Незямная белізна вышытай Нюрчынай кофты, яе майстэрства, бляск эмаліраваных бялкоў і пашмараваных кароўім маслам валасоў паступова мяне ўпэўнілі, што Нюрка — святая, і я заміраў каля яе сам не свой.
Найчасцей я хаваўся ў цёмны куток ды загіпнатызавана пяліў вочы на дзяўчыну-анёла, упіваўся яе голасам і выглядам. А ў гэты час нахіленыя над кроснамі жанчыны гаварылі пра рай.
— Мая мама кажуць: «Покуль перазімуем, то гэтак намерзнешса, што летам сама сабе не верыш — няўжэ ўсё гэто чалавек выцерпеў!» — манатонна цягнула Нюрка. — А ў раі табе заўсёды цяпло і файно, бы ў нас на Пятра — зіму і лето можно нават без рукавоў хадзіць! Адно трапіць туды можа не кожны, бо апосталы за гэтым надто ж сочаць.
— А-а, глядзяць вельмі, кажаш?— не то ў жарт, не то ўсур'ёз, перапытала мама.
— А то як жа! Туды хацелі б усе, вядомо!.. Мая мама трапяць у рай напэўно. Яны — ні аднаго пацера, ні паста не прапусцілі, ні адной лаянкі не вымавілі, у нядзелю нажа ў рукі не ўзялі!.. А я надто грэшная. О-ой, грэшная, о-ой, як!.. Ужэ ў мяне ўсё до-обро, до-обро ідзе, а потым і сама не бачу, калі наемса без меры ці пачынаю абгаворваць сваіх дзяўчат... Ніхто не чуе, у галаве сабе абгаворваю, але ж гэто — усё роўно! — дзяўчына са шкадаваннем уздыхнула: — Сатана, вядомо, падбівае, а я паддаюсо яму...
— I ніяк не можаш стрымацца?
— Ох, і малюсо, і кару сабе прыдумваю, а ўсё дарэмно!
Мне таксама было дасканала вядома, за што туды трапляюць. За знішчаную вужаку бог даруе чатыры грахі. За ссечаную крапіву пад плотам — пяць грахоў мінус. Напаскудзіш у рэчку — дабавіш супроць сябе два, кінеш на зямлю кавалачак хлеба — тры. I адразу даруюцца ўсе грахі, калі заб'еш рапуху. Але ж рапуха — ведзьма, паспрабуй забі толькі! Покуль замахнешся каменем, кіне чары, і яшчэ памрэ твой бацька ці маці!
Я старанна вёў падлік сваім прамашкам. Падлічваў кожнага забітага на балоце ці ў лесе гада, знішчаную на вёсцы крапіву ды ўважліва сачыў, каб сума адных учынкаў заўсёды перакрывала другія. Выходзіў цвёрды баланс, не ўпусціць мяне з Нюркай у рай ніхто не меў права.
Найбольшай прыемнасцю было ствараць фантастычныя вобразы, як я з ёю лунаў сярод аблокаў і нам свяціла сонца, гучалі пчолы, клапатлівыя чмялі задам выбіраліся з кветак, на страсе ля рэчкі клекатаў бусел, а яго бусляняты з яшчэ чорнымі дзюбамі прабавалі крылы.
— ...Лоні абнавіласа ікона і ў нас,— адкусіўшы пітку, цягнула дзяўчына ўжо пра іншае.— Спасіцель абнавіўсо. Развесіла я тады бялізну на плоце, вярнуласа, а штоеь зіхаціць на ўсю хату!.. Мы з мамай глядзь! Ажно ікона гэто!.. Альяш падарыў маме і тату аж дзве. Такія фа-айныя, бага-атыя — за шклом абедзвія!.. Блаславіў і кажа: «Наце, на вашу жызню бу-дзе: табе — спасіцель, а табе, Ганна, Заблудаўскі Гаўрыіл...»
— А чаму яны ўсё абнаўляюццо, скажы ты мне, Нюрка?— гэтаксама паўжартам, паўсур'ёзна пацікавілася мама.
— Такая е тайна божая, цётку, такая е сіла гасподня. А як вы хочаце?.. Усё ж такі лік святы!.. Або часамі на чалавека надыдзе неразгаданая сіла боская, і ён сам не ведае тады, што і скажа. Як на Альяша. Яму так адкрыто, што ён кожнаму ўказвае на грэх. Аж жутко — так адданы богу і служыць праўдзе! Якаясць гарадская маладзіца падышла да бласлаўлен-ня, Альяш ёй: «Ты свае валасы падвітыя выкінь і шпількі павыкідвай. Думаеш, ашукаеш каго?» А яна і праўда так харашэ падвіла сабе іх, бо кароткія былі, ледзь і разгадаеш!.. Гэтак ён кожнаму, цётку, адразу праўду ў вочы кіне — ці пра твой блуд які, ці фальш або махлярства...
Жанчыны хвіліну памаўчалі.
— Штось нашай Хімкі даўно няма з Грыбоўшчыны,— успомніла мама.— Трэці тыдзень моліцца там... I гаспадарка зрабілася для беднай нямілая, яе бульбу мусела я матыкаваць!.. Мо назаўсёды там застанецца? Але ж хто стане тады яе гектары абрабляць, нам і на свае часу не надто хапае!
— Жоны-міраносіцы работы там ма-аюць!.. I нашыя дзяўчаты з Забагоннікаў пайшлі туды!
Нюрка ўздыхнула над асновай, задумалася.
— Альяш бярэ іх у святыя дзевы... Вытку вам гэтыя дываны, пайду туды таксамо.
— Пойдзеш?..— паспачувала мама.
— Чаму не пайсці, падумайце, цётко Марусё?.. Дзяўчаты нашыя добро там маюць так!.. Толькі много псалмаў даводзіцца развучваць, але ж хібо гэто работа?.. Жывуць сабе на ўсім гатовым...
«А як жа я без Нюркі буду?»— агарнуў мяне жах. Нейкі час толькі стукала бёрда, і са свістам прашываў ніткі чаўнок.
— Цётко Марусё, а Ілья хутко і праз ваша Страшаво будзе ехаць.
— Адкуль ты ўзяла гэто?
— От, пабачыце,— таямніча намякнуў мой анёл.— Ведаю, што кажу...
Читать дальше