Анка Упала
На заснежаны востраў
«Känna tiden som passerar [1] «Адчуваць час, які прамінае» (швед.) – радок з папулярнай песні «Just nu» / «Проста цяпер» на словы Тумаса Ледына, якую ў розны час выконвалі Тумас Ледын і Лале Пуркарым.
»
Фота Алена Казлова
© Алена Казлова, 2017
© ІП Янушкевіч А.М., 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
І
Электрычка да Стакгольма
Паміж ранішнім зімовым сонцам і вокнамі цягніка, які вязе мяне ў горад, дзе я нарадзілася, праносіцца гіганцкая, уровень з дрэвамі, срэбная ліса, шырокі хвост паралельна спіне. Кончыкі паўсцінак ззяюць у кантравым святле.
У плацкартным купэ я займаю ніжнюю паліцу, больш тут нікога няма. Абапёршыся на заплечнік і закінуўшы нагу на нагу, сузіраю бег светлавых плямаў за шыбамі.
Я вярнулася ў Беларусь месяц таму і яшчэ не да канца прызвычаілася, што я цяпер зноў тут, а тыя, з кім я прабавіла тры месяцы, засталіся ў іншай бурбалцы жыцця. Паміж намі павісла маўчанне.
Згадваю той вечар, калі мы ўтрох блукалі па стакгольмскіх вуліцах і я пачула, як разважлівая Тунтэматон, пацвельваючы з меланхалічнага настрою нашай малодшай прыяцелькі, сказала:
– Жыццё як электрычка, так, Фартун?
Я прапусціла папярэднюю частку размовы і таму зацікаўлена спытала:
– Чаму? Чаму жыццё як электрычка?
– Ідзе хутка!
У Яблычны горад я прыехала напрыканцы лета, каб удасканальваць сваю шведскую мову ў школе для дарослых.
Сустрэў мяне тутэйшы настаўнік гісторыі і матэматыкі барадаты балбатун Увэ, які выдаў мне ключы ад пакоя і троху павадзіў па мястэчку. Увэ ані разу не перайшоў са мной на англійскую мову. Вось так адразу кінула мяне ў гутарковую шведскую, як шчанючка ў ваду. Пазней высветліцца, што мне не так і проста разумець Увэ. Але пры першай сустрэчы нейкім чынам, відаць, ад стрэсу, я разумела амаль усё, што казалі ён і мілая рэцэпцыяністка Сара з пірсінгам і рукамі ў татухах, якая на маю просьбу прынесла з кухні кантэйнер з абедам.
Мне нязвыкла думаць, што я тут надоўга. У інтэрнат амаль ніхто яшчэ не заехаў. Маёй суседкі па пакоі пакуль таксама няма, я з хваляваннем чакаю яе прыезду.
Раніцай наступнага дня я крыху прагулялася па ваколіцах. У траве поўзаюць буйныя вінаградныя смаўжы са светлымі ракавінамі. Попаўзні скачуць па таўшчэзных дубах ля Стурагордэна, аднаго са школьных карпусоў, дзе на другім паверсе месціцца кухня і абедзенная заля, а на першым – рэцэпцыя і кабінет рэктаркі. Каб трапіць да Стурагордэна, трэба ўзняцца на самы верх высокага пагорка, на якім стаяць школьныя будынкі. Я ажно ўзмакрэла, караскаючыся да рэцэпцыі з чамаданам і заплечнікам. Той корпус, куды пасялілі мяне, Стары Вэстэргордэн – ніжэй, ля дарогі і аўтобуснага прыпынка.
У Вэстэргордэне шмат дзвярэй і лесвіцаў, у якіх я блытаюся, забываю дзе і што, як сюды ўваходзіць і адсюль выходзіць. Учора заблукала і замест свайго пакоя ўварвалася да нейкай дзяўчыны ў бялізне. А сёння, калі я ляжала на ложку, да мяне раптоўна зайшоў тэхнічны супрацоўнік, страшна сумеўся і выбачаўся.
Возера, чаратовыя берагі якога добра відаць з вокнаў майго пакоя, – гэта Мэларэн. Яно агромністае, але з-за няправільнай формы з мноствам вузкіх заліваў такім не падаецца. Па ім раскіданая процьма астравоў, некалькі ляжаць тут непадалёк.
На возеры жывуць ныральніцы чомгі і лыскі. Падчас прагулянкі я звыкла лічыла, як надоўга яны затрымліваюць дыханне, даўшы нырца. Чарада гусей праляцела над сваім адлюстраваннем. Ля берага гайдалася ў вадзе вялікая мёртвая птушка.
Я на нервах: прыехала мая суседка. Адразу мне зразумела, што мы вельмі розныя. У суседкі шмат рэчаў, толькі аднаго абутку – асобны вялікі чамадан. Боты ў яе на высокіх абцасах з залатымі спражкамі.
Увэ крыху расказваў мне пра маю суседку, ён памятаў яе з уступнага сумоўя. Завуць яе Мацільда, яна мясцовая, працавала ў кол-цэнтры і любіць падарожнічаць. Мацільда будзе давучвацца па праграме сярэдняй школы.
Мне падаецца, яна, як і я, збянтэжаная сціпласцю інтэрнацкіх умоў і адсутнасцю прыватнай прасторы. Напэўна, і мной як суседкай. Калі яна ўвайшла, я сядзела на ложку – непрыбраная, у чорных спартыўных штанах, даўгавязая светлавалосая кудлатая чужынка. Мацільда нашмат маладзейшая за мяне, хоць з-за густа пакладзенай касметыкі гэтага адразу і не зразумееш. Ёй усяго дваццаць, а мне трыццаць пяць. Я так разгубілася пры яе з’яўленні, што ледзь не забыла ўсе шведскія словы. Але так-сяк прадставілася, прапанавала дапамагчы зацягнуць яе торбы з вуліцы. Мая дапамога не спатрэбілася, суседка прыехала з сям’ёй: мамай, татам і малодшай сястрой – яны дапамаглі з рэчамі.
Читать дальше