—Прывыкнеш, — усміхнуўся ён.— Пройдзе год-другі, дык i думаць не зможаш, як гэта ты магла раней без такой працы... Як я цяпер не ведаю, як гэта мог раней не быць галоўным канструктарам нашага заводзіка...
—Праца мне падабаецца, толькі вось, можа, зашмат усякай пісаніны, — прамовіла Рэгіна.— Кліенты нашы — народ вучоны, са званнямі ды ўзнагародамі. Глядзіш на ix, вырачыўшы вочы, што ні чалавек, дык талент-выкапень! Адзін такі мілы барадаты дзядуля-ўдавец вельмі сімпатызуе мне: як толькі атрымае ганарар, дык цукеркі прыносіць, у рэстаран запрашае...
—Ты глядзі!— Сяргей кіўнуў на яе пальцам.— Не пагляджу, што ён творац, геній, так трасяну ў рэўнасці, што не толькі згубіць свой талент... Я i ў наш касмічны век па-старамоднаму раўнівы... Трымайся лепш мяне — звычайнага служачага са звычайным акладам...
—А я вось думала: а што, каб i пайсці замуж за гэтага дзядулю? «Волга», дача, кватэра-люкс, жонка акадэміка, бібліятэка i яшчэ спецыфічная кніжка з кругленькай сумай... Колькі там яшчэ ён працыльгікае?..
Сяргей як разгубіўся ці праглынуў язык, бо нічога не адказаў. Толькі мармытнуў нешта, варухнуў вуснамі ды сціснуў ix з крыўдаю.
—Не злуйся, раўнівец старамодны, — яна ўсміхнулася, пагладзіла яго па руцэ, што нервова застукала пальцамі па стале, — Я ж ніколі гэтага не зраблю... Адно, што caгpашу ў думках...
Вярнулася Жэнечка. Прынесла маленечкі графінчык каньяку, пляшку мінеральнай вады, па дзве талерачкі са свежымі гуркамі i сухою кілбасою, бутэрброды з чорнай ікрой.
—Булён, эскалоп ды каву пасля, — сказала яна, ставячы ім стравы на стол, — Смачна вам есці i піць!
—Дзякуем, — амаль у адзін голас адказалі яны.
—Ну, мілы, за твае слаўных трыцдаць годзікаў! — калі Жэнечка адышлася i Сяргей наліў у чаркі пітва, ціха сказала Рэгіна, пазіраючы то на рудую пахкую вільгаць у кілішку, то на пачырванелага ад хвалявання Сяргея.— Будзь i ў сорак, i ў пяцьдзесят гэтакі ж здаровы, шчаслівы, май вялікія ўдачы па рабоце i ніколі не забывай ды не пакідай аднаго знаёмага табе чалавехга...
—Дзякую!— усміхнуўся i ён.— Але давай толькі дамовімся, каб гэты знаёмы чалавек, з якім мы хутка будзем святкаваць гадавіну першай сустрэчы, таксама не забываў мяне, не меў больш ніколі такіх... ну, грозных думак у галаве...
—Ён абяцае табе гэта...— усміхнулася, дакранаючыся да яго кілішка, Рэгіна.
—Вось i добра, — узрадаваўся ён.— Мне болей нічога i не трэба.
Яна плюснула яму раз-другі вачыма, ціхенька пацмокала вуснамі — маўляў, моцна-моцна цалуе яго.
...Як пасядзелі яшчэ, пагаварылі ды патанцаваліся, выйшлі адсюль яны не позна, але i не рана для яшчэ кароткага лютаўскага дня — сама згусцілася, паніжэла над горадам шэрае, як туманістае, неба, неяк жаўцеючы ад агнёў. Ля тратуараў i надта ля дрэў прычарнеўся снег; вакол пакрысе пачаў аціхаць, здаецца, няўмоўчны гарадскі шум, i таму ўжо добра чулася, як i далекавата на шырокіх вуліцах праходзілі аўтобусы ды тралейбусы. Тралейбусы гучна ляскалі падпоркамі аб дрот, бліскалі на стыках агнём, кідаючы долу яркія іскры.
Падхапіўся, паціснуў марозік, пачаў шэрхнуць снег, што крышку прыадтаў за сонечны дзень. Але ўсё роўна неяк адчувалася, трывожыла душу няяснае пачуццё, што свяціла сонца, падалі ў зацішку з дахаў кроплі вады, што цяпер, нанач, загусцелася, правісла яшчэ маленькімі i тоненькімі ледзяшамі, што праталіўся снег ля нагрэтых камлёў дрэў, што мякка ўжо дымеліся стрэхі маленькіх дамоў, што стаялі між высокіх гмахаў, словам, трывожыла, што пара ішла да цяпла... Як гарачым, сухім летам прагнеш халоднай, снежнай ды мяцелістай зімы, гэтак такою вось зімою чакаеш вялікага святла, зелені ды сонечнага прыпёку...
—Спыняем першае, што трапіцца, таксі i едзем...— лагодна сказаў Сяргей, тулячы яе ды моцна абдымаючы за спіну, і, як толькі засталіся адны на вузкай цемнаватай вуліцы, пацалаваў яе ў куточак вуснаў.— Чуеш?
—Не цалуйся на марозе...— усміхнулася яна.— I давай, мілы, пройдземся. Такі слаўны вечар! Хочацца некуды ісці i ісці, як да блізкага свайго шчасця...
—Я вельмі хачу хутчэй быць дома...— ён шапнуў ёй у вуха перарывістым голасам, даткнуўся вуснамі да яе мочкі вуха, што яна аж уздрыгнула.
—Вельмі хочаш хутчэй паехаць?— запытала яна крышку з какецтвам, бо хацела, каб ён гаварыў i гаварыў ёй пяшчотныя словы, туліўся, ад чаго ў яе заўсёды аж перахоплівала дыханне, крышку кружылася галава i на душы станавілася легка.
—Вельмі! — шэптам адказаў ён, прыгарнуў да сябе, пацалаваў.
—Паехалі тады хутчэй, міленькі...— са згодаю прашаптала яна, адчуваючы, што ў яе чамусьці раптоўна аслаблі ногі, але на душы напраўду стала легка, шчасліва, як яна была ў якім харошым сне...
Читать дальше