— У Югаславіі штодзень запускаюцца дзясяткі гэтых ракетаў. Кожная каштуе каля мільёна даляраў. Я ведаю, каму даць і як скарыстаць адзін мільён даляраў гэтак, каб незваротна паслабіць рэжым Лукашэнкі: гэта будзе перадусім ІНФАРМАЦЫЙНАЯ кампанія…
І зноўку паўза.
Заля ўздыхнула, а сэкундаў празь дзесяць сёй-той з прысутных, дацяміўшы, як таленавіты прамоўца Пазьняк зманіпуляваў увагай стомленай і інэртнай аўдыторыі, пачаў сьмяяцца. Паступова засьмяяліся ўсе…
Славутыя землякі-5. Севярынец і звычайны заказ
Знаёмы актывіст дэмруху распавёў, як Павал Севярынец заказваў аркестар, каб сустрэць чарговага важнага сядзельца з Акрэсьціна. Дзе ўзяць аркестар? Самы просты шлях — затэлефанаваць у пахавальнае бюро. Павал затэлефанаваў у некалькі. І паўсюль навёў жах на супрацоўнікаў:
— Добры дзень, я б хацеў заказаць аркестар.
— Калі ласка, на калі?
— Празь дзесяць дзён у 15.30.
— Як, вы ЎЖО ведаеце час?!!
Славутыя землякі-6. Ракіцкі й адшуканая Атлянтыда
Таэтразнаўца Вячаслаў Ракіцкі нарадзіўся ў мястэчу Празарокі на Глыбоччыне. Там жа нарадзіўся айцец-заснавальнік сучаснага беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, толькі крыху раней, калі яшчэ не было радыё “Свабода”.
Спадар Ракіцкі ўжо які год запар вядзе на радыё праграму “Беларуская Атлянтыда”: пра малавядомыя ды занядбаныя здабыткі беларускай культуры. Штораз па вяртаньні на сваю малую радзіму Вячаслаў ідзе адведаць помнік свайму вялікаму земляку, безь якога не было б ні белтэатру, ні Ракіцкага ў якасьці белтэатразнаўцы.
Што можна знайсьці ля помніка Буйніцкаму? Пэўна, можна знайсьці адказ на якое-небудзь важнае пытаньне. Напрыклад, пра лёс бацькаўшчыны, пра вытокі беларускай культуры… І Вячаслаў такі знайшоў — сапраўдную Беларускую Атлянтыду. Вячаслаў стаяў над магілай і рагатаў. То паглядаючы на недабудаваны музэй Ігнату Буйніцкаму, то на пустую пляшку зпад чарнілаў “Атлянтыда” вырабу КУУП “Полоцкий винзавод”.
А неўзабаве Віцебская пракуратура паведаміла, што ў “Атлянтыдзе” знойдзеныя “іншародныя целы ў выглядзе ворсу, плёнкі і казюрак”…
Неба нам шле сыгналы.
Славутыя землякі-7. Алесь Камоцкі і танцы
У сярэдзіне 1980-х пасьля затрыманьня групы моладзі, якая ладзіла пад Менскам Купальле, афіцэр КДБ запытаўся ў барда Алеся Камоцкага пра Касю Камоцкую: “Вы ведаеце, што ваша жонка сьпявае нацыяналістычныя песьні?” “Так, — адказаў Камоцкі. — А яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы”.
Славутыя землякі-8. Слава Корань і няп’юшчае купэ
Вяртаемся з канцэрту ў цягніку Гомель — Менск: “Новае Неба”, “Ulis”ія— адміністратар. Занялі два купэ, адно для п’юшчых, другое — для няп’юшчых, там едзе “Ulis”. Празь некалькі хвілінаў у няп’юшчым застаецца адзін Слава Корань.
Адкаркоўваем чарговую бутэльку і бачым, як Слава пачынае гойдацца-хістацца ў калідоры, то да нашага купэ падыдзе, то да свайго…
— Слава, вып’еш з намі? Адмоўна круціць галавой. Дапіваем пляшку, адкаркоўваем наступную, а Слава ўсё боўтаецца ў калідоры: то да нас зазірне, то ў пустое няп’юшчае: кантралюе, ці ня ўперлі гітару. Сёмы раз прапаноўваем:
— Слава, вып’еш? Даўгая паўза.
Твар зморшчваецца, нібы Слава падымае штангу:
— Ладна… толькі гэта… ну… налівайце… Паўза.
— …Але павольна-павольна.
Славутыя землякі-9. Сыс і сапраўдная смага
Сыс быў чалавек жарсны. І ў паэзіі, і ў звычайным жыцьці. Як для кожнага вялікага чалавека, для Сыса не было “вышэйшага” й “ніжэйшага”. Усё-ўсё — кожная драбностка рэчаіснасьці — важнае й споўненае глыбокага сэнсу. Распавядаюць, як аднойчы пасьля сур’ёзнага party ў Сысовай кватэры прачнуўся літаратар Мікола. Мікола прыўзьняў цяжкую галаву і прагна пацягнуўся да вады. Раптам кватэру здрыгануў поўны драматызму крык гаспадара:
— Стой! Што ты робіш!
— ???
— ПАБЕРАЖЫ СМАГУ ДЛЯ ПІВА!
Землякі-дзеці
Гісторыя ад Валодзі С. прыгадалася, калі аднойчы супалі міжнародныя Дзень дзіцёнка і Дзень барацьбы з паленьнем.
Ідзе Валодзя ўвечары праз свой двор, паліць цыгарэтку. Раптам зь цемры з боку лаваў голас: “Дзядзька, закурыць ня будзе?”
Глядзіць, сядзяць хлопцы гадоў дзесяці-адзінаццаці:
— Ай-яй-яй!.. Нельга дзецям паліць!.. Кароткая паўза. Адказ:
— А мы ня дзеці.
— ?!
— МЫ КАРЛІКІ.
Пра сябе
Рэгіструю сына Дамініка ў ЗАГСе Ленінскага раёну Менску. Падрыхтаваўся да пытаньняў, маўляў, што за імя такое? Супрацоўніца да калегі: “Пісьмовую заяву браць будзем?” “Не. Сёлета ўжо быў адзін Дамінік. Нават Адам-Дамінік”. Я цікаўлюся: “А якое самае рэдкае імя вы сустракалі ў сваёй практыцы?” “Вашае”.
Читать дальше