Нічога мне не вымаўлялі, але я не ведала, куды падзецца ад няёмкасці. Тут паўсюль на прычалах напісана “прыватны”, але на гэтым я прачытала слова, якое значыць “агульны”. Мацільда, у якой я пыталася пра гэты подпіс, сказала, што там можна сядзець, калі так напісана, але я ўсё адно не была ўпэўненая. І не дарэмна. Перад сыходам паглядзела на шыльду – там яшчэ напісанае слова “ ej ”, якога я не ведала. Гляджу ў слоўніку – гэта адзін з варыянтаў адмоўнай часціцы. Значыцца, на шыльдзе напісана “ Не агульны” .
Яблычны горад – мястэчка, дзе ў маляўнічых вілах з прыгожымі садамі і прысядзібнымі дзялянкамі збольшага жывуць заможныя людзі сталага веку. Апроч нашай “народнай школы” для дарослых, ёсць яшчэ крутая гімназія з інтэрнатам. Дзеці з гімназіі носяць уніформу і маюць рэкламны выгляд, учора міма мяне праехаў на ровары хлопчык у беласнежнай кашульцы і шлеме. Шведскі школьнік, як з карцінкі.
У абедзвюх школах вучацца не толькі мясцовыя, але і замежнікі рознага паходжання. У нашай школе іх асабліва шмат, і я не ведаю, наколькі гараджанам гэта даспадобы. Нядаўна я не магла знайсці ў краме цукар і, паколькі нікога з супрацоўнікаў паблізу не было, доўга не думаючы, спытала, ці не ведаюць яны, дзе звычайна цукар, у пажылой спадарыні і спадара, якім надарылася стаяць побач. У Мінску так спытацца – звычайная справа. Але па твары спадарыні і па тым, з якой здзіўлена-абуранай інтанацыяй яна перапытала пра маю патрэбу, я зразумела, што ўчыніла неверагоднае і парушыла мяжу, якую пераходзіць нельга. Вынікае, я зноўку села ў лужыну.
Вяртаючыся з возера, сустрэла ля школы Зэйна, сірыйскага хлопца з нашай групы, які курыў за столікам на двары, і вырашыла развеяць фрустрацыю гутаркай.
Яшчэ да пачатку заняткаў я аднойчы напаткала яго на вуліцы: ён ехаў на ровары і прыпыніўся, каб спытацца, дзе знаходзіцца крама. Тады я адказвала па-ангельску і не ведала, што гэта будзе мой аднагрупнік. Сёння я вырашыла, што трэба пагаварыць з ім па-шведску. Змагла падтрымаць размову – пра надвор’е, вучобу, пра тое, што ён любіць рабіць і як я тут пачуваюся. Мне галоўнае ўтаймаваць сваю нервознасць і ўзяць сябе ў рукі. Калі людзі даведваюцца, што я жыву ў Швецыі толькі некалькі дзён, то робяць вялікія вочы. Для такога кароткага тэрміну моўнай практыкі я гавару і разумею шмат. Я маю намер браць шведскую мову штурмам. Зэйн жыве ў краіне тры гады і ўжо прайшоў курс шведскай. Не дзіва, што так добра балбоча. У нашай групе ён таксама дабірае балы, каб скончыць сярэднюю адукацыю.
Смешна, што Зэйн пацікавіўся, ці замужам я і ці ёсць у мяне хто. Яму дваццаць. Большасці ў школе каля таго. Я старэйшая амаль на яшчэ адно ягонае жыццё. Шчыра прызналася, колькі мне – ён быў уражаны. Я кажу: “Ты такі малады”. А ён: “Я дарослы!” Потым дадае: “Ну, малады дарослы”.
Падчас сядзення на прычале мне надзьмула ў твар, і цяпер ён гарыць. У Швецыі ветранае надвор’е даволі частае, я заўважыла гэта яшчэ па ранейшых візітах у Стакгольм. Стакгольмскі вецер аціхае ўвечары, і толькі тады добра быць на дварэ. Пасля прагулянак у Яблычным горадзе, калі я не хаваю твар у капюшон, то ў канцы дня пачуваюся так, быццам мне надавалі аплявухаў. Спытала ў Мацільды, што шведы робяць, каб уратаваць твар ад ветру. Кажа, што нічога не робяць. Пра тое, што шведскі вецер нейкі асаблівы, яна ніколі не думала.
Ніна сказала, што многія сталыя людзі ў Швецыі часта не хочуць нават размаўляць з табой, калі ты чужынка – з ёй такое здаралася.
Адна шведская дзяўчына, Сандра, з першых дзён пачала вітацца са мной па-руску “ прив’ет, Алена ” і сказала, што ў мяне прыгожае імя. Я пачынаю разумець, што гэта рэдкая адкрытасць, і асабліва цаню, калі нехта так паводзіцца. Навучыла Сандру беларускаму слову “ прывітанне ”, і цяпер яна кажа так.
У мясцовай кнігарні купіла вызначальнік птушак з фотаздымкамі, каб вучыць іх назвы. Гляджу, як гэта будзе па-шведску: верабей, сарока, белая пліска, лыска, попаўзень… Вось канадская казарка – карычневае пер’е, чорныя шыя і галава з белымі шчокамі. Гэта вялізная, моцная і баявітая птушка з трубным голасам. Тут я пабачыла іх упершыню: тоўстыя, цяжкія, гэтыя гусі могуць падоўгу стаяць на сваіх тонкіх нагах, быццам у летаргіі. Залётны від, кажуць, раней тут такіх не было. Я сфатаграфавала казарку пад шведскім сцягам на лодцы. Сцягоў у Яблычным горадзе – на кацерах, што калыхаюцца ля прычалаў, і ў дварах дамоў на флагштоках – гэтулькі ж многа, як і казарак. Шэрыя гусі драбнейшыя памерам, у іх ярка-аранжавыя дзюбы і белыя падхвосці. Качкі-крыжанкі шпацыруюць ля берага, перавальваючыся на перапончатых лапах. Я бачыла аднойчы, як малы школьнік пабег за адной. “Не ганяйся за імі!” – хуліган быў хутка прыпынены класнай выхавацелькай. У Швецыі і жанчыны, і мужчыны працуюць у выхаванні. У нашай школе маецца курс, які рыхтуе да гэтай прафесіі.
Читать дальше