Не памятаю, развітаўся тады Буднік са мной ці не.
Патаптаўся я адзін у тамбуры ды ўбачыў, што мой поезд стаіць на прыпынку Кур'яны — шэсць кіламетраў ад Беластока. Тут усюды аэрадромы дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі, начных знішчальнікаў, санітарных самалётаў. Аэрадромная ахова расстрэльвала на месцы кожнага незнаёмага без папярэджвання. Але ж і ў Беласток ехаць небяспечна: адукаваны гад, які ведае добра мовы, можа гадзінамі на памяць цытаваць кавалкі са старажытнай і сучаснай класікі,— запраста здасць мяне там у СД ды пачне шантажом дабівацца маёй вярбоўкі ў сваю шайку.
Што рабіць?
Глянуў я на зялёны масіў вакол будынкаў і падумаў — няўжо не праслізну кустамі? Выскачыў на перон ды падаўся ў нізкі ельнічак.
Адчуваў я сябе тады як пабіты сабака.
10.
Неўзабаве мяне арыштавалі, чаму я спачатку і не здзівіўся.
Аднак у камендатуры да мяне дайшло, што я немцам у лапы трапіў не з-за Будніка, бо неўзабаве туды прывезлі і Валодзьку, нашага бацьку ды шмат землякоў. Нейкі час патрымалі нас у Гарадку на допыце, адтуль паперлі ў беластоцкую турму.
I пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. На допыт болей не выклікалі. Нават дазволілі атрым-ліваць перадачы. Фашысты збіраліся з намі нешта зрабіць, але што — толкам ніхто нічога не ведаў. Мы, вязні, насцярожана чакалі сваёй долі ды лавілі навіны, якія прыносілі калідорныя.
Немцы схапілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночную камеру. Праз паўгадзіны заглянулі да яго афіцэры, а ён — вісіць на падаконніку.
Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, і ён таксама павесіўся.
На турэмным двары чамусьці з'явіліся цыганкі з дзецьмі...
Але з часам і такія навіны перасталі кранаць. Нашыя мужчыны пакрысе прыладжваліся да абставін, адсыпаліся, успаміналі выпадкі з жыцця, апавядалі адзін аднаму, як жаніліся, служылі ў войску. Людзі ігралі ў самаробныя шашкі і шахматы, спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на тры, чатыры галасы, як ніколі перад гэтым, мабыць, не спявалі...
Не легкадумныя яны былі.
Людзі добра ведалі, што іх чакае. Спеў і гульні выклікала ў вязняў унутраная трывога: так механізм самазахавання нервовай сістэмы чалавека знімаў напружанне, страх — інакш можна было звар'яцець.
Большасць вязняў прывезлі здалёк. Перадачы атрымлівалі адно мясцовыя жыхары, астатнія ж жылі на турэмнай баландзе. Голад не цётка. Чаго толькі людзі не выдумвалі, каб раздабыць хоць якую-небудзь ежу.
Адзін выламаў з падаконніка кавалак бляхі, змайстраваў брытву і галіў за невялікую плату — за сухарык. Такім ганарарам цырульнік дзяліўся яшчэ з калідорным — той пускаў яго на промысел у суседнія камеры.
Другі апавядаў байкі, чытаў на памяць вершы і потым збіраў падатак — па гарошыне ад слухача (у сялян для перадач карыстаўся поспехам гатаваны гарох — яго можна было і пад'есці, а фашысты на такі харч не квапіліся, аддавалі)...
У адной з камер сядзеў чалавек, які іграў у шахматы на хлеб. Усе былі ўпэўненыя, што ён — бацька артысткі Белай, настаўнік па прафесіі. Перад самай вайной бытта прыехаў у Беласток да дачкі ў госці, і яго засталі тут немцы.
Аднойчы настаўнік прыслаў і мне прапанову сыграць з ім на паўбуханкі. Без усялякай ахвоты я прыняў выклік. Калідор-ны ўпусціў у нашу камеру шахматыста.
— Ну, ты, задрыпаны Алёхін,— пракрычаў мне крымінальнік,— прымай Капабланку!
I жалезныя дзверы за калідорным з грукатам зачыніліся.
Мой госць быў высокі, хударлявы, старанна паголены мужчына гадоў за сорак. Пад ахайным карычневым пінжаком ён нават умудрыўся захаваць пацёртую, але надзіва чыстую кашулю і гальштук.
— Міхаіл Арсеньевіч! — адрэкамендаваўся чалавек з манерамі старога рускага інтэлігента.
Бытта падумаўшы, што сказаў мала, з такой жа годнасцю праз хвіліну дабавіў:
— Варанцоў!
Чэсна кажучы, мне гэта палесціла. Толькі я пастараўся нічым сябе не выдаць, падхапіў яго тон і гэтак жа назваў сваё імя, імя па бацьку ды прозвішча. Мы паціснулі рукі і з пашанай адзін да аднаго расставілі самаробныя фігуры. Зрабілі першыя, другія, трэція хады.
Пасля шматтыднёвай бяздзейнасці я зауважыў у сябе незвычайную яснасць думкі. Ні да таго, ні пасля з такой выразнасцю я не адчуваў так партнёра і размяшчэння фігур на дошцы — прадбачыў іх камбінацыі на шмат хадоў наперад. Звычайна гуляў я ў шахматы азартна, адключаўся ад усяго, што вакол тварылася. Цяпер жа абсалютная перавага над праціўнікам не давала загарэцца ва мне іскры, не нараджала пад'ёму — я быў спакойны ды ўпэўнены. З лёгкасцю адбіў атаку праціўніка, навязаў яму сваю волю ды пачаў забіраць у яго фігуры адну за адной.
Читать дальше