– Ну дык і прыводзь. Прыводзь.
Герцэн не звярнуў увагу на яго словы, працягваў:
– Я яшчэ не паспеў разабрацца з учарашнімі фактамі злоўжыванняў, а ўжо сённяшнія навальваюцца з новай сілай – сёння раніцай пайшлі ад мяне відавочцы страшэнных і жахлівых эпізодаў у ваенных паселішчах.
Чарнышэўскі маўчаў, чакаў працягу.
– Разумееш, шаноўны дружа, яшчэ пры Аляксандры Першым у гэтай губерні пасялілася дванаццаць грэнадзёрскіх палкоў і дзве артылерыйскія брыгады. Ні ў якай другой губерні Расіі не размяшчалася такога буйнага пасялення ваенных. Так, вядома, што ўсе землі з тымі паселішчамі былі выключаны з юрысдыкцыі грамадзянскай адміністрацыі, але там і да сённяшняга дня існуе шпіцрутэншчына, нагайшчына, нізменасць, якая спрэс пранізала іх. Пра Аракчэева і пра факты злоўжывання ўладай на сённяшні час пісаць нельга. Пісаць – так, але не друкаваць. Для мяне народ не соннае возера, падснежных цячэнняў якога ніхто не ведаў. Мы ведаем пра ўсё. Дзяржава на заканчваецца на канцылярысце, прапаршчыку і недаростку з дваранаў, ніяк не… А ўсе астатнія для панства з адукаваных нават ужо не людзі, а матэрыял, рэвізскія душы, купленыя, усёміласцівыя пажалаваныя, прыпісаныя да фабрык. Эканамічныя, падатныя, але ніяк не прызнаныя чалавецтвам. З імі «господа» не мелі ніякіх стасункаў. А я меў з імі цесную і непарыўную сувязь, сутыкаўся штодзённа, і таму ненавіджу канцылярыстаў і глыбока спачуваю рэвізскім душам…
…Пасля Ноўгарадскіх падзеяў абурэння (бунту, закалоту) 1831 года прайшло дзесяць год. А ўжо ў 1858 годзе «Колокол» у сваіх трох нумарах друкуе мемуары інжынернага палкоўніка Мікалая Панаева, які стаў «часовым начальнікам абурэння».
Да слова сказаць, інжынерны палкоўнік, толькі адно ратуючы сваю скуру, а таксама і галовы сваіх калегаў-афіцэраў, падманам узначаліў той бунт ваенных пасяленцаў, а потым жа і здрадзіў ім. Але для Герцэна гэта не была навіна, больш падрабязней ён пра тое ведаў яшчэ ў 1841 годзе, калі знаходзіўся ў Ноўгарадзе.
Таму ў творы «Былое і думы» Герцэн расказвае пра гэта не са слоў відавочцаў, а згодна сваіх назіранняў. Ён прыводзіць некалькі эпізодаў ці фактаў, як памешчыкі злоўжывалі сваёй уладай, і прыходзілася колькі разоў самому аўтару ратаваць дваровых ад «дамашніх праследванняў». Ён мог сведчыць на любым судзе пра тыя жахі, якія адбываліся за зачыненымі дзвярыма паліцэйскіх засценкаў, у пярэдніх, на канюшнях…
І ў «Думах» ён як бы выступае прарокам будучыні, сцвярджаючы: «У пярэдніх і ў дзявочых, у вёсках і паліцэйскіх акалотках схаваны цэлыя мартыролагі страшэнных зладзействаў; успаміны пра іх блукаюць у душах, і пакаленнямі выспяваюць у крывавую, бязлітасную помсту, якую папярэдзіць лёгка, а супыніць наўрад ці магчыма будзе…»
22 чэрвеня 1853 года станкі Вольнай русскай друкарні запрацавалі на поўную магутнасць. Тады ж і была надрукаваная першая пракламацыя «Юр’еў дзень! Юр’еў дзень Рускаму дваранству!».
Вольная друкарня адразу ж падняла на пастамент часу самае галоўнае, самае балючае і занепакоенае пытанне Расіі – пытанне аб прыгонным праве.
І ў той жа дзень быў надрукаваны і другі лісток, не меней актуальны, і называўся ён «Палякі даруюць нам!»
Герцэн ухваляў саюз з палякамі супраць царызму.
А яшчэ раней убачыў святло лісток, які толькі адным сваім загалоўкам стаў пасля ў рускай літаратуры і публіцыстыцы намінальным. Называўся ён “Хрышчоная ўласнасць” – невялікі адрэзак аб прыгонным стане”…
Не раз ішлі размовы пра стварэнне «Тайнага таварыства». Але далей размоў справа не рухалася. І толькі ў 1857 годзе ідэя выспела і знайшла сваё ўвасабленне ў выглядзе «Запіскі пра тайнае таварыства», якое б выконвала ролю кіруючага органа хваляванняў і бунтаў, якія павінны перарасці ў закалат, паўстанне, рэвалюцыю… Увесь тэкст знаходзіўся пакуль што ў запісной кніжцы Агарова. Але тэкст меў праўкі, і іх налічвалася семнаццаць. Зрабіў іх Герцэн. «Запіска» па зразумелых прычынах не была надрукавана.
Агароў надаваў гэтаму дакументу вялікую ўвагу. Ён неаднаразова даводзіў:
– Гэтае таварыства карысна, магчыма і неабходна. Таварыства бачыць свае мэты ў пераабсталяванні сацыяльнага і палітычнага становішча краіны такім чынам, каб забяспечыць свабоду Асобе і яе раўнапраўнае размеркаванне ў грамадскім ладзе.
-– Старая, даўно зношаная ідэя прымірэння свабоды асобы з калектывам, – пярэчылі, але згаджаліся апаненты. – Але ці можа быць асоба ўнутрана свабоднаю?
Читать дальше