Анатоль Бароўскі
ТОМ ДРУГІ
аповесці і апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Анатоль Бароўскі, Том другі. Аповесці і апавяданні, — Гомель: Палесдрук, 2012.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
1.
– Тады скажыце, калі ласка, а вы самі ў той час дзе знаходзіліся, калі не сакрэт?
Позірк у следчага спакойны, у шэрых вачах – абыякавасць, падобная на стому. Было ўражанне, што ён і папытаўся нехаця, яму і не трэба быў адказ. Бо ён яго ведаў загадзя. Кожны раз, калі прамаўляў свае пытанні, правае брыво падскоквала ўверх, выгіналася дугой – і тут жа апускалася, прыкрывала вока зноў, – як усё роўна хавала затоены позірк.
– Ды які тут можа быць сакрэт – на другім аб’екце быў. Для бальніцы кацельню будуем…
– Мг… Панятна.
Следчаму гадоў за трыццаць. Голас ціхі, прыглушаны, спакойны. Ніжняя губа таўсматая, раз-пораз прыціскае верхнюю, што прыдае выгляд задумлівасці і аналізу пачутага; твар хударлявы, абветраны і таму здаваўся строгім і непрыступным…
– Такое яшчэ пытанне. А перад тым, як адлучыцца, вы вызначылі аб’ём работы кожнаму рабочаму брыгады?
– А як жа. Тое можа і брыгадзір пацвердзіць, – уздыхнуў Зубрыцкі, унутрана адчуўшы, што кола расследвання круціцца не ў тым кірунку, у якім бы яму жадалася – следчы спакваля падводзіць усю справу так, каб навесіць усю віну ў трагедыі толькі на яго аднаго.
– Ну, з ім яшчэ у нас будзе гаворка, мо і не адна, а цяпер мы пакуль толькі з вамі вядзем яе…
Зінчук – такое прозвішча следчага раённай пракуратуры – глядзеў у акно, аздобленае арнаментам з рабрыстай арматуры, пафарбаванай у блакітны колер, абдумваў, як коратка і змястоўна напісаць чарговы адказ. Потым, сабраўшыся з думкамі, хутка стукаў па клавішах югаслаўскай чырвонай машынкі, паўтараючы ўголас сказаныя перад гэтым Зубрыцкім словы, шыхтаваў аповед-прызнанне ў стройную і лагічную, без эмоцый і пачуццяў, лінію. Зноў пытанне – зноў адказ.
Пытанне. Адказ…
Зубрыцкі разумее, што на кароткія пытанні і адказваць трэба коратка, каб следчы не заблытаўся ў фактах, бо ў яго вунь колькі папак на стале – у кожнай таксама напісана і засведчана не адна трагедыя і гора, лёс і жыццёвая выбоіна невядомых яму людзей…
Потым Зінчук зноў доўгі час маўчыць, збіраецца з думкамі, выдыхае паветра, як здымае цяжар з душы, які распіраў яго, прыгнечваў, – і ў яго пасвятлеў, здаецца, твар. Зубрыцкі не ведае, што следчаму пракурор адпусціў мала дзён на заканчэнне гэтай крымінальнай справы, бо пракурор хоча перадаць справу ў суд перад сваім адпачынкам, бо ў яго на руках пуцёўка…
2.
– Прачытайце і падпішыце, – падаў следчы пратакол допыту. – Пасля слоў “мною прачытана, з маіх слоў усё запісана правільна…”
Васіль прабег позіркам па радках, адразу ўбачыў, што скажэнняў і адсябеціны не было. Следчы, мусіць, і не дамагаўся вырваць у яго паказанні, выгадныя для сябе, пераносіў словы прараба на паперу амаль слова ў слова. Узяў шарыкавую тонкую ручку і размашыста распісаўся пад надрукаваным тэкстам.
– Усё?
– На сёння – усё, Васіль Андрэевіч. А калі трэба будзе, то паклічам. Усяго вам добрага.
Зубрыцкі развітаўся, выйшаў у калідор, прычыніўшы за сабою дзверы – стрымліваў іх, каб скразняк, што пнуўся з акна, не бразнуў дзвярыма… Адышоў колькі крокаў ад дзвярэй Зінчука, потым ступіў у прыцемак, дзе слаба цадзілася ад вузкага, з вуліцы, акна святло, паглядзеў на людзей, што сядзелі на крэслах у чаканні выкліку, уздыхнуў, адчуў, што не хапала свежага паветра – і рашуча пакіраваў да выхаду, адзначаючы пра сябе, што на душы было гідка і трывожна: як быццам да плячэй яго прымацавалі бетонную пліту і сказалі-загадалі, каб ён цягаў яе на сабе штодня…
А пліта як прыстала да плячэй – і садраць ці адарваць яе было ўжо немагчыма.
Надоечы прысніўся яму дзіўны сон…
Сніўся Васілю вужык. Быццам трымаў яго у руках – халоднага і бяскроўнага, але такога блізкага і роднага, – і шэрая безабаронная паўзучая істота сагравала яго дзіцячую душу, як і тады, у тыя далёкія дні пяцьдзесят другога года.
Васілёк у сне пытаўся пра нешта ў вужыка, хацеў дазнацца пра нейкую праўду, каб пазбавіцца ад душэўнага болю, які не сунімаўся, разрастаўся і даходзіў, здавалася, да самага сэрца. І яму штосьці тлумачыў вужык – разяўляў рот і дрыготкім язычком-нітачкай дакранаўся да шчакі. Нешта ж гаварыў, а што – не чуваць, таму вужык сіліўся, натужваўся, аж выгінаўся, каб пачуў Васілёк яго словы і зразумеў… Нерваваўся нават, паводзіў сябе неспакойна, трывожна, гатовы быў крычаць, папярэджваючы яго пра нешта, а пра што канрэтна, хлапчук не разумеў, не ведаў, нават і не здагадваўся, – таму і не прадчуваў нічога…
Читать дальше