На тым месцы, дзе некалі загінулі вяскоўцы, паставілі помнік. Лявончык тады быў ужо дома, працаваў конюхам. Усе на яго пазіралі спадылба, некаторыя нават не віталіся. З-за гэтага яго сыны i дочкі, як толькі пасталелі, пакінулі вёску, родную хату i мала тут паказваюцца. Апроч меншай, якая засталася без мужа i кожнае лета прывозіць ім Пецьку.
Помнік гэты — вечны яму дакор. Куды ні ехаў, адкуль ні вяртаўся дадому, найперш бачыў яго. Толькі абмацвае вяршочак з зорачкаю вока, дык адразу ўсё ажывае ў памяці...
Лявончык разуўся, перайшоў рэчку, падаўся да старой сажалкі. Паблізу быў намошчаны з галля пераход, i па ім, падсохлым, зляжалым, увайшоў у аслонены альхою i густой асакой норт.
Трава стаяла цэлая. Ніхто яе не чапаў. Лявончык абуў сандалі, памянташыў касу, з радасным заміраннем сэрца зірнуў на высокую i густую мятліцу, па-гаспадарску прыкінуў, што павінен згрэбці тут не менш добрага калесніка.
Шахкала каса, спрытна рэзалася i збівалася ў пракос трава. Ён касіў i ўсё больш уваходзіў у асалоду касцовай, гаспадарскай працы, бо любіў работу i ў рабоце заўсёды знаходзіў суцяшэнне.
Нечакана каса, што рэдка здаралася ў яго, урэзалася ў вырыты кратом грудок. Ён асцярожна выцягнуў касу, узяў пучок сырой травы i выцер лязо. Толькі думаў узяцца за мянташку, як пачуў чалавечы голас.
Ад нечаканасці аж сцепануўся. Хто i чаго ідзе? Прысеў, прыслухаўся: нехта набліжаўся якраз сюды, да Ярылавага норта. I не адзін. Здаецца, ішло двое. Мужчына i кабета. Але як ні ўзіраўся скрозь густыя кусты, што асланялі i норт i рэчку, нікога не ўбачыў.
—Во тут ён косіць...— добра пачуў жаночы голас. Голас Ганны Салавейчык.
Мужчына прамаўчаў, а Ганна ўсё гаманіла:
—Яшчэ ніхто сабе не косіць, а ён прыпёрся ўжо, без дазволу пляжыць. Нядрэмны ўрвіцель. Усюды паперадзе ўсіх лезе...
—Ды якая там трава! — пачуўся мужчынскі голас. Брыгадзіраў. Яго, навучэнца сельгасінстытута, часова паставілі ў іхняй вёсцы за брыгадзіра.— Я нядаўна быў з аграномам у тым норце, калі выбіралі для вёскі дзялкі, дык сам усё бачыў. Капы дзве-тры будзе таго сена, не больш.
—За ім нічога не ўлежыць, не ўстоіць, — нападала Ганна.— Усюды дападзе, усё падбярэ.
—Можа, i дарэмна вы ўжо так, цётка Ганна, — прамовіў брыгадзір.— На пенсіі ўжо, але на калгасную работу ходзіць. Куды ні папрасі пайсці — пойдзе. I зробіць усё добра, спраўна.
—Замольвае свае грахі...— сказала Ганна. Здаецца, спынілася. Каля рэчкі.— А душа ў яго чорная, паганая. Кроў людская на ім...
—Пра тое я не ведаю, цётка. Ад людзей чуў, што ён не ў паліцыі, a толькі ў «самаахове» быў i крыві нічыёй не праліў...
—A чаго пёрся ў тую «самаахову»? Іншыя не пайшлі, а ён пайшоў. Бо хацеў паддобрыцца, выгоду мець...
—Я тут у вас новы чалавек, але бачу: як пад зямлёю ходзіць.
—Так яму i трэба, сабаку, — злосна сказала Ганна.— Я сваімі рукамі задушыла б, каб вясёлы быў...— Усхліпнула.— Дзяцей жа маіх першанькіх няма... Вам ён добры работнік, а для мяне...
Замаўчала. Відаць, плакала.
—Кажуць, у «самаахову» тую трапіў па маладой дурноце...
—Раз быў з імі, дык i вінаваты, — перапыніла Ганна.— Былі б жывыя мае дзеці, дык, можа, быў бы i невінаваты... Але ж, кажу, дзяцей маіх няма. Як няма i яшчэ каторых людзей з вёскі.
—Ох, вайна гэтая! — уздыхнуў брыгадзір.— Чаго яна толькі не нарабіла... Колькі яшчэ i цяпер ран ды пакут ад яе!
Галасы аддаліліся.
Лявончык падняўся, адчуў: дрыжаць i ногі i рукі, балюча заныла сэрца, нібы шпількаю кальнула пад лапаткаю.
Больш не касіў. I ахвоты не было, i раптоўна аслабеў. Зноў разуўся, перайшоў раку i пакіраваўся дадому.
Мінуўшы сенажаць, а за ёю лес, вымкнуўся на поле, i першае, што ўбачыў, быў высокі, з чырвонай зоркай i з жалезнаю агароджаю помнік...
1970
Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, надвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.
—Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах.— Я сам запрагу.
—Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ўжо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі...— пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз.— Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш...
Читать дальше