Хлопчык прыціснуўся да дзеда, да, здаецца, яшчэ цёплага і ласкавага шчэцця на яго твары, ён прасіў, маліў дзеда, каб той абараніў яго, ашчадзіў ад іншых нябожчыкаў, не аддаў ім яго. І ўзнімі зараз дзед руку, загавары з хлопчыкам, ён бы не здзівіўся – такія палкія былі яго заклёны, так горача ён яго ўмольваў азвацца, бараніць яго ад мёртвых. Але дзед маўчаў, маўчалі і іншыя нябожчыкі. Толькі лес тужліва стагнаў, месячны тужлівы вецер гуляў у соснах, выдзімаў з іх мёртвых ствалоў самотную, маркотную песню. І здавалася, гэтую песню цягнуць над шляхам, гаротным вясковым шляхам, нябожчыкі, адпяваюць самі сябе. На зямлі, акрамя ветру, месяца, няма іншых плакальшчыкаў. Няма ніводнага жывога чалавека. Вымерла зямля. Вымерла, калі ўжо людзі выйшлі паміраць на дарогу, не знайшлі больш прыстойнага месца, як легчы на дарозе, каб напалохаць яго, адзінага, што застаўся жывым; і дзед стаў яшчэ больш дарагі для хлопчыка, але ўжо не як абарона ад мёртвых, а як адзіная сувязь, адзіная нітачка, што звязвала яго з людзьмі, з жывымі, адзіная ўцалелая нітачка, працягнутая з таго свету да яго, нітачка, якая сведчыць, што свет калісьці быў густа заселены людзьмі, былі людзі на зямлі, не толькі дзеці, такія, як ён, хлопчыкі, не толькі жанчыны – яго маці, але і дзяды, расла ў іх сівая барада, насілі яны світкі, мелі рукі і ногі... І мёртвыя былі ўжо жаданымі на яго шляху. Няхай жа яго вядуць да святла, у заўтрашні дзень і мёртвыя.
Але доўга заставацца сярод іх хлопчык не мог. Захлынулася дзіцячым покрыкам у лесе сава. Хлопчык адарваўся ад дзеда, усхапіўся на ногі і пабег. Ён бег цяпер, заплюшчыўшы вочы, спадзеючыся, што, калі адплюшчыць іх, шлях адчысціцца ад мерцвякоў, якія супакоіліся ў яго пяску. Ён бег ад нябожчыка да нябожчыка і сам цяпер крычаў савой, покуль быў яшчэ голас, покуль быў яшчэ крык. А калі яго ўжо не стала, калі не было ўжо сілы бегчы, адплюшчыў вочы і збочыў, каб перадыхнуць у цемрадзі, нічога не бачачы перад сабой. Але і там, куды ён збочыў, былі трупы, яны цікавалі за ім, не пускаючы ў лес, не давалі перадыхнуць. Мёртвыя ўзялі яго ў кальцо, абклалі з усіх бакоў, як абкладвалі некалі і жывыя. І хаця гэтыя мёртвыя былі больш бяскрыўдныя, чым тыя жывыя, якія маглі забіць яго, якія стралялі ў яго і яго маці з вінтовак, ён усё ж больш жадаў, каб з цемрадзі выйшлі тыя, што сеялі агонь. Калі яны ўжо так прагнуць забіць яго, знішчыць, ён не стане больш уцякаць ад іх, не будзе больш хавацца ў балота. Няхай забіваюць, хай знішчаюць, хай страляюць, ён гатовы. Легчы на дарозе побач з іншымі лягчэй, чымсьці крочыць і спатыкацца аб іх, няспынна адчуваць іх прысутнасць.
Але і такой драбязы не магла падарыць тая ноч. Хлопчык не мог адарвацца ад шляху, таму што шлях усё ж кудысьці вёў, да жыцця ці то смерці, ці то ў пекла, ці то ў рай, але штосьці было там, у яго канцы. Светлая, захінутая лесам нітачка цягнулася з святла і вяла да святла. А пакладзеныя на дарозе – гэта знарок, спецыяльна, каб яго напалохаць, каб ён рынуўся ў лес.
Час, час ужо і скончыцца шляху, час бы ўжо і світанню... А мо ўсё так ужо і застанецца на зямлі – вечная ноч, прыкіпіць да неба абломак месяца і будзе пазіраць у мёртвыя, шкляныя вочы дзядоў, жанчын, дзяцей. Падманлівы светлы шлях, які вядзе ў нікуды. Жах ці надзея прымушаюць хлопчыка ісці. Дзе ж канец шляху, дзе канец цемры, лесу гэтаму, яго дзе канец? Як жа гэта так здарылася, што ўсе дарослыя загінулі, а ён жывы, чаму не знішчылі яго? Ён бы лёгка, адразу памёр і не піскнуў бы...
Бяжыць на зямлі хлопчык, ужо не бяжыць, а паўзе. Паўзе скрозь ноч на дарозе, як па мінным полі; згледзеўшы краем вока, якое ўжо баіцца глядзець наперад, палатніну вопраткі, старэчую ці дзіцячую сцятую руку, абмінае, абпаўзае міну-мерцвяка. Калі б гэта была сапраўдная міна, калі б хлопчык ведаў, што яна побач з ім, ён бы, не разважаючы, кінуўся на гэтую міну. Але мерцвякі не ўзрываюцца, трупы намнога страшнейшыя за міны, яны не забіваюць, але рвуць на шматкі, на шматкі. Цела яго, здаецца, нашпігавана мінамі, яны ўзрываюцца, але не ўсе, некаторыя застаюцца, штосьці не дае ўзарвацца, узарвецца потым, калі прачнецца забітая, знішчаная гэтай дарогай памяць. А такая памяць усё ж прачынаецца, каб выбухнуць апошні раз, канчаткова. Не, ні тады, ні пасля не будзе, няма літасці.
Па-над лесам, па-над шляхам выбухае сполахам і гасне, рассыпаецца зялёнымі пырскамі ракета. Ёсць, ёсць штосьці наперадзе, да чагосьці прыводзіць шлях. Яшчэ адна зялёная ракета завісае над лесам, але пакуль што высвечвае яна не канец шляху, а толькі новыя трупы. Магчыма, іх ужо і няма там, наперадзе, магчыма, гэта толькі так блюзніцца хлопчыку. Але як яны не будуць блюзніцца, калі ён прайшоў праз іх. Яны ўжо цяпер ніколі не знікнуць, яны будуць заўсёды ў яго вачах. Будуць там, наперадзе. Як ні светла, як ні шчасліва там, у шляху, па якім ён прайшоў, няма і не мае быць шчаслівага канца. Чалавек усё ж нараджаецца адзіны раз...
Читать дальше