Наведаўся да іх з Нясвіжа Люцыян Сымановіч, з якім Сыракомля некалі служыў разам у канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Паўспамінаўшы былое, нагаварыўшыся ўдосталь, даўні сябра папрасіў:
– Дружа мой Людвік! Прачытай мне, будзь ласка, хоць адзін верш з тваіх выдатных твораў.
Такой просьбы Уладыслаў не чакаў, таму запытальна паглядзеў на свайго сакратара – што параіць.
– “Вясковага лірніка” прачытайце, спадар Уладыслаў.
– Добра, але толькі ўрывачак…
Мая ліра для спеваў, з чарадзейскага дрэва!
Мяне пояць слязою!
Праз цябе маю сілу, калі ж лягу ў магілу,
Будзеш славай маёю.
Эй, шырока па свеце твой адгук разнясецца,
Мае словы памножыць.
Яны з краю да краю пойдуць аж да Дунаю
Ці да Кіева, можа...
Сыракомля замоўк, нахмурыўся:
– Вышэй за ўсё – умець падслухаць біццё сэрца народа, умець адкрыць іерогліфы легенд ключом уласнай шчаслівай інтуіцыі, умець узнавіць вобразы мінулага ў барвах і контурах...
– З “Хадыкі” што-небудзь, – падказвае сакратар.
– Добра…
Вясной дыхнула, пацяплела ў пушчы,
З гор у даліны ручаі спяшаюць,
Шарон і лёд на полі шумна трушчаць–
Нібыта мора стала на імшары.
Мне толькі не палепшала, васпане,
Мардуе роспач, голад цела сушыць,
А радасць зрэдку, як з-за хмары гляне,
Суцішыць сэрца, утаймуе душу.
Прачнуся часам, а паблізу рочаць,
Вада плюскоча, зяблікі цвіркочуць.
Пасля раптоўна я свядомасць трачу,
Ад думак глухну, свету зноў не бачу…
Паэт чытаў, а слухачы бачылі перад сабою песняра, які ходзіць ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара, круціць сваю ліру з дзівоснага і чароўнага дрэва, заклікае людзей да абуджэння, просіць прачнуцца, сціснуць у гневе кулакі… Не ўсе аднолькава адносяцца да дзіўнага, у срэб’і, лірніка – “адзін хваліць, другі – ганіць”, але ніхто не ведае, як плача і непакоіцца душа песняра і прарока. Суцешвае хіба адно – яго песня не памрэ разам з ім, яна, як чароўная птушка, вырваўшыся ў паднябессе, будзе лётаць над людзьмі, “з краю да краю, да самага Дунаю, да самага Кіева”. Верыць, што некалі прыйдуць людзі да яго на магілу, праспяваюць яго песні і прачытаюць радкі яго вершаў, скажуць скрушна: “Тут наш лірнік вясковы, памёр ён, граючы на ліры…”
Маўчыць, уражаны пачутым Люцыян, маўчыць і Вінцэсь, і ў соты раз думае пра сябе: “Ліра твая, пане Уладзіслаў, будзе гучэць стагоддзі… Якое шчасце, што я жыву побач з табой, назіраю, як з-пад тваго пяра выходзяць такія геніяльныя радкі…”
А аднойчы, доўга вагаючыся, Людвік сказаў свайму малодшаму сябру:
– Перазджаем мы, дружа, мяняем, так бы мовіць, месца жыхарства.
– Куды перазджаем?
– У Вільню, у сталіцу. Нам з табою там трэба быць, – там друкарні, там спрэчкі, там сустрэчы і новыя знаёмствы… Ты згодзен, спадар сакратар?
Вінцэсь моўчкі кіўнуў галавой.
Паліна, пачуўшы такую вестку ад мужа, не здзівілася. Не абрадвалася і не засмуцілася. З Залучам развітвацца не было шкада, бо тут іх напаткалі няшчасці і гора...
– Вінцэсь, ты на нейкі час заставайся тут, уладкуй, як след, гаспадарчыя клопаты, а потым прыедзеш да нас.
Перад ад’ездам Сыракомля зазірнуў да Яхны – жонкі арандатара карчмы, млына і парома. У яе сям’я Кандратовічаў захоўвала свае зберажэнні. Накапленняў амаль не было.
– Вой, чаго так пану Людвіку ўзгарэлася ехаць у тую Вільню, – паціскала плячыма жанчына, дастаючы з камода скураны вялізны кашалёк, які служыў сейфам і прыватным банкам. – Усюды жыццё аднакае, працаваць усюды трэба і жыць трэба…
– Праўду кажаш, шаноўная Яхна, жыць трэба ўсюды. Дзякуй табе, што была для нас харошым памочнікам і сябрам.
– Ды які з мяне памочнік, – адмахвалася яўрэйка, пачырванеўшы ад яго прыязных слоў. – Але мы добра з вамі ладзілі… Харошыя вы людзі, Людвік. Няхай вам Гасподзь даць шчасце на новым месцы.
Яхна разгарнула кашалёк, адлічыла Кандратовічу амаль семсот рублёў – увесь яго капітал Залуча, – уздыхнула:
– Не багата, але і гэта нейкія грошы…
Пакуль ён прыйшоў, Вінцэсь разам з Юльянам і Антосем Крэмкам з Беражна перанеслі ўсе рэчы на воз. Побач бегаў і быццам радаваўся ад’езду трохгадовы сын Уладзік. Убачыўшы бацьку, кінуўся насустрач.
– Тут мы, пане Людвік, сабралі табе на дарогу, – паклаў у воз вялізны мех Юльяна, – ад душы ўсё, з падзякаю… І грошыкаў трохі раздабылі, на рынку прадалі што-кольвечы заможныя сяляне…
Читать дальше