– Ёсць там трошкі, ёсць, але гэта няважна, няважна, – так адказваў ён на пытанне суддзі аб папярэднім следстве, з гэтых слоў пачаў ён свае паказанні на судзе. І яго востры, як шабля, твар палаў ад абурэння і нецярплівасці, палалі, гарэлі вуголлем глыбока схаваныя ў вачніцах чырвоныя вочкі. Лецечка з усіх яго слоў пачуў толькі адно, апошняе: «неважно» – так бестурботна і весела, нават з нейкім выклікам суддзі, зале і яму, Лецечку, было выпушчана гэтае слова на волю, кінута ўсім. Няважна, чым ён займаўся, што ён вытвараў у сорак трэцім і ў сорак чацвёртым, што ён да гэтага гаварыў, што гаварылі аб ім. Усё няважна, важна, што ён скажа цяпер. Слухайце яго, што ён скажа цяпер.
І ён увагнуўся, выставіў галаву за бар'ер і сказаў:
– На то ж вайна, то ж вайна, немцы... Я адмаўляю, адмаўляюся я...
Гэтае «я адмаўляюся» з вуснаў паліцэйскага дагнала, заспела Лецечку, злілося з тым «я адмаўляю», якое гучала і ў ім. Ён, Лецечка, даўно ўжо адмаўляў, адвяргаў усё, аб чым гаварылі паліцэйскія, хаця і ведаў, што яны гавораць праўду, вымушаныя гаварыць праўду, але ён не хацеў верыць гэтай праўдзе, не хацеў верыць сваёй памяці, ён і сам жыў у тым сорак трэцім і сорак чацвёртым, але не хацеў верыць і таму жыццю. Ён адмаўляўся, адракаўся ад яго. Імкненне спазнаць да рэшты тое жыццё і адмаўленне ад таго, што такое можа быць, адначасова жылі ў ім, але існавалі як бы асобна адно ад другога. 3 такой дваістасцю чалавек здольны глядзець толькі сон, здольны толькі ў сне так верыць і не верыць у яго прывідную, нерэальную рэальнасць. І Лецечка нібыта сніў наяву, прыкархнуў на судзе, адначасова знаходзіўся тут, у зале, і далёка ад яе, у хаце, якую пабудавалі старыя з Захар'ем, верыў, успрымаў усё, што адбывалася тут, і таксама верыў, успрымаў тое, што адбывалася ў хаце.
Чалавек з вострым шабельным тварам і неймаверна важкай, нібыта ўкрадзенай з другога твару, сківіцай ірваўся з-за бар'ера, парываліся, цягнуліся да аўтамата з-за бар'ера яго рукі. Ён выкручваўся, хітраваў, поўзаў, вытаргоўваў сваё жыццё і, здаецца, не надта дорага запрошваў за гэтае жыццё, маліў толькі аб адным: каб ён, Лецечка, спаў, працягваў спаць, каб ён шчыльна зачыніў дзверы і аканіцы ў новай хаце, сніў свае летуценныя, прывідныя сны. І яны абодва застануцца жыць, будуць жыць, паліцэйскі і Лецечка, жыць і не ведаць нічога адзін аб адным, не падазраваць нават аб існаванні адзін аднаго. І Лецечка шчыльна зачыніў дзверы, зачыніў аканіцы, загарадзіў дарогу сонцу і святлу, шэпту жытніх каласоў, што выспявалі ў полі, паху кветак у агародчыку, і стала яму раздольна і лёгка ад утульнай прахалоды паўзмроку. І забілі, заспявалі каля печы цвыркуны, што крадком пранеслі ў хату ў сваіх ватоўках старыя. Добрую хату адбудавалі яму старыя. Усяго ў ёй хапала для жытла – і цяпло, і вада, і столік для гаспадарчых патрэб, каля акенца, дбайна засцелены цыратай, і ложак пастаўлены, мяккі, з панцырнай сеткай, гарадскі, і радыё праведзена. Дзяды са слабадзянскай гліны, з цэглы, што накраў Захар'я, калі рабіў на цагельні, зляпілі печ. Са Слабады працягнулі ў хату, на былое папялішча, водаправод, і ў трубах буркацела, спружыніла вада, падпявала цвыркунам, капала з краніка. І электрычнасць прыйшла да яго са Слабады. І ў падполе стаяў кубел з салам, і бульбачка леташняя не прарасла яшчэ, ляжала ў падполе. І чыгунок бульбачкі з салам управаў за засланкай у печы. Лецечка зняў засланку, дастаў з печы хлеб, паглядзеў яго спадыспаду, пастукаў пазногцем: добра дайшоў. Папырскаў вадой і паклаў каравай на ручнік і захінуў ручніком, каб адышоў хлеб.
