Паколькі Ом ніколі кіпенем не мыўся (тут трэба адзначыць, што ён увогуле рэдка займаўся гігіенай: у сярэднявеччы тое быў маветон), дзядзька вясёла ўсміхаўся ў вусы і пачынаў бегаць за суседзямі з паленам — простыя сярэднявечныя норавы. Суседзі паказвалі Ому язык і збягалі, бо няма прыёму супраць Ома і фізічна супраціўляцца яму сэнсу няма. З тых часоў фізічную адзінку супраціўлення клічуць «омам», хаця ад пачатку яна неяк інакш называлася.
Жонка Ома кахала і казала ўсім: «Мой Ом — мая крэпасць», пры гэтым заўважаючы, што ў яе-та муж быў першы — і заўжды Омам.
Вось такі быў гэты Ом штукар, і законаў ён не прыдумляў. А тое, што некаторыя кажуць, што Ом — гэта нямецкі фізік ХІХ стагоддзя, дык тое няпраўда для школьнікаў і студэнтаў.
Аляксею Салонку
Вось яшчэ вам распавяду, што ў лесе жыве Ылк. У Ылка рогі, у Ылка капыты немалыя. А хвосцік у яго мале-енечкі. У вялікім патрэбы няма. Жыве ён дзе давядзецца. Ну, і ад падвіду залежыць. Дупляны Ылк — той збольшага ў дупле, а норны, зразумела, у нары. Хоць, ведаеце, і наадварот часам здараецца. Памяць у Ылка аніякая — тыдыц, калі па-шчырасці сказаць. Забудзе Ылк, што ён норны, — дый шусць у дупло, вось табе і капытны! Ужывае ён мюслі паціснутыя альбо біфідакефір. А для госцейкаў дарагіх у яго запаветны слоік прыпасены. І што ён у ім захоўвае, Ылк-гаспадар не ведае, бо сам адтуль — ні-ні.
Дзяўчаты, якія дасведчаныя, любяць на Ылкаў паляваць, асабліва талакою. Яно і зразумела: Ылк — сімвал плоднасці і мужчынскага хараства. Якая дзяўчына Ылка за бараду ўхапіла — тая ўжо неўзабаве замуж і пойдзе. А за хвост яго хапаць не тое што нельга — бессэнсоўна: паўнагадовы Ылк яго адкідае на манер яшчаркі, а дзеўцы — дулю. Іншыя дзяўчаты, здараецца, і малін назбіраюць дый Ылку ў мюслі пнуцца насуваць. Дык ці возьмеш яго тым? Вядома, што не.
****
Хамстэр — наадварот, жывёла танная і нявартая. Разам з самкай-хамстэрыхай ён падгрызае тоўстае дрэва, покі яно не паваліцца каму-небудзь на купал, робіць у ім кватэру і жыве ў ёй да старасці. Галоўнае — тэлевізар.
У пяцьдзясят гадоў хамстэр абавязкова выйграе ў латарэю. Ды не па дробязі! «Супер-лапто», прыкладам. У яго бяруць інтэрв’ю, і на пытанне пра яго ўлюбёны занятак хамстэр жартуе: «Занімаца сэксам». Болей пра хамстэра няма чаго казаць. На гэтым ён заканчваецца.
Панядзелак пачынаецца пасля пятніцы
Пачынаўся панядзелак. Паспяховы пінскі прадпрымальнік Павал Патапавіч па прозвішчы Патоцкі па-будзёнаму паліў па-за пяціпавярхоўкай псіханеўралагічнай паліклінікі. Па-над Патоцкім праляталі птушкі, папісквалі прыемныя песенькі, паветра пахла парфумай: побач працавала пральня. Павал Патапавіч пачуваўся пераможцам. Пасля працяглых праблемаў працэнт падаткаў паменшыўся, продажы паралонавых паліто павялічваліся, пачалі прыносіць Патоцкаму прыбыткі. Працэс пайшоў!
Прайшло паўхвіліны. Праз парослы палыном пясок пакрысе пачала праступаць пратаплазма. «Падалося!» — перш падумаў прадпрымальнік. Потым падышоў паглядзець, памацаў падэшвай. Пляма пачала пашырацца, пратаплазма —пагрозліва пабулькваць. Пакрысе паказалася пуза, потым перапонкі. Павал Патапавіч пазнаў пудзіла: пяцісотпяцідзесяцітонны перапончатакрылы пучавок. Па-лаціне: puchavokus pachvarus. Палеантолаг Пупскі почасту падрабязна пісаў Патоцкаму пра падобных пачвараў. Пражэрлівыя, панцырныя, перасоўваюцца поскакам, пераносчыкі пульпіту.
Прадпрымальнік пракрычаў: «Пайшоў прэч!», падсвядомасць падказвала прыняць проціяддзе. Павал Патапавіч паспеў паслухацца. Потым (палачкай) працяў пачвару проста праз пераноссе.
— Прафесійны падыход!
Падчас паядынку пладаножкі пучавока пахіснуліся, пачвара паслізнулася, правалілася пад падгнілую паверхню. Пераможца помсліва памачыўся па-над пераносчыкам педыкулёзу, плюнуў пад падлогу, потым пачысціў пінжак. Поўная перамога!
— Перапрашаю, Павал Патапавіч?
Прадпрымальнік пабачыў побач прывабную паненку, пэтэвэшніцу: панчохі, паўбоцікі, прыгожая прычосачка. Павітаўся. Прыгажуня прыветна падміргнула, падышла, пяшчотна пагладзіла патыліцу прадпрымальніка, пацалавала: падарыла пятнаццаць палкіх пацалункаў. «Пакіньце пурызм пурытанам!» — пераканаўся Павал Патапавіч, пашукаў па портках. Паненка падазрона паглядзела, потым па-драпежніцку пазяхнула. Пацягнула похвай! Потым… Псеўдапаненка, паганы перапончатакрылы пучавок-паліморф праглынуў Патоцкага, паменшыў пагалоўе прадпрымальнікаў… Падмануў, пярэварацень…
Читать дальше