– Зразумелыя.
Размова працягвалася. Гродненскі камісар Каліноўскі асабіста кожнаму ставіў задачу. Растлумачваў незразумелыя пытанні. Калі іх не стала, падвёў рысу:
– Раз мы абгаварылі ўсе пытанні, якія тычыліся стварэння нашай канспіратыўнай арганізацыі, то ёсць прапанова прагаласаваць за яе зацвярджэнне. Хто за тое, каб лічыць нашую арганізацыю створанай, якая мае на мэце рэвалюцыйнае звяржэнне ўлады, адмену прыгоннага права, абвяшчэнне незалежнасці Літвы і Беларусі, прашу падняць рукі.
Прагаласавалі аднагалосна.
Толькі цяпер на твары Вікенціна з’явілася хаця і слабая, але ўсмешка:
– З першым пытаннем мы вырашылі, а цяпер другую частку даручым весці гаспадару. Бо даўно халоднай стала гарбата, а пячэнне, што так старанна пякла пані Хрысціна, так і некранутае на стале…
…Праз нейкі прамежак часу, па адным ці па двое, пакідалі канспіратыўную кватэру.
Апошнімі развіталіся з гаспадаром Заблоцкі, Урублеўскі і Каліноўскі.
Герцэн яшчэ з малых год любіў глядзець на начное, у зорках, неба. Таму нездарма тэмай сваёй кандыдацкай дысертацыі абраў “Аналітычныя выкладкі сонечнай сістэмы Каперніка”.
Куратарам яго дысертацыі згадзіўся быць прафесар Д. Перавошчыкаў.
Герцэн быў упэўнены ў тым, што за сваю працу атрымае залаты медаль. Але жыццё распарадзілася так, што яму дасталася другая срэбная медаль. Залатую, з агульнай згоды сяброў рады, рашылі ўручыць Аляксандру Драшусаву. Міколу Саціну дастаўся першы срэбны медаль.
Некалі пазней ён прызнае, што вучоная камісія зрабіла правільны выбар, але на той час яго гэта вельмі абурыла і пакрыўдзіла. Аляксандр Драшусаў стаў пазней вядомым астраномам, а Герцэн ніколі б не пайшоў па шляху вывучэння космаса, ён стаў прапагандаваць ідэалы гуманізму і рэвалюцыйных пераўтварэнняў.
Выпускны экзамен у Маскоўскім універсітэце адбыўся 22 чэрвеня 1833 года.
Але Аляксандр Іванавіч на ўручэнне ўзнагарод не прыйшоў. Ён не прывык быць другім, толькі першым.
Праз адзінаццаць месяцаў яго арыштавалі. За свае погляды, публіцыстычныя артыкулы, у якіх царскі ўлад убачыў крамолу…
Герцэна адправілі за краты – у Круціцкі манастыр, які заснаваў блізу 1272 года будучы першы князь, сын вядомага Аляксандра Неўскага – Данііл.
Па прадпісанні маскоўскага генерал-губернатара Д. Галіцына была створана следчая камісія, у якую ўвайшлі – маскоўскі обер-паліцместар Л. Цынскі, жандармскі палкоўнік І. Галіцын, жандарскі палкоўнік н, Шубінскі, обер-аўдзітар Н. Аранскі, старшы паліцмайстар Мікулін.
Так Герцэн пачаў асвойваць і другую вучобу – універсітэт зняволення.
За дзевяць месяцаў, што знаходзіўся за кратамі, прайшоў выдатную школу. На сабе спазнаў “ласку і мілату” царскіх слугаў.
А праз некалькі гадоў Герцэн пакіне Расію і перабярэцца за мяжу.
Запрацуе на ўсю магутнасць яго “Вольная друкарня”. Потым заззяе “Палярная зорка” (водгук кандыдацкай), а следам загучыць і “Колокол”.
Раней у яго было шмат сяброў і аднадумцаў, але калі зазвінеў з-за мяжы “Звон” і гул яго даляцеў да самых аддаленых куточкаў Расіі, то аднадумцы, якія паспелі ў хуткім часе стаць лібераламі памяркоўнай плыні, рэзка абвінавацяць Герцэна у тым, што ён не ведае Расіі, а таму і расейскага народа, не ведае, чым жыве той народ. Дадавалі ў сваіх лістах ужо абразлівае – ды дзе яму, багатаму барыну, ведаць мужыка? Дзе і пры якіх абставінах ён сутыкаўся з ім?
Сутыкаўся. У той жа Вятцы! Аляксандр Іванавіч распрацаваў падрабязную дакладную пра збор статыстычных звестак па губерням. І па меры таго, як паступалі тыя звесткі з месцаў і паветаў, у яго склалася праўдзівае уяўленне аб становішчы сялянаў нацыянальных меншасцяў, сялянскіх гаспадарках і паселішчах. Ён цікавіўся здавалася б рознымі дробязямі – як сяляне спраўляюцца з вядзеннем гаспадаркі, як праходзяць грашовыя хабары, як адносіцца памешчык да сваіх падданых… І другое ён не выпускаў з поля свайго зроку – як змагаюцца сяляне за свае правы, як даюць адпор на несправядлівасць з боку ўладаў, бо ў статыстычных ведамасцях гэты пункт быў замаскіраваны пад графу “Рабаванні”, “Намысныя падпалы”.
У “Дадатках” да сёмага нумару “Вяцкіх губернскіх ведамасцяў” за 1838 год быў надрукаваны артыкул “Рускія сяляне Вяцкай губерні”. Герцэн выступіў ананімна.
У Ноўгарадзе Аляксандр Іванавіч як службовая асоба сутыкнуўся яшчэ з большымі і пачварнымі праявамі прыгоннага быту.
– Мне былі падпарадкаваны падведамасныя справы, звязаныя са злоўжываннямі ўладай памешчыкаў, – дзяліўся Герцэн з Міколам Чарнышэўскім, калі яны сядзелі доўгімі вечарамі за кубкам гарбаты ў яго доме. – Яны навальваліся на мяне, як снежная глыба… Гэта быў такі вялізны матэрыял, што апрацаваць яго і прывесці ў норму, і жыцця не хапіла б…
Читать дальше