Сярэдзіна дзевятнаццатага стагоддзя... Абуджаецца нацыянальная свядомасць ліцвінаў, палякаў, украінцаў, расейцаў... З’яўляюцца першыя ўкраінскія і ліцвінскія дэмакраты. Яны катэгарычна адхіляюць думку аб вяртанні польскага панавання, – толькі незалежнасць, толькі нацыянальны ўрад і нацыянальны ўклад жыцця.
“Чырвоныя” і “белыя” ў гэтым пытанні разышліся.
“Белыя” настойвалі на тым, каб далучыць Літву і Русь да Каралеўства Польскага.
“Чырвоныя” катэгарычна працівіліся гэтаму, настойвалі захаваць узаемаадносіны паміж Польшай, Ліцвініяй і Украінай на прынцыпах добраахвотнага саюза вольных і роўных народаў. Яны стараліся пераканаць і вылучыць галоўны прынцып мэтазгоднасці сумеснай барацьбы супраць царызму.
У канцы мая граф Лідзерс пад час адкрыцця паседжанняў Дзяржаўнай Рады аб’явіў, што ён атрымаў ад Гасудара Імператара тэлеграму, у якой абвешчана аб прызначэнні вялікага князя Канстанціна Мікалаевіча намеснікам Царства, а маркіз Велёпольскі прызначаецца начальнікам грамадзянскага кіравання.
Чырвоная партыя, незадаволеная новым парадкам, большасцю галасоў прымае рашэнне забіць вялікага князя. Даручаюць гэта сыну польскага памешчыка Ігнату Хмяленскаму і швачнаму падмайстру Радовічу, каб яны падабралі вопытных для гэтай акцыі людзей. Згадзіўся дваццацідвухгадовы юнак Людвік Ярашынскі. За князем сачылі з таго моманту, як ён наведаў праваслаўны сабор. А потым ужо, як выходзіў з тэатра, яго напаткаў стрэл. Але яго толькі злёгку параніла. Ярашынскага схапілі на месцы. А памагаты паспеў схавацца. Радовіч і Хмяленскі тэрмінова выехалі за мяжу…
Ярашынскага галосны суд прыгаварыў да павешання. Калі ж адбывалася павешанне, заходзіла сонца. Тыя хто стаяў супраць сонца, убачылі над галавой павешанага Людвіка вялізны німб, і людзі прызналі ў ім пакутніка, сталі на калені і пачалі маліцца…
Царскія ўлады адчувалі і ведалі, што людскі гнеў і незадаволенасць уступае ў новы перыяд, таму стараліся, як маглі, прытушыць той вулкан народнага бунту. Расейскі ўрад вымушаны быў пайсці на нейкія ўступкі. Таму і было адноўлена грамадзянскае праўленне-кіраванне ў Каралеўстве Польскім. А на чале Урадавай камісіі па пытаннях веравызнанняў і публічнай асветы, а пасля гэтага Камісіі юстыцыі, прызначаецца маркграф Аляксандр Велёпольскі.
Але гэты крок грамадства не ацаніла і не прыкмеціла.
Велёпольскі, адчуваючы настрой людзей, робіць рашучы крок – распускае так званую Гарадскую дэлегацыю і Сельскагаспадарчае таварыства. Але зноў жа – гэта не пахіснула перакананасць людзей, што з імі гуляюць як кот з мышкай.
На Замкавай плошчы сабраліся дэманстранты. Яны патрабуюць незалежнасці і самастойнасці.
Нечакана да плошчы насоўваюцца расейскія салдаты. Чуюцца стрэлы. Крыкі, воклічы, плач і галашэнне... Не разабраць, што творыцца. Не маглі паверыць, што салдаты страляюць ў людзей, якія не трымалі ў руках зброі...
Загінула больш як сто чалавек, столькі ж, калі не болей, было паранена...
Так царскія ўлады адгукнуліся на патрабаванні дэманстрантаў.
Так царскія ўлады прадэманстравалі свае лаяльныя адносіны да мірнага народа.
І ў кастрычніку 1862 года ў Царстве Польскім уводзіцца ваенны стан, а сам Велёпольскі падаў у адстаўку. Пачаў узмацняцца паліцэйскі тэрор. Кожнага падазронага арыштоўвалі, кожнага, хто меў нейкае дачыненне да дэманстрантаў ці незадаволеных, ссылалі ў Сібір...
Але незадаволенасць мацнее. Вырашылі перайсці на іншыя метады барацьбы. Набыў сілу канспіратыўны рух. Расейскія ўлады зноў прымяняюць тактыку ўступак – адмяняецца ваеннае становішча. Створаны цывільны ўрад, і Велёпольскі прызначаецца яго кіраўніком. Ён намагаецца аднавіць Канстытуцыю Каралеўства Польскага 1815 года, пераводзіць на польскую мову афіцыйныя ўстановы і школы, універсітэт у Варшаве, уводзіць для сялян чынш, ураўнівае ў правах іўдзеяў... Так, гэта прагрэсіўныя і смелыя пераўтварэнні, якія заслугоўваюць адабрэння і пахвалы, але... Рост грамадскіх хваляванняў і вольналюбівых настрояў не аціхае.
Выдаўцы “Колокола” на чале з Герцэнам друкуюць у нумары 147 за 1862 год зварот: “Сябры і браты! Усё было скіравана на тое, каб пераканаць рускіх афіцэраў, каб яны не падтрымлівалі свой урад, каб не здзейснілі свядома злачынства і не апусціліся да таго, каб стаць катамі народа, што даўно мінаваў час сляпога падпарадкавання бязглуздым і злачынным загадам, што нельга быць дысцыплінаваным там, дзе загады прымушаюць рабіць злачынствы супраць народа… Заклікалі рускіх афіцэраў не падымаць зброі супраць жыхароў Польшы, Літвы і Беларусі, што яны павінны паважаць правы гэтага народа на святасць задуманай справы вызвалення; сцвярджалі, што лепей ісці пад суд, у арэстанцкія роты, нават быць расстралянымі, паднятымі на штыкі, – але ні ў якім разе не падымаць зброі супраць людзей, якія змагаюцца за волю. Раілі з веданнем справы, як лепей арганізаваць у палках тайныя гурткі з мэтай змовы і рэвалюцыі, як арганізоўваць прапаганду паміж салдатамі, запэўнівалі пры гэтым, што калі афіцэры вырашаць кінуцца з рускімі і польскімі салдатамі ў Літву і Беларусь, то ім адгукнецца Волга і Дняпро, Дон і Урал…”
Читать дальше