—Дзед, ты куды? — падбег. Патрусіў побач. Сёмы годзік хлопцу, але высакаваты — яму ўжо вунь па грудзіну. Чорныя што смоль валасы, вочы. Увесь у бацьку.
—Далёка, — усміхнуўся. Перад унукам, якога пакінуў бацька, не мог быць строгі.
—I я хачу з табою, — папрасіўся Пецька.
—Босы? Без маечкі? — запытаў з мяккім дакорам.— Там цябе авадні скусаюць, змяя цне. Прыедзе ў суботу маці, захоча ўбачыць свайго аднаго-адненькага сыночка — а Пецька хворы... Дык яна ж тады дзеда i бабу з хаты выгане... Ідзі лепш у сад, парэчак спелых пашукай ці трускавак.
Пажартаваў, прытуліў унука — той прыхінуўся, з мальбою пазіраў у вочы. Не памятаючы бацькі, не ведаючы мужчынскай ласкі, цягнецца да дзеда. За ім — як нітка за іголкаю.
Пазіраючы ў вялікія i глыбокія ўнукавы вочы, Лявончык зноў сумеўся. A раптам i ў ix хутка заявіцца папрок? Родныя дзеці гэтаксама некалі цягнуліся да яго, надта сыны, але пасля, калі пасталелі, пайшлі ў людзі i пабачылі свет, не толькі зчужэлі, папікалі за мінулае, a i адвярнуліся...
— Застанься дома, унучак, — папрасіў.— Я хутка вярнуся. Заўтра ўжо вазьму з сабою. Паедзем на коніку ў лес па галлё.
Пецька паслухаў, адстаў. А Лявончык зірнуў туды-сюды, ці не ідзе хто па дарозе, i прыспешыў крок. Не хацеў ні з кім сустракацца. У апошнія гады ён наогул любіў хадзіць i працаваць адзін, чужаніўся людзей, гулянак, стараўся не пазіраць нікому ў вочы. I людзі абыходзілі яго i жонку, не запрашалі на вяселлі ці хрэсьбіны, не прыходзілі ў пазыкі. Гэтая пагарда, абыякавасць, канечне, не былі без дай прычыны, але зусім забівалі яго дух.
На пыльнай сценцы ляжалі шматкі перапаленага на сонцы, згубленага з вазоў сена. Самыя буйныя Лявончык падабраў i панёс з сабою.
З высокага, забеленага воблакамі неба скочвалася сонца. Гарачыня спала, але ў паветры ўсё роўна адчувалася спякота. Відаць, на днях зноў, як i перад паездкай на Шубін, павінна адшугаць навальніца.
Адчуваючы напружанне, Лявончык закрочыў хутчэй. Міжволі, як i заўсёды, захацелася прайсці, мінуць выган за вёскай. Але зноў жа міжволі, як i раней, зірнуў направа, на ўзгорак, дзе стаяў помнік.
Высокі шэры абеліск, з чырвонаю зоркаю наверсе, з выбітымі прозвішчамі загінулых вяскоўцаў, узвышаўся ў невялікім зялёным скверыку, які некалькі гадоў таму пасадзілі школьнікі. Некалі тут, у яміне, навек палеглі партызанскія сем'і...
...Тады гэтаксама быў чэрвень. Тры немцы, два паліцэйскія i Лявончык гналі да Глінішча Адама Салавейчыка, яго жонку, унукаў i сям'ю Рыгора Бурака.
У Глінішчах былі глыбокія ямы, тут звычайна кожны год капалі гліну i мел.
Людзей вялі расстрэльваць.
Кабеты галасілі, прасілі ў канваіраў літасці. Малілі заступіцца за ix i яго, хоць ён нічым не мог ім памагчы.
Людзей паставілі ў рад каля свежай глыбокай яміны. Начальнік-немец, высокі рабаціністы афіцэр, зачытаў загад. Чытаючы, афіцэр то падымаў за бліскучы брыль фуражку на галаве, то апускаў i пасля трымаўся за жоўтую дзягу альбо, прыпаднімаючыся на дыбачках, ляпаў па жоўтай кабуры. Ён, як казалі, не толькі камандаваў расстрэламі партызанскіх сем'яў, але i сам меў ахвоту страляць у патыліцу. Калі заяўляўся ў якой-небудзь вёсцы, разам з ім туды прыходзіла i смерць.
Калі перакладчык, рыжы вайсковец, ператлумачыў загад, людзей змусілі павярнуцца тварам да ямы. Лявончык, стоячы каля паліцэйскіх, чакаў, што неяк усё абыдзецца ціха, не будуць расстрэльваць яго аднавяскоўцаў — толькі напалохаюць. Але бачачы, як рабаціністы расшпільвае жоўтую кабуру i дастае зброю, адчуў: не, не абыдзецца, загубяць людзей. Ад гэтага адчування аж задрыжалі яго калені ды закалаціліся рукі: як гэта страляць у сваіх людзей?
Пачулася каманда — усе паднялі карабіны. Ён — таксама. Першы стрэліў рабаціністы — тут жа кулём паляцеў у яму Адам Салавейчык. Лічы, у гэтую ж самую хвіліну афіцэр зноў нешта крыкнуў — пальнулі з карабінаў астатнія немцы i паліцэйскія.
Дзеці пападалі — хто ў яміну, хто тут, на абрыўку. Адамава нявестка, Ганна, хіснулася, але ўстояла і, нечакана павярнуўшыся, закрычала:
—Звяры! Душагубы! Дзетачак — за што?..
Хтосьці яшчэ стрэліў — i Ганна кульнулася ў яміну.
—А ты чаго не страляеш? — раўнуў над самым вухам Лявончыка старэйшы паліцэйскі, Стась Найдзён з Пільніцы — адпеты п'яніца i рабаўнік.— Шкадуеш бальшвіцкае семя?
Ля яміны ніхто ўжо не стаяў, але Лявончык не то ад страху, не то ад адчаю схамянуўся i, не цэлячыся, пальнуў з карабіна ў паветра...
З аднавяскоўцаў, якіх пабілі i закапалі ў той дзень, усё ж выжыў адзін чалавек. Увечар, акрыяўшы, выпаўзла з-пад пяску Ганна. I яна, i іншыя сведкі пазней, пасля вайны, прызналі на судзе, што Лявончык не страляў у людзей. Суд узяў гэта пад увагу, змякчыў кару, але зусім не апраўдаў. За тое, што быў у «самаахове», хаўрусаваўся з акупантамі i здраднікамі, даў сем гадоў турмы. I ўсё ж тое пакаранне было не самае страшнае, страшнейшае, як аказалася, было іншае — Ганніна, Рыгорава, усёй вёскі, а таксама сваё асабістае... Колькі ён папакляў ужо, што паслухаў паганага чалавека, уцягнуўся ў тую «самаахову», павёў разам з забойцамі ў той страшны дзень людзей да Глінішча. Апрача яго ў «самаахове» было яшчэ некалькі мужчын з вёскі, але яны здолелі схавацца тады, калі наляцелі карнікі. Ім людзі не помсцілі, а яго «ўслужлівага», зненавідзелі. I, што ні кажы, за вяскоўцамі праўда, а не за ім...
Читать дальше