– Злавіць бы такога, – уздыхаюць.
– Злавіць можна, а як яго дадому панясеш...
Фантазёры вясковыя хлапчукі. Не спаймаць ім гэтую рыбіну.
Яна сілкуецца не так, як прыдуркаватыя плоткі і акуні. Цёмным вечарам, ноччу. Вось надыдзе вечар, рыбіна яшчэ пацешыць іх. Выплыве з віру на плынь і, як дрынам, ляпне па вадзе хвастом. І прысядуць ад нечаканасці хлапчукі.
– Чулі?
– Чулі!
– Бачылі? Пудоў на пяць, а мо і болей. Ён?
Зразумела, ён, хто ж іншы. Хораша рыбіне, у парнай вечарам вадзе яна – як у сырадоі. Хлапчукі за дзень панакідалі ў ваду яшчэ няспелых, яшчэ з малаком арэхаў, надкусаных яблыкаў. Паруе рэчка, струменіць, бруіцца вада, як човен, слізгае месяцавай сцяжынкай качар.
Месяц вечарам адарваўся ад дна, усплыў наверх і лёг на ваду. Рыбіна чапляе гэты месяц на вадзе гарбатай спіной і возіць на сабе па рэчцы. Гэта цяжкая, але прыемная праца – вазіць месяц, купаць яго ў рачным сырадоі. Задаволена рыба, задаволены месяц. І карысна абаім. Хто, калі не яна, рыба, дагледзіць месяц, хто вышаруе яго медныя жоўтыя бакі да таго ранішняга срабрыстага бляску, дзе яшчэ можна знайсці столькі звонкай празрыстай вады, як у рэчцы, дзе яшчэ, акрамя Беларусі, ёсць такія ўтульныя, зацішныя рэкі з ніцай над вадой лазой, з арэшнікам на стромах, з чырвоным вербалозам на пяску, з дубкамі, што падбеглі да вады, з такім белым і жоўтым, залатым і срабрыстым пяском! Пясок гэты таму такі залаты і срабрысты, што не толькі ў рэчцы, але і ў ім, як цецерукі ў снезе, кожную ноч купаецца месяц, шаруе свае бакі. Забаўляецца з месяцам рыбіна, як заляцаецца да месяца, забаўляюцца з ім арэшнікі, ніцыя лозы туляць, мілуюць яго зыбкім ценем, які падае на ваду ад іх лістоты. А месяц смяецца, рагоча рагатай савой, што прыхавалася ў голлі дуба, рагоча так, што гойдаюцца і драбняцца ў вадзе, і над вадой, і спадыспаду вады срабрыстыя ўночы і на золку лістота і голле зарасніку. І нячутна ўздыхаюць, пазяхаюць, пацягваюцца ад захаплення і ўзрушанасці дубы. І растуць, растуць. Усю ноч возіць па рэчцы на сабе рыбіна месяц. І сама гэтая рыбіна срабрыстая і залатая, месячная. Коціцца, коціцца, плыве над рэчкай і над усёй зямлёй яе звонкая, срабрыстая радасць. І гэтай радасцю прагна дыхаюць травы на заліўных прырэчных сенажацях, п'юць яе росы, ёю насычаюцца ноччу птушкі, ёю, нябачнай, але салодкай, аздабляюцца ноччу хлапчукі, што спяць па вясковых хатах і лётаюць, лётаюць у сне, растуць. Растуць, калі ўцягнецца вільготны і прэлы змрок, памірае на некалькі гадзін зло, калі над зямлёй свеціць толькі месяц, ды зоркі, ды пераміргванне светлячкоў, ды шчаслівы смех рыбы. Маленькая рачулка нясе сваю маленькую радасць вялікай рацэ, а тая – мору. Хораша, пэўна, ля мора, аднак лепей за ўсё ля вытокаў гэтай радасці, каля гэтай маленькай рачулкі. 3 берага, дзе сядзелі ўдзень хлапчукі, пахне чалавекам, і рыбіна, змарыўшыся, заплывае ў свой вір, гуляе там з дубовым лістом, то патапляе яго, то ўзнімае да паверхні, чысціць сваю хату ад прынесенага за дзень вадой смецця. Потым паказвае з вады пляскатую галаву, дыхае, хапае чыстае, з камарыным звонам паветра. Паветра патрэбна і рыбіне, як ёй без паветра, яна цэдзіць яго разам з вадой і, захмялелая ад пахаў, зноў гарэзліва б'е па вадзе магутным хвастом. А хвост у яе сапраўды магутны, моцныя ў яе плаўнікі, дужае сэрца. І вось яна, прыціснуўшы плаўнікі, «салдацікам» знікае ўглыбіні, ведаючы, што хутка будзе дзень, што зноў будзе заўтра. А гэта значыць, што да яе зноў прыйдуць хлапчукі. Яна, тоячыся ад іх, будзе зноў іх забаўляць, будзе казытаць ім пяткі, а хлапчукі будуць аж верашчаць ад захаплення, ад крыку і ад жаху. І будуць прыдумляць, таму што лепшыя ў свеце выдумшчыкі – вясковыя хлапчукі, хаты якіх стаяць на беразе рачулак. Толькі для іх і жывуць у гэтых рачулках такія вялікія, такія добрыя рыбіны...
