Пазней, пад полудзень, нечакана між хмар выблісквала сонца — ужо высока ад зямлі, — разганяла туман, хмары, i пачынала бачыцца блакітнае неба. Падсушвалася паветра, падсушваліся барозны разагнанай з раніцы бульбы — i на зямлю лілося жаўтаватае i самотнае святло. Цяпла, аднак, вялікага ўжо не чулася, бо i сонца было няяркае, нібы астуджанае, i паветра прыкметна настоялася ўжо асеннімі скразнякамі, i зямля астыла, страціла цяпло ад першых замаразкаў.
Калі людзі сама распачыналі працу ў саўгасе ці дома — выбіралі бульбу ды сушылі атаву, — сіваватыя, шчодрыя на ваду хмары зноў згушчаліся, захутвалі сонца, моцна i ўліўпа абрынваліся на зямлю халодным дажджом. Ён быў яшчэ не зусім восеньскі, бо не ліў падоўгу, а нечакана прыпускаў i гэтак жа нечакана аціхаў. Тады было, як кажуць, сем пагод i няможна было ўгадаць, што выдасца на дварэ праз гадзіну.
Вось так часта — амаль праз кожную хвіліну — нечакана мяняўся тады на дні i настрой Міхаіла Апанасавіча. I не таму, што ён да полудня сядзеў дома, быў зусім адзін (гаспадыня хадзіла ў саўгас на працу, а яе дочкі — у школу), пасля ішоў вучыць сваіх другакласнікаў, якія прыходзілі на другую змену. Нe. Відаць, трывожна, a калі i сумна яму было ад іншага — што ён тут, у Міланьках, быў чалавек новы, прыезджы i ўсе тутэйшыя людзі, як i калегі-настаўнікі, былі незнаёмыя. Хоць адчуваў, што дырэктар пра яго ад загадчыка райана ведае многае i тое-сёе расказаў пра гэта астатнім настаўнікам i яны гэтаксама адчуваюць, які ён чалавек, як склаўся ў яго лёс...
Такую-сякую цікавасць да сябе ён адчуваў, хоць i думаў, што ён, гэты інтэрас, мог быць i ад таго, што ён новы чалавек тут. А да новых людзей заўсёды пільна прыглядаюцца.
Неяк паволі ён сам адчужваў сябе ад калектыву. I не таму, што сёлета адзін быў тут новы, а болей таму, што меў скрытнаваты i сарамлівы характар, які не дазваляў яму хутка пазнаёміцца ды пасябраваць з чужымі, малазнаёмымі людзьмі. Каб яшчэ хто іншы сам пайшоў яму насустрач, сам пастараўся б падружыцца, то i ён тады змог бы адказаць такім жа пачуццём. Хоць тут надта i не было яму з кім пасябраваць.
Алесь Трахімавіч i Іван Сямёнавіч былі намнога старэйшыя за яго, мелі свае клопаты, ды Зубок часта хварэе (вось i ўчора завезлі яго ў бальніцу лячыць жаўтуху), то з ім, хворым, i невядома, як паводзіць сябе, а Рагатка — дырэктар, неяк гэтаксама няёмка шукаць дружбы з ім, начальнікам. Ды яшчэ з надта ж строгім ды дзіўнаватым: то ён суровы, так хмурна пазірае i папракае, што мароз па скуры ідзе, то раптам так неспадзявана з некага пажартуе ці выбухне магутным рогатам, што i не ведаеш, што сказаць, усміхацца ці не... Відаць, ca старэйшых самы кампанейскі — Вяртун. Здаецца, ён добры, спагадлівы, сяброўскі чалавек. Праўда, калі ён вып'е — нечакана мяняецца... Але ў школе спакойны, гутарлівы i жартаўлівы, як кажуць, душа калектыву: без яго намнога сумней было б працаваць... Хоць i з ім сяброўства не ладзіцца: ён сямейны, як адвучыць, дык i спяшаецца дахаты.
Астатнія — маладыя, намнога маладзейшыя за яго. З імі наўрад ці можа быць якое сяброўства: у ix зусім іншыя, чым у яго, клопаты. Настаўніцкія то адны — вучыць дзяцей, памагаць адзін аднаму ў гэтым. Хоць i не зусім адны: яны вучаць амаль усе старэйшыя класы, а ён — маленькіх дзетак, як i Мая Сцяпанаўна. Гэта даволі розная праца, не лягчэйшая, але іншая. Што ж датычыцца пазашкольнага, свайго, то ён ім, маладым, не пара. Там у ix усё рознае... Таму ён, мала спатыкаючыся з маладымі, знаў толькі мужчын, Васільца, Сліжа i маладога Рагатку, ды Маю Сцяпанаўну, з якой разам працаваў у другую змену, a астатніх, надта дзяўчат, нават яшчэ не ведаў, як ix называць па імені i па бацьку.
Ён, відаць, найбольш мог бы пасябраваць з Паўлам Мікалаевічам, з якім кватараваў амаль па суседстве. Мог бы, каб разам хадзілі ў школу, вярталіся з яе, мелі вольны вечар. А то выходзіла так: ён — дома, a Васілец — у школе. I наадварот. А вечарам, позна зусім, ён хадзіў раз да яго, але гаспадыня сказала, што яе кватарант, Павел Мікалаевіч, вечарамі дома не бывае... А пасля i сам пачуў, што той ходзіць да настаўніцы нямецкай мовы... Вось ён так i заставаўся адзін, усё яшчэ ніяк не мог з кім сысціся, адчуваў, што ён, бадай, адзін з прыезджых яшчэ не прыжыўся тут, не прывык да школы i да вёскі...
Як добра яшчэ не прывык i да свайго кватаранцкага жыцця, не так, можа, не прывык, як усё яшчэ не мог звыкнуцца з ім: некалі быў ён жанаты, меў свой добры дом, сям'ю, гаспадарку. I яму, калі меў усё гэта, а пасля прыйшлося пакінуць, то нялёгка было пачынаць усё спачатку — стаяць з чамаданчыкам у руцэ i гадаць, дзе ж знайсці сабе прытулак. Маладыя настаўнікі тут, у Міланьках, i там, дзе раней ён працаваў, здаецца, ахвотна i бесклапотна жылі на прыватных кватэрах, сталаваліся, легка прывыклі да кватаранцкага жыцця, а вось ён, маючы некалі ўсё гэта сваё, ніяк не мог змірыцца са сваім кватаранцтвам...
Читать дальше