—Кожны чалавек мае права на жанчыну, ну, так?
P. S. Да гонару БХК, яны ня кінулі дзядзьку ў бядзе. Паспрыялі, каб міліцыянты не адпраўлялі яго ў псых-дыспансэр “Навінкі”.
Рабі сябе сам!
У менскім мэтро аднойчы едзе, нікога не чапае, чалавек, які размаўляе сам з сабою безь перапынку. Ажно заходзіць у вагон мужык зь вялікай чорнай барадой (не Арлоў, з большай барадой). Вар’ят умомант змаўкае і пачынае сьвідраваць мужыка вачыма. Глядзіць, глядзіць і раптам на ўвесь вагон:
— Міклуха-Маклай! Міклуха-Маклай! І падскоквае да мужыка:
—Хочаш быць Міклухам-Маклаем? Будзь ім!
Цімоша і габрэйскае пытаньне
— Скажіце, і как Цімоша?
Мы дапамагаем Касі рабіць рамонт у новай кватэры і чуем адказ на пытаньне амаль кожны дзень. Восень 1995 году, Кася набыла вялікую кватэру ў старым доме ля пляцу Калініна. Набыла ў габрэйскай пары пэнсійнага веку з прозьвішчам Карасі. Старыя вельмі не хацелі зьяжджаць у Нямеччыну, але дзеці настаялі. Кася набыла кватэру разам з… катом. Кот быў малады, невялікі, хударлявы, па мянушцы Цімоша. “Добра, што ня Ваня”, — жартавалі мы. Спадарыня Карась плакала, калі разьвітвалася з жывёлкай, і ўзяла з Касі абяцаньне даглядаць-гадаваць Цімошу.
І вось, праз пару тыдняў па ўлазінах у новую кватэру пачаліся тэлефанаваньні. Не з Бэрліна, а з Масквы. Тэлефанавала сястра спадарыні Карась, старая кабета, якая апошні раз была ў Менску гадоў дваццаць таму. Натуральна, яна ніколі ня бачыла Цімошу, які жыў на сьвеце ня больш за год.
— Скажіце, і как Цімоша?
Кася ў чарговы раз распавядае, які файны Цімоша, як яму добра жывецца, як яго ўсе любяць і якімі выкшталцонымі рысамі вызначаецца ягоны характар. Са слухаўкі чуваць голас:
— Да, да, да, замечяцельный кот. І главное — кгупный такой!
Мацізямлянка
Гісторыя зь Litara.net, напісаная юзэрам ODA:
“Цёплым ліпеньскім днём іду на працу з канцавога прыпынку дваццатага аўтобуса міма Акадэміі навук. Маладая кабета інтэлігентнага выгляду з малым дзіцём шпацыруе да ўваходу ў Акадэмію навук.
— Ты хочешь пИсать? — раптам пытаецца маці ў дзіця. Тое матляе галавой у адказ.
— Жаль… — з уздыхам прамаўляе кабета. — Посмотри, какой газон шикарный!..”
Зямлянка-патрыётка
Тэлефаную ў ЖЭС:
— Дзісьпетчарская. Слушаю.
— Я б хацеў заказаць майстра на ўсталяваньне ўнітаза.
— Які ў вас?
— А якая розьніца?
— Мы ставім толькі керамінаўскія, — (“Керамін” — менскі завод.)
— У мяне польскі…
— Не паставім.
— Але што за бязглузьдзіцу вы гаворыце! Ці ж вы кіруецеся якімі інструкцыямі ці законамі?
— Не мішайце работаць.
Зямлянка-тружаніца
Ясна, дзісьпечарская цёця была пастаўленая на вочную стаўку з кіраўніцтвам ЖЭС. Невядома, ці яна выконвала “інструкцыі” таго самага начальства, ці кіравалася ўласным патрыятызмам альбо нянавісьцю да панскай Польшчы, але канфлікт быў зьліквідаваны за 28 сэкундаў перабываньня ў кабінэце галоўнай інжынэршы.
Наступны крок — набыць шлянг да ўнітаза. Кіруюся ў краму “Сантэхніка” на вуліцы Кашавога. Стаў чацьвертым у чаргу. Адна, дзьве, пяць, сем хвілінаў… Прадавачкі няма. Нарэшце касірка, што назірала за ростам чаргі, узьнялася са свайго трона і зьнікла за кулісамі. Праз паўхвіліны адтуль зьявілася ЯНА. Невялікага росту, хада — перавалачка, круглая, невызначальнага ўзросту, у пярсьнях і цэпачках, з благадушнай усьмешкай на твары, ЯНА закацілася за прылавак са словамі:
— Ох, ужо і памерці спакойна не дадуць! Прыхварэла трохі… Толькі прылегла, а тут ізноў…
Зямлянка-чысьцюля
Унітаз-такі паставілі. І рамонт у пакоях зрабілі. І паклікалі сяброў, каб адзначыць пераезд. І захацеў я купіць да стала салёных гуркоў. У нас побач магазын, завецца “Особый”. Яшчэ нядаўна быў і беларускамоўны варыянт назвы — “Асобы”. Задной з асоб, якія працуюць у магазыне, я пазнаёміўся за купляй гуркоў. Пытаю:
— Ці смачныя гуркі?
— Я іх не каштавала. Дык вунь жа ў суседнім аддзеле нашыя прадаюцца ў бочках.
— Нейкія яны вялікія…
— Дык парэжце, будуць маленькія.
“Дзіўнавата рэклямуе свой тавар цётка”, — падумаў я. А цётка працягнула:
— А гэтыя польскія. Не разумею, недазрэлыя саліць…
Я папрасіў:
— Узважце мне адзін самы маленькі, я пакаштую і вырашу, ці купляць.
Цётка залезла голай рукой, і выцягнула пальцамі гурок. Побач ляжалі спэцыяльныя шчыпцы. Абураюся:
— А што ж вы рукой цягаеце?!!
—Ой, ды я за дзень па тысячы разоў рукі мыю!
Читать дальше