Васюкоў з людзьмі затаіліся, i Васіль па постацях што набліжаліся, убачыў: ідуць сюды двое. Мурзік загірчэў, чуючы пагрозу, i Васіль наўмысна падаў голас: «Ціха, ціха, Мурзік», каб тыя яго пачулі.
—Гаспадар? — за крокаў пяць запытаў незнаемы.
—Я, — адказаў Васіль, хаваючы ў кішэню пісталет.— Сабаку во суцішваю.
—Чужых няма?
—Не, — прамовіў Васіль, баючыся, што сваім цяперашнім, здрадлівым голасам можа насцярожыць прышлых.
Постаці прыблізіліся. Адзін, крышку ніжэйшы, быў Янка, другі, высокі, ці не ў расхінутым шынялі, быў незнаемы. Па абліччы падобны на таго, што ў той прыход стаяў на варце.
—Чаго так смярдзіць бензінам? — ужо зусім блізка запытаў незнаемы.— На машыне тут быў хто?
—Я знайшоў i прынёс дадому пустую каністру. Вот яна i пахне, — ледзь не заікаючыся ад хлусні ды напружанасці, замармытаў Васіль, здзіўляючыся, які чуйны ў прышлага нюх.
Пакуль Янка падаваў Васілю руку, незнаемы зазірнуў у зямлянку, засвяціў туды, усярэдзіну, ліхтарыкам — ад святла, што адбілася ад сцен зямлянкі, у праёме дзвярэй Васіль убачыў сагнутую постаць незнаёмца — сапраўды ў расхінутым шынялі, з аўтаматам у правай руцэ, у ботах. Патушыўшы святло, відаць сам на свае вочы ўбачыўшы, што чужых людзей няма, той гукнуў савою. Тут жа з пагонкі пачуліся жвавыя крокі.
Стоячы ля Янкі, Васіль адчуў: той падвыпіўшы. Значыць, недзе пілі i рашылі зайсці сюды. Васіль засунуў руку ў кішэню i намацаў пісталет, каб неўзабаве ціха дастаць альбо выхапіць яго i смалянуць рукаяткаю незнаёмца па карку. Але ці зваліш з ног, аглушыш такога спрактыкаванага, асцярожнага бугая?
У гэтую ж хвіліну нечакана ля лугавіны, за былым садам i плотам, успыхнуў агонь i, робячы вогненную дугу, упаў на поплаве, узвіўся слупам i высвеціў дваіх, Вяршка i Крушынскага, што спакойна ішлі да зямлянкі. Тыя аж аслупянелі ад нечаканасці, на міг у адзін час закрылі твары рукамі. Крушынскі нават трымаў у руцэ аўтамат. Пасля адскочыліся: загарэлася над імі зямля. Факел, намочаны ў бензіне i цяпер падпалены, удала ўцэліў у загадзя аблітае бензінам сена на поплаве.
—Рукі ўверх! Вы акружаны!— пачуўся голас Васюкова. З лугавіны.
Двое, Вяршок i Крушынскі, тут жа апамяталіся — відаць, ад звярынага страху — i з нечуваным спрытам пусцілі чэргі з аўтаматаў на лугавіну. У адказ ім бліснуў, панёсся агонь i з лугавіны, i ззаду — з поля. Амаль у адзін жа час абодва рухнулі на дол як падкошаныя — адзін ткнуўся носам, a другі, нібы пераламаўшыся, — гупнуў на спіну. Нехта з ix дзіка заенчыў.
Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.
—Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле, — Ян...— Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.
Нечакана зноў стала ціха-ціха, толькі пры аслабелым святле пачулася, што пахне спалены порах. Да Вяршка i Крушынскага, да Янкі з незнаёмцам з усіх бакоў, прыгінаючыся, пабеглі людзі Васюкова.
—Гатовыя, — сказаў нехта задаволена на поплаве, падбіраючы з зямлі аўтаматы Вяршка i Крушынскага.
Падбіралі зброю i там, дзе ляжаў Янка.
Як не сваімі нагамі Васіль паспяшаўся туды і, дабегшы, пры зусім ужо слабым святле ўбачыў, што Янка шкрэбае праваю рукою па зямлі, глуха стогне. Скроня, шчака яго чамусьці цёмныя-цёмныя — відаць, куля трапіла яму ў галаву, i адтуль, з раны залівае шыю, твар кроў.
—Братцы, — пачулася ззаду, з-пад лугавіны.— Васюкоў забіты...
Тыя, што стаялі ля Вяршка i Крушынскага, пабеглі да таго месца, дзе ляжаў у засадзе Васюкоў; у гэтую ж хвіліну наваколле агаласілася пранізлівым жаночым енкам — з раскінутымі рукамі, галосячы, імчалася ад зямлянкі сюды, дзе стаяў Васіль, Яніна. Але, відаць, позна ўжо было як-небудзь памагчы яе брату...
ЭПІЛОГ
— Ідзі на двор, — загадала Чапроўская, — Ты нічога не паможаш, толькі будзеш замінаць. Ды i не трэба табе, мужчине, быць тут.
Читать дальше