– ...За што расстрэльваў?
– Загад такі быў.
– Загад забіваць?
– Загад забіваць...
– Што гэта за людзі былі, ведалі, адкуль яны?
– Рускія людзі, з хат... Нам загад забіваць, не шкадаваць ні старых, ні малых. Нада мной стаялі немцы, грамадзянін суддзя...
Грамадзяніна суддзю аж калоціць і ў чырвань кідае ад гэтага ліслівага звароту да яго, ад таго ліслівага тону, якім адказвае на яго пытанні чалавек, які стаіць за бар'ерам. Калоціць, абражае гэтая ліслівасць і ўсіх, хто сядзіць у зале, абражае і Лецечку. Але і зала і Лецечка могуць выказваць свае пачуцці, абурацца, сціскаць кулакі, закрываць вочы і вушы, а суддзя павінен быць бясстрасным, на тое ён і суддзя. Але ж ён таксама чалавек, што адчувае ён цяпер? Не, Лецечка не здольны паставіць, дакладней, пасадзіць сябе на яго месца. Яго месца тут, сярод людзей, з якіх ён выйшаў. Ён жыве цяпер іх пачуццямі, іх вялікімі і святымі нянавісцю і абурэннем. Зала тужліва, выцвілымі вачыма сівой жанчыны, якая сядзіць непадалёку ад Лецечкі, глядзіць на Калягіна. Глядзіць жанчына, але ці бачыць яна што цяпер. Жанчына ў той час, у той дзень, аб якім спавядаецца Калягін, была дзяўчынкай, мо равесніцай Лецечку. Яна толькі што вылезла з-пад забітых у хляве людзей. Якісьці дзядок засцярог яе сваім целам: «Маўчы, трывай, жыві, дзетка». Дзетка выпаўзла з хлява і схавалася ў пажарнай бочцы, у якую дбайны гаспадар нанасіў вады. Гэтая бочка з вадой выратавала ёй жыццё, але не выратавала ад заўчаснай старасці, ад сівізны ў трыццаць год. Жанчына прагне зразумець, чаму яна так рана пасівела. І яна саромеецца гэтай сваёй заўчаснай сівізны, вінаваціцца за яе, вінаваціць сябе за тое, што на зямлі ёсць такія людзі, як Калягін, што яна павінна жыць побач з імі, – мо штосьці яна зрабіла і робіць не так, мо дзесьці пакрывіла душой? Без віны вінаваціць яна сябе, без віны, але ж... Дзядок той, што засцярог яе сваім целам, загінуў... І ў тужлівых вачах яе сум і пытанне: чаму ўсё так, чаму, хто дазволіў, як дазволілі, што г э т ы я, такія рахманыя цяпер, такія бяскрыўдныя, калі пад аховай, пад вартай, столькі пусцілі па свеце сірот, столькі пралілі крыві? Ці не сон гэта ўсё, што перажыла яна, ці не прывіды, ці не здані перад яе вачыма? Яна спрабуе зазірнуць ім у вочы, углядаецца ў іх твары, прыглядаецца да іх рук. Не, не зразумець, не зразумець ёй нічога, ніколі. І гэта яе някемлівасць тлуміць галаву і Лецечку, не дае спакою яе засмучаны вінаваты твар. І ён круціцца, ненавідзіць гэтую сваю такую някемлівую галаву. Суддзя, пэўна, ведае тое, чаго ніколі-ніколі не спазнаць яму. Лецечка ненавідзіць паліцэйскіх. Так, у іх даўно ўжо абудзілася пякучая, жывёльная цікавасць да таго, аб чым расказвае Калягін. Яны літаральна зрываюць з яго вуснаў, як п'юць, кожнае яго слова, нібыта ніколі не былі з ім побач, нібыта яны ніколі нікога не палілі, не расстрэльвалі, не забівалі.
Читать дальше