— Глядзі, Балахоне, — сказала царыца, ведучы яго паміж ложкамі. Тут ты знойдзеш сабе жонку.
Балахонавіч спыніўся і закашляўся. Вавёрыца паляпала яго па спіне.
— Табе зараз таямніцу адкрыю. Гэта ж не проста нявесты, а настаўніцы!
На шчоках Балахонавіча з’явіўся ўсхваляваны румянец, ён ледзь не сеў на халодную падлогу — тут таксама быў бы дарэчы віцебскі дыван падвышанай калматасці, але яго не было. Рэч у тым, што сам Балахон Балахонавіч настаўнікам нарадзіўся, але ў сваёй школе быў адзіным прадстаўніком сабе падобных (партрэт дырэктара школы, безумоўна, нельга лічыць кампаніяй) і прызвычаіўся да самоты. Бачыць сапраўдных жывых настаўніц яму яшчэ ніколі не даводзілася. Ці варта казаць, што сэрца ягонае шалёна закалацілася.
Стаіўшы дыханне, ён разглядаў твары. Настаўніцы былі адна прыгажэйшая за другую: бялявыя і чарнявыя, рудзенькія і паголеныя налыса, смуглявыя і светласкурыя, худзенькія і не вельмі — на любы густ. Але вавёрка цягнула яго ўсё далей і далей, пакуль яны не наблізіліся да самага вялікага і высокага ложку, закрытага полагам.
— Прыйшлі, — сказала Вавёрыца. — За твае, Балахоне, выбітныя вартасці вырашыла я аддаць табе за жонку самую прыўкрасную перліну з гэтай скарбніцы!
Балахон схапіўся за галаву — ці магла існаваць настаўніца, прыгажэйшая за тых, што ён бачыў толькі што?
— Ідзі і глядзі, — вавёрка адпусціла яго руку, і настаўнік на дыбачках увайшоў пад полаг.
Ах і вох! На тонкіх шаўковых прасцінах, пад коўдрай з лёгкага і цёплага сінтэпону ад ААТ «Магілёўхімвалакно» спала не проста настаўніца — Балахонавіч адчуў гэта інтуітыўна, — пад залатым полагам спала Выкладчыца. І апісаць яе прыгажосць не можна ніякімі словамі, таму нават не будзем і спрабаваць. Адзначым толькі тое, што Балахон Балахонавіч адразу зразумеў, што гатовы жаніцца.
— Ну, з богам, — сказала вавёрка.
Балахон Балахонавіч нахіліўся, каб пацалаваць выкладчыцу. І ў той момант, калі настаўнік быў так блізка да мэты, балахонаўская нага наступіла на фіранку. Час замарудзіўся. Балахонавіч убачыў, як нібыта ў акварыуме з гелем, канструкцыя над ложкам едзе ўніз і абрынаецца на выкладчыцу, узнімаючы ўверх зорны пыл, што пакідаюць пасля сябе феі, убачыў, што міма яго пралятае царыцын хвост разам з царыцай жа, і, праплываючы міма ягонага твару, яна бязгучна крычыць яму: «Лягай, Балахон!», але гэта запозненая прапанова, ён і сам падае, і на яго падаюць нейкія бясконцыя тканіны і карункі, і грыбы, і яблыкі, і вось ён не лісток ужо, а саспелы гомельскі яблык, што боўтнуўся ў ваду і ўсплыў, і плыве цяпер па шырокай шэрай рацэ, пагойдваючыся і вымалёўваючы хвосцікам спіралькі, і ад чагосьці цёпла ўнутры, хоць і прахалодна звонку. …БУМ!!

***
Проста ў твар Балахонавічу цурчэла вада. Ён чмыхнуў і сеў, выцер далонямі мокры твар. Паступова сфакусаваўся зрок: побач стаяла занепакоеная вавёрка з бутэлькай, напалову поўнай вады.
— Балахонаў, гэта не я! Гэта цябе яблык па галаве стукнуў! Проста, разумееш, ты сеў, а ён…
— А дзе ж?.. Дзе выкладчыца?! — перабіў Вавёрыцу педагог.
— Якая выкладчыца? Не ведаю ніякай выкладчыцы.
— Ведаеш! Куды ты яе падзела?!
— Я пайшла дадому, — сказала вавёрка.
— Ага, зараз!
У адчаі Балахон Балахонавіч схапіў падступнае стварэнне, узняў над галавою і патрос.
— Ууууууу!!! — крычаў Балахонавіч.
— Аааааааа!!! — крычала вавёрка.
Яна махала лапамі, але выкладчыца не з’яўлялася.
— Малады чалавек, не мучце жывёліну.
Паважны спадар у акулярах асцярожна выняў вавёрку з аслаблай настаўніцкай рукі. У спадара былі вусы і барада. «Нейкія такія з сэнсам, ці што», — падумаў Балахонавіч.
— Бяжы, божае стварэнне, — сказаў барадаты спадар, паставіў вавёрку ў траву — і яна тут жа кінулася наўцёкі.
— А я вас пазнаў, — сказаў Балахонавіч. — Вы Валакуд, і вас няма!
— Я проста іду… — барадаты спадар задумаўся. — Я проста іду, — завершыў ён упэўнена, і сапраўды павярнуўся і пайшоў. За спінай у яго быў турыстычны заплечнік, поўны антонавак.
Балахон Балахонавіч падумаў, што Валакуд напэўна ведае, дзе выкладчыца, але дакладна яму нічога не скажа, і даганяць яго бессэнсоўна. Ён узняўся, цяжка ўздыхнуў, падабраў з зямлі антонаўку і пайшоў у іншы бок, каб кінуць яблык у Сож.
Ірыне Звярковай
Жыла-была аднойчы жоўтая хатняя мыш, і звалі яе Іхка. Па памеры малая, па розуме вельмі разумная. Захацела аднойчы Іхка набыць сабе каштоўнае паліто з пясцамі, каб ні ў каго гэткага не было. Прыходзіць яна ў краму дый кажа:
Читать дальше