мовы. Ну, напрыклад, система ПВО . Сыстэма ППА? СПА? Альбо ЖРЭО. Хто сходу расшыфруе? Жыльлёва-рамонтна-эксплюатацыйнае… аб’яднаньне? Абслугоўваньне? Ды хай сабе. ДРСУ ведаю, а ДРБУ — ня ведаю. Дакладней, бачыў які раз. А ДРСУ — пастаянна…
Аднак я пра тое, як білінгвізм, памножаны на прафэсійную хвалю, можа выбіць чалавека з раўнавагі. Вось знаёмая, якая працуе ў прыватнай фірме, распавяла, як рыхтавала да выданьня кніжку. Кажа, там верш быў пра тое, што, маўляў, кара не міне ні здраднікаў, ні прайдзісьветаў, ні юрліц…
— Божухна, думаю, ну, а нашу-то фірму за што?!
Гонар і гордасьць
Пасьля восьмай клясы ўлетку прыйшоў уладкоўвацца на раскопкі Сьвята-духаўскай царквы, падмурак якой захаваўся ў Верхнім горадзе. Кіраўнік афармляў мяне на працу, пытаўся толькі абавязковае: калі нарадзіўся, дзе вучуся, ці ёсьць мэдычная даведка і дазвол бацькоў? Пытаньні задаваліся па-беларуску. Гледзячы ў вочы гэтага чалавека, я на сэкунду здранцьвеў. Язык не павярнуўся прамовіць па-расейску. Я адказаў. Гэта былі мае першыя сьвядома прамоўленыя беларускія словы паза школьным урокам. Вочы належалі Зянону Пазьняку.
Францыск Скарына, Саюз пісьменьнікаў і зьдзіў Арлова
Ад 1986 году я выдумляў для Беларусі новы герб. Сярод іншага ў варыянтах прысутнічаў і зубар :-). Мне было вельмі крыўдна, што ва ўкраінцаў, літоўцаў ды іншых былі свае “буржуазна-нацыяналістычныя” сымбалі, а ў беларусаў не было. Калі ў 1988-м праз тры месяцы пасьля працы на раскопках у Верхнім горадзе я падыходзіў да Ўсходніх могілак, ня мог зразумець, што за сьцягі трымаюць у руках людзі…
Я пазнаў чалавека, які ачоліў людзей са сьцягамі. Да 1990-га я ўжо быў цалкам падкаваны.
Ад 1988 году ў школе мяне клікалі панам Квяткоўскім. Пры сустрэчы дырэктарка ў мяне гульліва пыталася: “Ну, калі, Квяткоўскі, ты ўжо дубінкай атрымаеш?” А з настаўнікам-гісторыкам мы паспрачаліся пра час, калі распадзецца Саюз. Я казаў, празь пяць гадоў, а ён — праз дваццаць (заставаўся год).
Да мяне ставіліся збольшага як да хвулігана-прыкольшчыка. І вось, у 1990-м адзначаюць пяцьсот гадоў Скарыну. У нас у школе ўрачыстая вечарына з тэатральнай пастаноўкай ды песьнямі. А на заканчэньне — выступ “беларускіх пісьменьнікаў”. Адмыслова запрасілі з СП. Урачыстасьць скончылася, а пісьменьнікаў няма — спазьняюцца. Заля чакае. Дырэктрыса з завучыхамі й вядушчымі пэдагогамі сядзяць сільна важныя… І раптам расчыняюцца дзьверы, і ўваходзяць пісьменьнікі!
Адзін у джынсах, скуранцы, з гітарай і зь бел-чырвона-белай стужкай на даўгіх сьветлых патлах. Сяржук Сокалаў-Воюш, значыць. Другі — у швэдры і з жарай барадой пад колер вачэй — Уладзімер Арлоў. Я гляджу на твары дырэктаркі з кумпаніяй і балдзею. І пачалося…
І “Фронт-фронт-фронт”, і “Прыляцела з крыламі сьвіньня”, і пра гераічных продкаў, якія ганялі маскалёў. Гэта было маё сьвята — пана Квяткоўскага. Апошні акорд: я папрасіў Арлова падпісаць “Дзень, калі ўпала страла” і ўбачыў вельмі зьдзіўленыя вочы. Я быў першы, хто зь менскіх школьнікаў зьвярнуўся да “беларускіх пісьменьнікаў” па-беларуску ў іхным турнэ па навучальных установах.
Читать дальше