Залез у падпол, зняў з кубла вечка, мружачы аж вочы ад паху часнаку і кмену, пластануў добры кус сала, дастаў з печы чыгунок з бульбаю і сеў есці. І, як Захар'я ці то, хутчэй, як Бурачок, не адваліўся ад стала, покуль не апрастаў чыгунок, не выскраб яго да дна. Крутнуў гузік радыё, і стала весела, хата запоўнілася грукатам і громам – жыві, раскашуй, еш, пі, гуляй, а маеш ахвоту, дык і на бакавую, на ложак, мяккі, гарадскі, з панцырнай сеткай. І Лецечка выключыў радыё, залез на ложак. І хораша было яму палежваць на баку ў новай хаце на мяккай пасцелі. Там, за акном, прыпякала сонца, сушыла зямлю, тут прахалода – кап-кап-кап, але не над галавой, а ў металічную ракавіну. І цюк-перацюк сляпога каваля губляўся ў спевах цвыркуна, які ўгрэўся каля цёплае печы. Зняможаная дрымота песціла не хворае, не недаробленае, а зусім-зусім прыдатнае для жыцця і для таго, каб ляжаць на ложку, цела. Якіясьці цені блукалі ў паўзмроку па сцяне, ціха лёталі, як апітыя, у прыцемку мухі, але яны не раздражнялі Лецечку. І ў сне, у дрымоце сасніў Лецечка ў новай хаце яшчэ адзін, новы сон. Хата адышла, рассунуліся, як расталі, сцены, і светла-светла зрабілася навокал. Бетонным шматлюдным тратуарам, знаёмай вуліцай спяшаліся насустрач адзін аднаму двое знаёмых і незнаёмых Лецечку людзей. Была гэта, здаецца, Слабада, а ў той жа час – як і не Слабада. Дамы высокія, мураваныя, тратуар жа зноў – бетонны, каштанамі абсаджаны. Але адбітак Слабады, жоўты водсвет яе ляжаў на бетоне, каштанах, дамах. Водсвет былой беднасці, галечы і асуджанасці, які імкнуўся, ды так і не здолеў ператварыцца ў колер весялосці і бестурботнасці. Гэты ж водсвет быў і на тварах тых двух, якія спяшаліся насустрач адзін аднаму, толькі адзін з іх быў непрыступны, паважны, а другі... Лецечка не адразу прызнаў у гэтым другім сябе. Быў ён такога ж аблічча, нават у тым жа самым каверкотавым шэрым касцюме, у якім ляжаў Лецечка на ложку. Другі, дарослы, паважны, глядзеў на Лецечку-падлетка непрыступна, строга. І Лецечка таксама прызнаў у ім сябе. Сустрэліся два Лецечкі, два Колькі. І Колька Лецечка, які палежваў на ложку і наглядаў гэтую сустрэчу, спалохаўся: няма нічога горшага за тое, чым сустрэць самога сябе ў сне. А два Лецечкі, два Колькі на тратуары знаёмага і незнаёмага горада параўняліся адзін з другім і разышліся, не пазнаўшы і не прызнаўшы адзін аднаго.
Читать дальше