— Як урач зрабіць гэтага не магу! — катэгарычна адказаў доктар, шукаючы ў мяне пульс.
— То што ж будзе? — спытаўся я ў трэнера шэптам.
— Нічога. Усё прапала. Да наступнага года, мой дарагі, разумееш?
Давялося зразумець.
За сцяной увесь час стаяў страшэнны свіст і грукат. Прыбег пажарнік і закрычаў:
— Пане трэнер, пане доктар, ідзіце хутчэй!
— Што там яшчэ?
— Цывільныя счапіліся з вайсковымі, Рынг разламваюць! Суддзяў б'юць! Ратуйце іх!
— У чым справа?
— Аб'явілі капрала пераможцам, вось яны ўсе і рынуліся на памост! Вяроўкі паразрывалі, прэнты выкручваюць! Капрала прыціс-нулі ў праходзе, здзерлі майку і піўной бутэлькай галаву расквасілі!
Доктар схапіўся ды паляцеў у залу.
— Нічога,— вяла праказаў Левандоўскі.— Паліцыя сама навядзе парадак, там жа ёсць іх група... Янэк, ты плачаш?
— Не...
Я адвярнуўся тварам да сцяны, а ў самога перад вачыма — вузкалобы, якому суддзя на рынгу паднімае руку ў знак перамогі.
Усе спадзяваліся, што пасля спаборніцтва ваявода прыме ў сябе пераможцаў. Мая фантазія ўжо малявала, што я, нібы той беларускі паэт мінулай восенню, сустракаюся ў ваяводы з Янкоўскім. А цяпер... На табе!
9
Хоць і няёмка прызнавацца ў такіх рэчах, але, як кажуць, з песні слоў не выкінеш. Пасля кожнай трэніроўкі ў мяне абуджаўся такі апетыт, што я адчуваў страшэнныя пакуты.
Грошы, якія прысылалі бацькі, цяпер ішлі на плату за курсы. Харчаваўся я тым, што прыходзіла ў пасылках з дому спачатку раз на тыдзень, а цяпер адзін раз у два тыдні. Я акуратна дзяліў усю ежу на чатырнаццаць частак, але ніколі не вытрымліваў. I сыты бываў адно першы тыдзень.
Часам на трэніроўцы, бачачы, як тыя, у каго шаўковыя майкі, трусы з кішэньчыкамі, модныя тапачкі, хрумстаюць з апетытам ша-калад ці халву, я адчуваў, як у мяне сцягвала сківіцы, па целе прабягалі дрыготкі, а скура рабілася вялай. Але я не паддаваўся і цешыў сябе — даб'юся свайго, ад'емся.
Пасля апошняга матча з капралам плёўся я па вуліцы Міцкевіча і ў кожнай паненцы ў гімназісцкім паліто з футравым каўняром бачыў генералаву дачку. Як на злосць, паненак такіх спатыкаў многа: была нядзеля. I зноў мае мары аб Дануце здаліся мне наіўнымі і бес-падстаўнымі. Стала сорамна за фатаграфію ў кішэні. Я выняў яе з вокладачак, а цэлафан з бліскучай рамкай схаваў у кішэню назад.
«Вось і ўсё!» — сказаў пры гэтым, стараючыся ўздыхнуць з палёгкай.
«Ой, штосьці не верыцца. Каторы раз ты ўжо заракаешся!» — горка ўпікнуў мяне ўнутраны голас.
«Не-е, гэты раз — апошні!» — запэўніў я сваё сумленне.
Фатаграфію парваў на дробныя кавалачкі, і зімовы вецер пагнаў папяровую сечку па снезе.
Раздзел першы
1
Цэлую зіму з маёй галавы не выходзіла Дануся, і я не меў спакою з-за яе ні дня, ні гадзіны, ні мінуты. А потым усё перамянілася, як бывае толькі ў казках або ў сне. Цяпер і самому не верыцца, што магло ўсё так проста вырашыцца.
У маім жыцці атрымлівалася гэтак не адзін раз. Бывала, хачу чаго-небудзь дабіцца, складу план, пачну дзейнічаць, але ці таму, што гарачуся, ці план мой занадта утапічны, усё, мною створанае, паўстае супроць мяне, а вынік адзін — я аскандалюся. Потым тое, дзеля чаго лез на ражон, прыходзіла нечакана лёгка, само сабой, калі яго я ўжо і не чакаў.
Так здарылася і цяпер.
Але не буду забягаць наперад, раскажу ўсё па парадку.
2
Надышла вжна — ранняя, цёплая, з навальніцамі, нібы ведала, што апошні раз перад вайной цешыць людзей. Ужо ў сакавіку зазелянелі травы, у красавіку дрэвы пусцілі лісце, і генеральскі панадворак нагадваў пышны кветнік буйной і сакавітай зеляніны. Я не спускаў з яго вачэй.
У гэты дзень, нічога не падазраючы, сабраўся я ісці ў краму. Працу знайшоў яшчэ тры месяцы таму назад.
У тыя часы сельскагаспадарчыя прадукты збыту не мелі. Каб прадаць кілаграм масла або літр малака, чаго толькі людзі не прыдумвалі! I вось адзін афіцэр запасу, нехта пан Матыка, сябар Левандоўскага,— ён ля горада меў маёнтак,— ухітрыўся вырабляць малако з павышанай да дзесяці працэнтаў тлустасцю. Каштавала такое малако дорага, але на яго пакупнікоў хапала.
Адразу пасля няўдалага матча трэнер падказаў мне, што пану Матыку патрэбны разносчыкі, і даў мне яго адрас.
Я наняўся на работу. I цяпер кожную раніцу разносіў па багатых кварталах сотню поўных бутэлек, якія фурман пана Матыкі прывозіў з вёскі яшчэ да світання. За гэта я атрымліваў дваццаць злотых у месяц і кожны дзень бутэльку выдатнага малака. Цяпер я быў не галодны і багаты...
Читать дальше