Ён яшчэ раз зірнуў за акно – на пляцоўцы перад вокнамі ўжо нікога не было.
* * *
– Еўстахій Чарноўскі, – схіліўшы ледзь прыкметна галаву, назваўся малады чалавек. – Скончыў курс навук ва ўніверсітэце. Цяпер жыву ў вёсцы.
– А я – Ежы Кучэўскі-Порай, – адказаў адстаўны афіцэр, – таксама ў вёсцы атабарыўся, служыў да гэтага ў войску.
Паціснулі адзін аднаму рукі, абрадаваўшыся, што так немусова і проста адбылося іх знаёмства. Еўстафій меў лёгкую паходку, гаваркі, і словы ліліся з яго, як светлая вада з крынічкі.
– Вы чым дабіраецеся да вёскі? – з цікавасцю паглядзеў на субяседніка Еўстафій.
– Яшчэ не ведаю. Прыбыў у Вільню з аказіяй, да сяброў завітаў.
– А я на брычцы прыехаў! Рады буду, калі вы згодзіцеся скласці мне кампанію. Я вас давязу да вашых Корсакаў, а потым далей рушу.
– Дык гэта ж вялізны крук. Толькі клопаты для вас лішнія…
Чарноўскі засмяяўся, злёгку дакрануўшыся да пляча свайго новага знаёмага:
– Ды з радасцю прыму на сябе такія клопаты… Засумаваў я па добрай размове.
Ежы паціснуў плячыма, прымаючы запрашэнне, прамовіў:
– Ну, калі так, то дзякую, пан Еўстафій!..
– Так, так, мілейшы мой, і не адмаўляйцеся больш.
– А калі можам выехаць?
– Ды хоць цяпер. Мой кучар у карчме сядзіць, мяне чакае.
Ежы паглядзеў на субяседніка:
– Мне б толькі да маці завітаць… Забраць у яе валізку. А потым я вольны.
– Цудоўна! І мне адлучыцца трэба. Тады план такі – праз дзве гадзіны мы сустракаемся ў карчме “Талер”. Згодны?
– Так.
Некалькі вузкіх вулачак, некалькі масткоў праз канавы, – і экіпаж выкаціў на тракт. Лёгкі вецер кудлаціў галовы, у небе заліваўся нястомны жаўрук. Вазніца маўчаў наперадзе, не адрываючы позірку ад дарогі, зрэдку махаючы пугай, падганяючы каня.
– Любата! – усклікнуў, азіраючыся вакол Еўстафій. – Люблю прыроду. Люблю вёску, люблю працаваць на зямлі. Яна і корміць, і поіць нас, і дае сілу – духоўную і фізічную…
– Так. Чалавек, адарваны ад зямлі, губляе самае дарагое і неабходнае.
Еўстафій зажмурыў вочы, задраў галаву, падстаўляючы вясноваму сонцу свой і без таго загарэлы твар.
“Нічога, здаецца, хлапец, – падумаў пра сябе Кучэўскі-Порай. – Узяў на сябе клопат давезці да Корсакаў, хаця гэта вялікае адхіленне ад яго дарогі… Мы, мусіць, пасябруем з ім. Цікава, ці належыць ён да якога-небудзь таварыства. Не можа быць, каб такі энергічны і разумны чалавек жыў сам па сабе…”
Брычка то нырала ў густыя зараслі і па твары шлёгалі галіны з клейкімі першымі лісткамі, то апускалася ў пясчаную лагчыну; часцей дарога пралягала праз чэзлыя палі, між агародаў з пахілеными платамі… Сустракаліся балоты, верасовыя ўзгоркі, урослыя ў зямлю шэрыя хаты вёсак; на выганах пасвіліся каровы, але яны былі такія худыя, быццам іх год не кармілі; па дарозе, перад уездам у вёску ці на раздарожжы, сустракаліся шэрыя крыжы, перавязаныя вышыванымі ручнікамі. То касцёл сустракаў іх, то царква. У даматканай тканіне людзі, схілялі галаву ў паклоне.
– Бедны край, жабрацкі і панылы! – уздыхнуў Еўстафій. – Літоўскі бедны край! І калі яму прыдзе мажлівасць падняцца з каленяў, каб стаць вольнымі і багатымі, нікому невядома.
Ежы прамаўчаў, не ведаючы, куды хіліць размову Чарноўскі.
– Я люблю Польшу, люблю Літву. І вельмі хачу, каб вось гэты народ, забіты і няшчасны, умеў пісаць і чытаць, цікавіўся музыкай і паэзіяй… Мне бачыцца ў будучым, што не будзе ні багатых, ні бедных, а ўсе будуць жыць у згодзе. А для гэтага ўжо сёння павінны аб’яднацца ўсе слаі нашага грамадства і ўключыцца ў агульную барацьбу за свабоду. З наступнага года я думаю адкрыць школу, у якой будуць вучыцца пісьменнасці дзеці сялянаў…
– Добрая справа…
– Шматвяковае панаванне прыгоннага права вынішчала сельскую гаспадарку. Амаль штогод няўраджаі. Ад гэтага жабрацтва селяніна, голад. У Піцеры я наведваў тайныя гурткі. Забіўся ў памяць успамін Мамбелі, які наведаў Літву: “І цяпер яшчэ ў мяне прабягае холад па жылах пры ўспамінах пра ўбачанае – кавалачак хлеба, які елі сяляне Віцебскай губерні: мука зусім не ўваходзіла ў яго склад, а толькі быў з мякіны, саломы і яшчэ нейкай травы…” А Маркс так пісаў пра Піншчыну: “Няма больш беднага становішча сялян у паляшуцкай частцы заходніх губерній…”
Ежы адзначыў пра сябе, што яго новы сябра ведае шмат, разбіраецца і ў аграрных пытаннях, і ў палітычных… Не асцерагаючыся нават таго, што падумае пра яго субяседнік, не ведаючы, якія ў яго думкі, светапогляд…
Читать дальше