– Ці не шмат ты на сябе зранку бярэш, Захар'я? Свет перайначваць...
– Во-во, малады ты, таму і дурны, па табе, перайначыць – гэта значыць перавярнуць. А па мне, палку ў зямлю ўтыркнуў – ужо ўсё і па-інакшаму. А калі гэтая палка ды яшчэ парасткі пусціць... – І другая нага з шумам і чмыхам лучыла ў бот. Захар'я падхапіўся з саломкі, патупаў, пацягнуў за халявы і задаволена паклаў на Лецечкаву галаву даланю, як цагліну кінуў. Была гэтая яго даланя і цёплая і халодная, але і цяжкая, шурпатая, што наждак. Колькава галава амаль патанула ў далані Захар'і, нават сонца не згледзець. Але Кольку было прыемна стаяць пад гэтай жывой страхой.
– Ох і здаровы ж ты, Захар'я, а ў маладосці, пэўна, быў яшчэ дужэй?
– А вала пабіваў, – адказаў Захар'я. – На спор ад пана залатую дзесятку меў.
– Як жа гэта ты пабіваў яго, вала?
– Потым, потым, Лецечка. Я і цяпер яшчэ дужы. А ў цябе сілы ёсць? – І Захар'я прыгнуў даланёю Лецечкаву галаву. – Ёсць, ёсць моц... Патрэбен ты мне сёння, Лецечка, на добрае дзела.
Захар'я пакінуў Лецечку, нырнуў у будан. Вылез з яго з паловай цагліны, старанна абцёр яе ад зямлі, дастаў з кішэні бушлата свежую, сённяшнюю, адзначыў Колька, раённую газету, загарнуў у яе цагліну.
– Навошта табе цэгла? – спытаў Колька.
– Калі ўзяў, значыць, патрэбна. Я ўжо даўно без патрэбы нічога не бяру.
– А цагліну як украў, ці яна залатая?
– Дурань ты, Лецечка, калі гэта цэгла залатой была, – слушна адказаў Захар'я. – А цэглу я пяць ужо гадоў не краду, як у дзетдом перайшоў, так ніводнай цаглінкі і не ўкраў.
– А быў час, краў?
– А быў час, краў... Адна ў адну роўна паўтары тысячы цаглін украў я на сваім вяку. Пяць гадоў рабіў вартаўніком на цагельні. І кожны дзень па цагліне. Печ выйшла. Меркаваў і на дом цагляны нацягаць, ды паперлі – драпежнік, раскрадальнік. Ото добра зрабілі, паспрыялі мне. Зараз як падумаеш, колькі дзён мне парыцца там, колькі цаглін перацягаць... А зараз аніводнай не трэба, не трэба... – І Захар'я зарагатаў. Колька паглядаў і не мог уцяміць: усур'ёз усё гэта ён гаварыў ці жартам.
– Было, было дзела пад Палтавай, – раптам згубіўшы свой смех, сказаў Захар'я. – А зараз цэглы на плошчы навалам ляжыць – еш, не хачу... Я палавінку падняў, для справы, Лецечка, для справы.
– Якая ж гэта справа ў цябе?
– Шмат будзеш ведаць, пастарэеш. – Захар'я зладзейкавата зіркнуў у бакі, схаваў загорнутую ў газету цагліну за пазуху і зашпіліўся, упершыню, пэўна, зашпіліў бушлат на ўсе гузікі. Узяў Лецечку за руку і павёў яго з дзетдома. На ганку ізалятара іх чакала, як усё роўна ведала, што яны тут будуць ісці, баба Зося.
– Дзень добры табе, Захар'я!
– Добрдзень, – мармытнуў Захар'я і хацеў крочыць далей, але баба Зося спусцілася з ганка і стала на дарозе.
– Мо хопіць, Захар'юшка, сэрца на мяне мець?
– Збоч, – сказаў Захар'я.
– Не, Захар'юшка, не, ведаю, куды твая дарога... Няма маёй віны перад табой, чалавек ты бязлітасны, няма, вось дзіцем гэтым клянуся...
– Няма – і суда няма, – сказаў Захар'я. – Не замінай мне. – І ён пачаў абыходзіць бабу Зосю, трымаючыся за Лецечкава плячо, як усё роўна за нейкі выратавальны круг. Лецечка каб і хацеў, то не здолеў бы вырвацца. Было яму крыху жахліва ад гэтай незразумелай гамонкі старых. Не бачыў ён раней, каб сыходзіліся яны разам, думаць не думаў, што яны ведаюць адно аднаго, што ёсць штосьці паміж імі. А выходзіць, што ёсць, ёсць, і штосьці вельмі няпростае. Баба Зося счарнела ўся і дрыжыць кожнай жылкай, кожнай маршчынкай моліць, упрошвае, крычыць, а Захар'я – што крэмень.
– Вох-ох-хох, – цягне ці то ўслед ім, ці то да неба рукі баба Зося. – Камень, камень ты, Захар'я? За якія грахі пакутую я? Каму яшчэ так пакутаваць выпадала, людцы...
– Аб чым гэта яна? – баязліва пытаецца ў Захар'і Лецечка.
– Не твайго розуму справа. Павые – перастане...
– Даўно ты яе ўжо ведаеш?
– 3 той пары, як лыжку ў рукі аплёў.
– Хто яна?
– Не назаляй мне, хлопча... Прыгожая. Красуняй у дзеўках была, вось за красу сваю і плоціць... За ўсё на гэтым свеце разлічвацца трэба: і за красу, і за пачварнасць, за хваробу і за здароўе... Не ведаю я яе і ведаць не хачу. І не пікні больш. Рот на замок, – сказаў і як сапраўды замкнуў, павесіў сабе і Лецечку на рот замок.
Яны ўжо выйшлі з дзетдома і падыходзілі да плошчы. А на вуліцы адбывалася штосьці незразумелае, надта ўжо ажыўленая была яна для гэтай будзённай раніцы. Да плошчы ўхваствалі, кіравалі коней, гналі падводы мужчыны, спяшаліся прыгожыя маладайкі, бусламі, спаважна, ступалі хуткія на нагу дзядкі. І грымела, грымела на ўсё наваколле бадзёрым маршам патэльня-рупар. Але хада ў людзей была не пад гэты марш, марш як бы збіваў іх з кроку, з думкі якойсьці збіваў, быццам бянтэжыў іх твары, і вочы ў людзей былі хмурныя, засмучоныя, не кранутыя музыкай.
Читать дальше