Моцны поціск рукі змацаваў іх не толькі дружбу, але і сумесныя дзеянні ў агульнай барацьбе.
Праехалі больш паловы дарогі. Сонца стаяла яшчэ высока.
Каваныя абады колаў, уядаючыся ў зямлю, кацілі брычку далей і далей, у будучыя дні, у будучыя вірлівыя падзеі.
3.
Герцэн і Агароў ушчыльную падступіліся да сваёй галоўнай задумы – канкрэтызацыі мэты задуманага імі тайнага таварыства. Згадзіліся разам, што іх праграмны дакумент будзе выглядаць пад назвай “Ідэалы”.
Больш нікога не далучалі да гэтай працы, але іх сябры ведалі, што яны рыхтуюць абяцаную прапанову – праграму згуртавання.
Самі ж стваральнікі яе кіраваліся тым, што праграма таварыства прадугледжвала поўную палітычную перабудову Расіі. А яна, перабудова, заключалася ў тым, што Расія павінна стаць канфедэрацыяй з цэнтральным урадам, які будзе несці поўную адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі. У адным з пунктаў указвалася канкрэтна – форма цэнтральнай улады – камітэт.
У сувязі з гэтым адмяняецца прыгоннае права. Усе сяляне надзяляюцца зямлёй, а памешчыкі атрымліваюць ад дзяржавы кампенсацыю за зямлю.
Канфедэрацыя мае на мэце – абшчыны, з якіх утвараюцца воласці, а яны ў сваю чаргу групуюцца ў саюзы, а яны ўжо і складаюць канфедэрацыю. Перад законам усе роўныя. Усе пасады толькі на выбарнай аснове. Структура тайнага таварыства трымалася на так называемых “апосталах”, дасканальна свядомых дзеячоў і тых, хто распараджаецца ўсім. Каля іх групуюцца “вучні” і “напалову асвядомленыя”. Пасля іх свой шэраг займаюць агенты…
У Расіі такі цэнтр фарміраваўся вакол “апосталаў дэмакратыі” Чарнышэўскага і Дабралюбава, а ў Лондане Герцэн і Агароў стваралі прапагандысцкі цэнтр.
Усе яны мелі агульную канчатковую мэту – палітычнае вызваленне Расіі ад самадзяржаўнага дэспатызму. Пераўтварэнне яе на дэмакратычных і сацыялістычных пачатках.
Але, да слова сказаць, не ўсё гладка і зладжана было пад час фарміравання гэтай структуры. Герцэн і Агароў разыходзіліся з Дабралюбавым і Чарнышэўскім у тактыцы, бо першыя лічылі, што дэмакратычныя і сацыялістычныя пераўтварэнні могуць быць здзейснены толькі мірным, рэфармісцкім шляхам, хаця ў той жа час не абвяргалі і рэвалюцыйныя сродкі барацьбы.
Вызваленне сялянаў лібералы чакалі “зверху”, катэгарычна “зверху”. На гэта Герцэн сцвярджаў: “Ці будзе тое вызваленне “зверху ці знізу” – мы будзем за яго.
Зразумела, што паняцце “знізу” азначала толькі адно – народную рэвалюцыю, і зразумела было і другое – Герцэн вызначаў сваё месца у гісторыі: ён на баку тых, хто змагаецца за свабоду і пераўтварэнні любым шляхам. Значыць, ён абраў сваю дарогу – ён будзе ў шэрагах паўстанцаў.
Звон “Колокола” далятаў да самых аддаленых куткоў Расіі. Аўтарытэт Герцэна дасягнуў сваёй вяршыні. Сотнямі і тысячамі ішлі пісьмы ў рэдакцыю выдання. Па матэрыялах “Колокола” распачыналіся крымінальныя справы, якія былі аддадзены забыццю, “Колоколом” пагражалі ўладам… Водгукаў на падзеі ў Расіі баяліся міністры і чыноўнікі ўсіх класаў.
Герцэнаўскае выданне чытала імператрыца Марыя Аляксандраўна. Нават сам імператар загадаў дастаўляць яму кожны экземпляр. І чытаў “Колокол” спакойна і безуважна да тае пары, калі не прачытаў аднойчы, што Герцэн заклікаў народ “к топору”.
Нечакана нарадзіўся царскі рэскрыпт генерал-губернатару Віленскай губерні Назімаву ад 20 лістапада 1857 года. У ім указвалася на неабходнасць тэрмінова прыступіць да падрыхтоўкі сялянскай рэформы. Герцэн амаль пляскаў у далоні. Але яго радасці і замілавання не падзяляў Агароў – ён проста не давяраў.
Ствараліся губернскія камітэты, стварыўся нават Галоўны камітэт. А калі былі ўтвораны яшчэ і рэдакцыйныя камісіі, то гэты факт умацаваў яшчэ больш у Герцэна наіўную веру ў прагрэсіўнага цара, яго шчырае жаданне даць рускаму селяніну сапраўдную волю. І тады, звяртаючыся да Аляксандра ІІ, кінуў радасную рэпліку: “Ты перамог, Галілеянін!”
А ўжо ў наступным годзе, летам, у “Звоне” з расчараваннем напіша: “Аляксандр ІІ не апраўдаў надзей і спадзяванняў…” Герцэн друкуе “пісьмы з правінцыі”. Невядомы аўтар піша ў свім лісце, патрабуе, “каб “Звон” клікаў не да малебна, а біў у набат. Да сякеры клічце Русь!”
У сакавіку 1861 года ва ўсіх цэрквах Расіі святары чыталі з амвонаў царскі маніфест аб вызваленні сялянаў ад прыгону. Працягвалася, здавалася б, рэалізацыя першапачатковай праграмы герцэнаўскага выдання, – вызваляюцца ад прыгнёту з зямлёй сяляне, прагучэла абяцанне правесці шырокія рэформы судоў, друку, свабоды слова, адменены указ на забарону дэманстрацый і мітынгаў…
Читать дальше