А яшчэ праз год… Дзесяткі тысячаў прыгонных, пакінуўшы свае прадымленыя и закураныя хаціны, цэлымі сем’ямі рынуліся ў разбураны вайною Крым. І зноў аднекуль з гнілога падзямелля вужакай папаўзла чутка: “Хто паселіцца ў Крыме – атрымае ад цара волю”. Чутка-плётка аказалася мацней за царскі ўказ.
Аляксандр ІІ мог ўспамінаць і ўспамінаць, як мітусіўся і злаваўся бацька, шукаючы выйсце. А яно не бачылася… Мінае год – паўстанне ў Магрэліі.
“Ну, чаму такія няўдзячныя сяляне? – здзіўляўся шчыра імператар, зноў падышоў да буфета – ужо іншага, што стаяў у прыцемкаватым кутку, наліў сабе салодкага пуншу. – Здавалася, усё ўжо зроблена для таго, каб улагодзіць іх. Радуйцеся, выказвайце падзякі цару, услаўляйце яго, з амвона ў касцёлах ды цэрквах узносьце “доўгія леты”, дык усё наадварот – зноў ім не так.
Яшчэ ў маніфесце 1856 года – з нагоды заключэння Парыжскага міру – было абвешчана: “Ды зацвердзіцца і ўдасканаліцца унутраны дабрабыт Расіі; праўда і міласць ды царствуюць у судах яе, ды развіваецца паўсюль і з новай сілай імкненне да асветы і ўсялякай карыснай дзейнасці, і кожны, пад покрывам закона, для ўсіх роўна справядлівых, усім роўна заступніцтва, ды няхай насалодзяцца мірна пладамі працы нявіннай…”
Хто кажа, што ён, імператар крыважэрны і злы? Нядобразычліўцы… Ці не ён знішчыў сумна вядомы “бутурлінскі камітэт” па цэнзуры? Хіба не ён вярнуў з ссылкі дзекабрыстаў, хто застаўся яшчэ жыць? І петрашоўцам прыйшлося дараваць, за мяжу дазволіў ім ездзіць… А тут прадстаўнікі ІІІ аддзялення даносяць, што няўдзячныя падданыя зграямі хлынулі у Лондан, к Іскандэру – Герцэну. А ён што? Яго “Колокол” быццам бы падмяняе царскую канцылярыю – ўзяўся разглядаць праекты “Палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з-пад прыгоннай залежнасці”.
Тады ж дробнапамесныя, даведаўшыся пра тыя праекты, адразу пачалі бунтаваць, за сякеры брацца, крычаць пачалі: “Ніякага вызвалення! Ніякіх надзелаў! Бо нам прыдзецца жабракаваць ісці па свеце!”
Ён, Аляксандр, прадбачыў такое, яшчэ ў 1856 годзе гаварыў на сходзе прадвадзіцелям маскоўскага дваранства, што лепей вызваліць іх зверху, чымся чакаць, калі яны самі, узяўшыся за вілы і косы, вызваляць сябе знізу. Не прыслухаліся, а дарэмна. Цяпер гэта стала яго галаўным болем. Ён і да гэтага адчуваў, што сялянскія масы сталі падобны на горшчык, у якім кіпіць варыва. Калі слабы агеньчык пад сподам, то кіпень можа трымацца доўга, а калі хто ў агонь кіне некалькі паленцаў, што з таго будзе? Вось і падкідвае нехта тыя паленцы…
Аляксандр ІІ ходзіць і ходзіць па пакоі, нячутна ступаючы на паліраваную да бляску падлогу. Зноў смакуе пунш. Ведае, што задужа ён прыкладваецца да яго, але толькі ён ратуе ад галаўнога болю і сцішвае гнятучы настрой. Бацька ўжо адышоў у іншы свет, яго ўжо нічога не непакоіць, а яму, спадкаемцу, трэба думу думаць, як абысці тыя непажаданыя няшчасці, які ўсплылі спакваля і нечакана…
А мо і не нечакана. Бо вунь нават сярод некаторай часткі дваранства балаболяць, што вызваленне сялянаў гэта толькі палова справы, трэба думаць ужо пра стварэнне новай, дэмакратычнай і справядлівай канстытуцыі. Во яно як павярнулася! Іх, бачце, ужо не задавальняюць праекты, якія склалі дваранскія губернскія камітэты, яны ўжо прызнаюць іх згубнымі і павярхоўнымі, што нават не адпавядаюць агульным запатрабаванням”. Дык няхай бы пра тое плявузгалі між сабою, выгаварыліся б і замоўклі, дык не, склалі “Адрас” на імя цара.
А ўзяць цвярскіх дэпутатаў дваранскага камітэту. Яны яшчэ і далей пайшлі. Падумаць толькі – патрабуюць папярэдняй рэформы судоў, адміністрацыі, цэнзуры. Дык гэта ж… Дык гэта ўжо самы што ні на ёсць сапраўдны закалат, непаслухмянасць, непадпарадкаванасць цару-бацюхну, якога паставіў на трон сам Бог!
Падумаў пра тое, што трэба неадкладна прымаць меры, і пры тым крутыя, жорсткія. Вось ён трошкі супакоіцца і дасць свой адказ не толькі грамадзе, а і сваім міністрам. Нават не маючы на ўвазе найвышэйшай уладаю ухвалены парадак сваіх дзеянняў, яны не павінны былі непакоіць яго імператарскую вялікасць сваім хадайніцтвам, да змянення гэтага парадку схільным, і… не мелі ніякага права падаваць падобную просьбу за агульным іх усіх подпісам…”
Дзверы зноў прачыніліся. Не асмельваючыся пераступаць парог, у праём глядзеў яго асабісты сакратар. Зразумела было, што ад яго, імператара, чакалі распараджэнняў з выпадку смерці аўгусцейшага…
– Іду, іду, – кіўнуў галавой Аляксандр ІІ, – праз хвіліну буду ў канцылярыі.
Читать дальше