Бах! — глуха прагучаў вінтовачны стрзл.
У кювеце слаба віскнуў сабака і задрыгаў нагамі ў перадсмяротных. канвульсіях. Паўпанкі на ровэрах зарагаталі.
Аж на шашы, цягнучы за сабой доўгі кавалак ланцуга, дагнаў Юлькаву фурманку Бобік, і яго застрэліў паліцай Дэц. Нехта запрапанаваў стралку ўзяць на памяць ланцуг, і таму паліцаям зрабілася весела.
6.
Памясцілі іх у Арчыкавай мураванцы.
То быў дом у Гарадку, дзе немцы трымалі арыштантаў у час допыту, перад расстрэламі ці адпраўкай у турму (і мы з братам сядзелі ў ім да вывазу ў канцлагер Штутгоф). Дзеля гэтага ў будынку фабрыканта Арчыка немцы выламалі перагародкі, закратавалі вокны, абнеслі падворак цяглянай сцяной. Людзей трымалі на падлозе, засланай саломай.
Папоўцы жылі ў Арчыка з тыдзень. Вартавалі іх толькі паліцаі і за гарэлку ўсіх пускалі да арыштантаў.
Мае страшаўцы папоўцам насілі махорку.
Заходзілі да іх проста пагутарыць, падтрымаць дух.
З Пясчанікаў кожны дзень прывозілі ім малако, хлеб, дровы, каб варыць страву.
Каб сваякі былі хоць крыху спакайнейшыя, наша мама з'ездзіла ў Беласток да краўчыхі, прывезла цётчынай Лене бялізну, Марысінай маці — лякарства; Юлькава дачка папрасіла туалетнага мыла, каб памыць галаву, мама заадно купіла і яго.
Мужчыны збіраліся ў кутку Арчыкавага падворка ды зноў ламалі галаву:
— Уцячы? Зусім нявелькі фокус! Паліцаю, што унь стаіць у браме на варце, нас абсалютна не відаць. Узлезь адзін аднаму на плечы ды перавалі за мур!..
— Ну! А там гарадоцкімі агародамі дапаўзеш да рэчкі, перабрыдзеш Супрасль і — у лес, на волю!
Дзядзька Юляк паддаў жару:
— Дэц, халера, сёння чамусьці да маіх ботаў надта прыглядаўся — бытта я ўжо стаў пакойнікам. Мо ведае што?
— Уцячы — то ўцячэш, але хіба за табой пойдзе баба? Скажа — балотам смярдзіць і камароў там поўна, куды з дзецьмі я павалакуся?!.
— Хлопцы, дальбог, трэ пачакаць. Бачыш, і на фронце запанавала цішыня!
— Але! То ўсё немцаў перлі, а то — замерла!.. Чакалі ўжо два гады таго вызвалення, а сколькі цяпер яго чакаць — пяцьдзесят, сто?!.
— О-о, гэта, напэўна, будзе няхутка!.. А з намі, мажліва, усё яшчэ ўладзіцца, няма чаго панікаваць. Успомніце: і з белавежскіх вёсак спачатку народ звязлі ў Гайнаўку ў тартак, бы нас сюды, але потым усіх адправілі да Беластока, у пустыя яўрэйскія кватэры! А што Дэц так гаворыць? Разбэсціўся, падла, вочы так і бегаюць па арыштанту, калі ўбачыць на чалавеку што—небудзь ладнае, каб яму іх выперла!
I мужчыны насцярожана змоўклі.
Яшчэ больш устрывожаныя былі жанкі. Глядзелі яны на малых, а сэрцы кабет абліваліся крывёю. Бо дзеці і ведаць не хацелі пра тое, якая навісла пагроза,— у іх зараз дзейнічаў адвечны механізм прыроды: малым надта ж патрэбна было, каб сардэчкі іхнія біліся, лёгкія качалі кісларод, вочы пазнавалі свет, а самі яны адчувалі мускульную радасць ды падалі ад знемажэння.
Калі сваёй беганінай малыя апрыкралі і паліцыі, ім дазволілі вылятаць на вуліцу — да гарадоцкіх дзяцей. Цяпер мацяркі хоць і палахліва, але нават з замілаваннем ды гонарам пачалі назіраць цераз краты насцеж адчыненых Арчыкавых венецыянскіх акон, як іхнія пацехі гуляюць у «вайну», бяруць «у палон немцаў», «лечаць раненых», даючы з бутэлечкі папіць «ёду».
Іхняе замілаваные працягвалася нядоўга.
Юлькаў малы неўзабаве прыляцеў з вуліцы ды з непасрэднай дзіцячай цікаўнасцю прыстаў да Марысі:
— Ма-ам, праўда нас будуць расстрэльваць?.. А калі-і?.. Хутка ўжо, ма-ам?
Марыся анямела — сын прынёс плётку з мястэчка ці там што—небудзь ведаюць? Яе маці пацвердзіла:
— У горадзе, дочачка, пра ўсё вядома. Ну, во, настае нам і кане-ец! — старая ўздыхнула і перахрысцілася.— Што зробіш, застрэляць, то чалавек хоць адмэнчыцца.
— Што вы вярзеце, мато, мы ж тут з малымі?! — Марыся забегала па саломе, не ведаючы, за што хапацца.— Ой, трэ хоць Юлька падгаварыць, каб уцякаў!.. Ну, во-о, дапалітыкава-аўся!..
7.
У наступны дзень два хлопчыкі з Пясчанікаў прывезлі якраз папоўцам свежае малако, як зноў з'явіліся немцы ў касках — чалавек з трыццаць.
Здарылася гэта трэцяга чэрвеня 1943 года цёплым летнім днём.
Арыштаваных — усяго 43 чалавекі (з пясчаніцкімі: іх немцы ўжо не адпусцілі, як хлопчыкі ні прасіліся!) — пасадзілі на падводы, аддзельна мужчын ад жанок, ды накіраваліся на конскія могілкі. Зараз сюды прывозілі на расстрэл уцекачоў з лагера ці — беглых з Германіі.
Прыбыўшы на мееца, немцы скінулі з фурманкі лапаты і павялі частку мужчын капаць яму. Афіцэр наском бота адкрэсліў на пяску квадрат — шэсць метраў на два, гыркнуў папоўцам, каб браліся за работу, ды пайшоў ставіць салдат у ачапленне. Размясціўшы сваіх немцаў, астатніх папоўскіх мужчын паклаў адзін да аднаго ўпрытык носам на зямлю, рукі загадаў ім узняць на патыліцу ды паставіў над імі аўтаматчыкаў. Малады афіцэрык рабіў усё без лішняй паспешлівасці, але ўпэўнена, рашуча,— як чалавек, які ва ўсім гэтым мае вопыт і ведае толк. Па ім было відаць, што немец паспытвае ціхую радасць за сваю сумленную стараннасць ды ад таго, што ўсё ідзе покуль што як належыць.
Читать дальше