— Вельмі перапрашаю, але… У адказ прыблізна наступнае:
— Калі зараз не адыдзеш, я табе рыла разаб’ю.
І вачыма шалёнымі зырк-зырк. Я адышоў. А Кася ўсьміхаецца. Пазьней кажа: “У момант, калі ты падышоў, Тодар прызнаваўся мне ў любові”. Праз шмат гадоў па маўклівых вітаньнях.
P. S. Пазьней мы з Тодарам пачалі ня толькі вітацца, але размаўляць за кавай у “Акварыюме”. А драматычнасьць моманту выявілася не такой значнай, бо прызнаньне ў любові было ў шырокім сэнсе.
Маленькі завочны ўтульны Менск
Вядомую асобу ў Менску сустрэць проста. Ды што там! З самім сабою завочна можна перасякнуцца! Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ў Менску былі прапісаныя каля мільёна васьміста тысячаў чалавек. Плюс некалькі сот тысячаў непрапісаных сталых жыхароў, а таксама колькі дзясяткаў тысячаў нелегалаў зь іншых (найперш постсавецкіх) краінаў. Але ці заўважна ў цэнтры, што ў Менску і ваколіцах жыве больш за два мільёны чалавек? Менск кампактны.
Неяк я зайшоў у офіс, дзе працаваў, зь вельмі задаволенай фізіяноміяй на твары, бо ведаў, што мяне чакае маленькае шоў: хутчэй за ўсё нямая, але выразная сцэна. У пакоі сядзелі Юля Ш. і Сьвета К. Яны засяроджана працавалі, і зь іхнага аблічча аніяк не вынікала, што спадарыні могуць калі-небудзь захоплена махаць рукамі, стоячы пасярод натоўпу, ды голасна пляткарыцьдыскутаваць. Я павітаўся фразай: “Лайдак, кажаце?”
Спадарыні на момант аслупянелі, пасьля зачырванеліся і разгублена захіхікалі. Яны спрабавалі штосьці адказаць, але ня ведалі, што канкрэтна… Яны не ўяўлялі, як рэагаваць, і глядзелі на мяне. Але паколькі гісторыя мяне ўразіла падобраму, я супакоіў: маўляў, усё ОК. І мы засталіся сябрамі.
А рэч у тым, што ў той дзень мне затэлефанавала веееельмі далёкая знаёмая, зь якой ня бачыліся мільён гадоў. Яна азадачыла мяне пытаньнем: “Севярын, а ў цябе прозьвішча Квяткоўскі?” “Так”. — “А што такое па-беларуску “лайдак”?” — “Лодыр, а што?” — “Ды разумееш, я ўчора іду па краме “На Нямізе”, стаяць дзьве дзяўчыны і вельмі захоплена штосьці абмяркоўваюць. Я хутка іх мінаю, але да мяне далятае фраза: “…і нават ТАКІ лайдак, як Квяткоўскі…”
Сіла мовы
“А хто гэта ў нас завёўся, па-беларуску гаворыць?” — “А ты ня ведаў? Гэта ж новы прыкол менскіх панкаў!”
Дыялёг, падслуханы на колішняй гіпанскай тусоўцы побач з крамай “Нэктар” на вуліцы Чырвонай у Менску на пачатку 1990-х. Гаворка ішла пра майго прыяцеля Андруся. Размаўляць са сваімі сябрамі-гіпі па-беларуску было для яго сапраўдным учынкам: нібы кідаўся на амбразуру расейшчыны. Але і Андрусь, і я, і нашыя сябры амаль фізычна адчувалі, як зьмяняецца стасус мовы з “калгаснага” на “элітарны”.
Мы, першакурсьнікі, лавілі сапраўдны кайф, калі абмяркоўвалі па-беларуску нашыя студэнцкія праблемы. Мову перасыпалі процьмай слэнгавых, а часам і табуяваных слоўцаў. Перад тым я бачыў жывых беларускамоўных людзей адно на сустрэчах зь пісьменьнікамі ды пару разоў у электрычцы Менск — Маладэчна. Цяпер я ведаю, што бачыў майстроўцаў, якія ехалі ладзіць ці то Гуканьне вясны, ці то Купальле. Я чуў мову зь вялікай літары, дзе не было месца мітусьлівым тэмам. Я чуў сакральную Мову.
Калі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гаварыць па-беларуску на вуліцы было ўчынкам, дык і цяпер маўленьне ў грамадзкім месцы для многіх ёсьць чынам. Аднойчы з прыяцелем сядзелі ў кавярні. Я зрабіў афіцыянтцы заўвагу — па-расейску. Прыяцель разьюшыўся: “Ты дома, калі ніхто ня бачыць, можаш гаварыць па-расейску. А гэтых… Гэтых трэба строіць па-беларуску”. (З чым я катэгарэчна не пагадзіўся, бо ўдома і ёсьць усё сапраўднае.) Той жа прыяцель спавядае правіла не казаць па-беларуску, калі ён знаходзіцца ў няёмкім становішчы: напрыклад, калі відавочна ня мае рацыі, кепска паголены ці зь перагарам з роту.
Мова ці словы мовы застаюцца ці робяцца для многіх сакральнымі. “Жыве Беларусь!”, “Незалежнасьць!”, “Ганьба!” — скандуюць расейскамоўныя ў жыцьці дэманстранты. Адзін малады калега неяк абурыўся: “Божухна, зь якім жахлівым расейскім акцэнтам гаворыць Барыс Хамайда, віцебскі апазыцыянэр!” “Дык што лепш, — пытаем, — па-расейску зь беларускім акцэнтам ці наадварот, па-беларуску з расейскім?” Для мяне адказ відавочны. Памятаю этыёпа Адэру з гістфаку БДУ, які вітаўся наступным чынам: “Добрі дзень, на якой мове сёньня размаўляемь, на белярускай ці рюскай?” Гэтага чалавека хацелася абняць, як брата.
Читать дальше