У той дзень, памятаю, добра выспаўся. Злётаў нават у лазню, а тады заглянуў у сталовую, паснедаў. Там і на гэты раз палезла са сваім абрыдлым каханнем афіцыянтка — мужападобная Нюрка з бародаўкай ля кірпатага носа, з пракураным сіплым голасам. Не хаваючыся перад сяброўкамі, тыкалася мне ў кіцель, скуліла. Паслаў бы яе, куды трэба, але звязвала мінулае, ды такое, што услых не надта каму і раскажаш. Мяркуйце самі.
Зімой у блакаду нас чацвёра пайшло ў разведку. У лесе ўжо цямнела, стаяў туман. Ля вогнішча бачым — грэюцца восем нямецкіх салдат, апавядаюць сабе анекдоты, а карабіны з кароткімі штыкамі — пад сасной.
Нават не згаворваліся.
Калі немцы выбухнулі рогатам зноў, адчайны туляк і мой камузвода Пецька Лісіцын бліжэйшую вінтоўку за ствол ды прыкладам — па галовах! Я таксама хапіў карабін і штыком аднаго, другога...
Трэцяму ўпёрся нагой у жывот, каб выцягнуць штык, і ў гэты момант з сапёрскай лапаткай падляцеў здаровы гітлеравец. Ен падлятае, а зброя і рукі ў мяне занятыя. «Канец!» — паспяваю падумаць. На шчасце, падскочыла да яго з тылу гэтая самая Нюрка, гвазданула салдата прыкладам па чэрапе так, што абрызгала мяне нечым мокрым.
Немец асунуўся, а я адзеравянеў. Ліха яго ведае, што здарылася: не паварушу ні рукой, ні нагой, ні галавой. Хлопцы падбеглі, штурхаюць мяне, клічуць, пацяшаюць, а я, уталоплены, стаю моўчкі, як слуп. Нюрка праперла ўсіх, выцерла хусцінкай пену з маіх вуснаў, і тут чамусьці я... расплакаўся.
З таго дня дзяўчыне здалося, што яна займела на мяне права. Мне ж тыя хвіліны слабасці надта непрыемныя, і кожная сустрэча з ёю злуе. Таму ў сталовай я нават не затрымаўся лішняй секунды і на гэты раз. Нюрчына прыставанне пастараўся адразу выкінуць з галавы, і мне гэта ўдалося.
На вуліцы зноў адчуў сябе бадзёра, свежа ды ў вітрынным шкле ўбачыў, як мае выгаралыя на сонцы валасы двума залацістымі веерамі рассыпаліся на бакі. Я любіў сябе такім чыстым і свежым, калі кожная клетачка цела дыхала здароўем, душа лікавала ад лёгкасці, ва ўсім целе панавала прыемная мускульная радасць і за мной азіраліся жанчыны. Фарштат ад педінстытута — добрых пяць кіламетраў, але тады было ўсё роўна крочыць — далёка ці блізка, імчаць уверх ці ўніз.
Адным словам, у той момант перапаўняла мяне маладая сіла і энергія. У той жа час ныла сэрца ды грызла нездаволенасць. Што ж, і на гэта былі прычыны.
На Фарштат хадзіў якраз правяраць заявы сваіх кліентаў, каб выканкомаўская камісія мела падставы прысудзіць прасіцелям пенсіі. Першы чалавек аказаўся ўедлівым інтэлігентам з кароценькімі вусікамі: да вайны працаваў судовым выканаўцам, а па-мясцоваму — «сіквістратарам». Другі — невыразны лысы панок, інспектар магістрата. Яны добра запалі ў душу з даваеннага часу.
Паўпанкі за сваю службу атрымлівалі грошы, якія майму бацьку і не сніліся. Пры тым беспрацоўі ды нацыянальным ціску мяншынстваў урад «палкоўнікаў» фактычна трымаўся на гэткіх кітах. Куды заглядваў «сіквістратар», там былі слёзы і гора. I з нашай хаты, за няўплату падаткаў, гэткі ягамосць забраў мяхі насеннага збожжа, сячкарню, звойцы кужалю ды шаляноўкі, прывезеныя мамай з бежанства.
Мінуў страшэнны землятрус, столькі ўсе перажылі, а гэтыя тыпы так нічому і не навучыліся. Падумаць толькі: уедлівы інтэлігенцік з кароценькімі вусікамі на Фарштаце і цяпер мне даводзіў, што перад вайной ніякіх беспрацоўных не было, а — лодыры, якія прызвычаіліся жыць на дапамогу магістрата, таму работы яны нават не шукалі.
Мяне разабрала злосць. I тут я заўважыў, што знаходжуся супраць будынка, абвітага дзікім вінаградам, дзе па-восеньску ўжо цвыркалі мільёны вераб'ёў. Гэта і быў педінстытут.
Прачытаў аб'явы аб прыёме. Ці не паступіць у яго? Да настаўніцтва не цягнула, але ўсё ж такі — якісьці ратунак.
Прайшоўся па калідорах педінстытута.
Замест выбітых шыбаў — фанера. Так пякло сонца, а ў будынку — сцюдзёна, сыра. Вырваныя з сшытка ды прычэпленыя на «жывую нітку» паперкі з аб'явамі пра сходы, пасяджэнні, згубленыя кніжкі і абмен падручнікаў.
Заглянуў у аўдыторыю.
Хударлявы чалавек з ордэнскімі планкамі на выцвілай гімнасцёрцы чытаў з-за кафедры лекцыю. Перад ім — паўтары сотні студэнтак. Усе гладкія, сытыя, дагледжаныя, з моднымі прычоскамі, у шыкоўных, накінутых на плечыкі, летніх палітонах. Рабілі выгляд, што слухаюць лектара, а на самай справе вязалі сабе світэры і панчохі, нават вышывалі, чыталі раманы. У крайняй студэнткі на рукаве — вузенькая стужка з чорнага шоўку...
Читать дальше