– Але ж рэформа 1861 года…
– Лухта, пан Ежы! Той жа селянін і прымусіў царскі ўрад і памешчыкаў пайсці на тое. Той жа Маркс пра тую рэформу сказаў як? Тое ўсё напамінала дзеянні чыноўніка, які збіраўся межаваць зямлю “у тое самае імгненне, калі падземны гул абвясціў ужо вулканічнае вывяржэнне, якому суджана было вырваць з-пад яго ног тую ж зямлю”.
– Трапна сказаў, нічога не скажаш.
– Як у сук уляпіў. Па той жа рэформе сяляне аб’яўляліся як быццам вольнымі, аднак жа галоўнай і адзінай крыніцай іх існавання з’яўляецца што? Так, так, яна, родненькая зямелька. Але яна па-ранейшаму заставалася ва ўласнасці памешчыкаў. Сяляне атрымалі ў карыстанне толькі маленечкія надзелы, якія аніяк пракарміць яго не маглі.
– Але ж ім дазвалялася выкупіць тыя надзелы.
– За які шыш яны маглі яе выкупіць? А каштаваў той кавалачак зямлі ой якія вялікія грошы. Ніводнаму селяніну не пад сілу было тое зрабіць. Яны, як і раней, павінны выконваць баршчыну і плаціць аброк. Так што рэформа прайшла, а селянін як быў прыгнечаным і бяспраўным, так і застаўся. Больш таго, падрыхтаваная і праведзеная памешчыкамі рэформа ўшчэнт абрабавала сялянаў Літвы… А хто ваш бліжэйшы сусед, пан Ежы?
– О, сусед у мяне цікавы чалавек! – усклікнуў Кучэўскі-Порай. – Вядомы ў нашых краях мастак – Антоній Залескі. Чулі пра такога?
– А як жа! Эрудыт, дэмакрат. Літва павінна ганарыцца такімі людзьмі.
– А мы і ганарымся, пан Еўстафій!
“Спытаць ці не пра тое, што мяне хвалюе? – падумаў Ежы, расшпільваючы сурдук, студзячы грудзі вечаровым ветрам. – Хаця сам жа прызнаваўся, што наведваў тайныя гурткі пад час вучобы…”
– Пан Ежы, а як вы праводзіце час у сваіх Корсаках? Займаецеся толькі гаспадаркай ці ўдзельнічаеце яшчэ і ў грамадскім жыцці? Корпацца ў зямлі, сеяць і жаць, гэта высокародна, але ж ад пастаяннага занятку гэтым можа стаць і сумна. Мяне Кораў уцягнуў у сваю арганізацыю, хаця я ў многім з ім і не пагаджаюся. Я за адукацыю сялянаў, я за тое, каб яны прачнуліся, прадралі вочы і паглядзелі на сябе збоку, якія яны бязвольныя і трывушчыя. А ён хоча разам з расіянамі адабраць у цара карону. Кораў не адзіны. І арганізацыя яго не адна. Ёсць і іншыя. А для вас, пан Ежы, што Кораў?..
– Кораў прыязджаў не так даўно да мяне ў вёску. Прывёз першы заклік варшаўскага камітэта руху і іншыя паўстанцкія пракламацыі. У іх я не знайшоў нічога пра тое, якія сумесныя дзеянні з расейцамі, якія ёсць таварыствы толькі з расейскіх афіцэраў. Раней ён казаў, што толькі адны афіцэры могуць уваходзіць у таварыства, а то гаворыць, што можна туды ўступаць і цывільным. Падставай для будучай канспіратыўнай працы лічыўся заклік варшаўскага Камітэта руху, які заклікае ўсе польскія і літоўскія правінцыі да ўсеагульнага паўстання. І цвёрда было паабяцана, што ўсё разлічана так, каб мець поспех і перамагчы…
Еўстафій злёгку нахмурыўся, прыкусіў верхнюю губу.
– Дай Бог, каб так яно і было, але ж… Згодзен, дэманстрацыі ў касцёлах і спяванне гімна “Божа, Які Польшу…” падымаюць настрой сярод людзей Вільні і на вёсцы. Але што дзіўна – сяляне не хочуць далучацца да гэтых дэманстрацый, думаючы і верачы ў тое, што гэта толькі праяўленне незадаволенасці паноў ліквідацыяй прыгоннага права і баршчыны. Расейскі ўрад падтрымлівае такую думку сялянаў, нават заахвочвае тое. Выдадзена распараджэнне, каб арыштоўвалі тых святароў і вернікаў, якія будуць спяваць у касцёлах забароненыя песні. А разам з тым выйшла прадпісанне аб выдачы паліцыі халоднай і агнястрэльнай зброі. Забівай і ні за што не адказвай! Забаронены ўсялякія зборышчы – з’езды і сходы ў прыватных дамах. Во як, браце Ежы!
– Я пацікавіўся яшчэ ў Корава, дзе і адкуль мы возьмем зброю для барацьбы. Якія і колькі людзей будзе ў нас, бо бачна, што сяляне з-пад ілба і коса глядзелі на тыя дзеянні, варожыя да ўрада. І шляхта не верыла ў паўстанне, лічыла яго гібельным, бо мела на мэце дабівацца мірным шляхам уступак ад урада. І ведаеце, што мне адказаў Кораў?
– Ведаю. Ён сказаў, што зброі ў нас будзе ў дастатковай колькасці. Запэўніў, што яе выдадуць самі рускія. А для барацьбы шмат людзей і не трэба, бо царскія войскі не будуць ваяваць супраць паўстанцаў. І што ён выдаў вам рэвальвер сістэмы Беккера. Паабяцаў выдаць яшчэ столькі, колькі вы далучыце да гэтай справы новых людзей…
Ежы здзіўлена паглядзеў на свайго спадарожніка:
– Адкуль вам тое вядома?
Замест адказу Еўстафій дастаў з-пад сядзення наган. Заўсміхаўся:
– Мы з вамі ў адным таварыстве… І нам даверана адказная справа. Няхай у ёй яшчэ шмат чаго недасканалага, але не гэта галоўнае… Нам неабходна шукаць людзей, гутарыць з імі, тлумачыць пазіцыю паўстання. І выпрацаваць сваю стратэгію і ход дзеянняў, але якія б не разыходзіліся з асноўнай лініяй рэвалюцыйнага камітэта. Згода?
Читать дальше