—А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.
—Ды не галадаем, мама.
—Бачу, што надта сытыя... Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім... Шчокі ўпалі, вачэй не відаць...
—Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся, — прызналася Яніна, — але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым... Я нават шчаўе на зіму крышу...
—Зерне пражым, — дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак.— Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць... Там не згарэла, уцалела колькі яблынь... Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць...
—Адным словам, як паны жывяцё, — усміхнулася Чапроўская.
—Ды не прападзём, мама, — сказала Яніна.— Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.
—Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла, — уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале.— Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі... Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца...— горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча, — Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець... A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе... Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара...
—A хіба Васіль ужо не гаспадар? — запытала Яніна, лежачы на палку i, здаецца, ужо ачуньваючы, — Хіба благую зрабіў зямлянку? Хіба не змайструе пазней хату?
—Зямлянка ў вас i праўда неблагая. Відаць, Вацік як быў у партызан, дык навучыўся ў ix, — усміхнулася Чапроўская, крышку падбадзёраная дачкою. Але тут жа, нешта ўспомніўшы, зноў засмуткавала, нават панікла.— Я i з-за вас, дзеці, начэй не сплю, але...— Зусім спахмурнела.— Бачу: будзеце жывыя — будзеце жыць. Не прападзіцё, як вы кажаце. А вот з-за Янака ўтрая мяне цяпер сон не бярэ...— Заплюскала вачыма, не стрымала слёз.— Я спачатку, калі вы прыйшлі i сказалі, што ён вытварыў, не паверыла. Думала: можа, нагаварылі людзі, бачылі ці не бачылі, а плятуць. Калі ўцёк, дык не павінен ён абы з кім туляцца, лаўкі, як кажаце, абіраць, на начальства цяперашняе кідацца... Аж учора чуем уночы стук у шыбіну. Выйшаў Кажушка ў сенцы i тут жа зноў ідзе ў хату. Вас, кажа мне, кліча Янак. У мяне i ногі памлелі, сэрца абарвалася: ускочыў-такі ў пастку, пайшоў па сабачай сцежцы недавярак... «Сыночак ты мой, сыночак, — кажу яму ў хаце, — хай бы ты лепш не радзіўся ці малы памёр... Што ж ты сам губіш сябе? Мяне без пары ў магілу гоніш? Род наш знеслаўляеш?! Яня з Вацікам вунь на бацькаўшчыне ўжо сваёй, жыць як людзі пачалі, а ты... Ды ў той час, калі ўжо Брэсце на нашым баку...»— «Такая ўжо мая доля, мама, — адказвае, — Няма ўжо мне ходу назад. У арміі мяне расстраляюць. I Вяршок расстраляе, калі я сыду ад яго... Буду пакуль што хавацца, а потым, можа, з'еду куды...» — «Ідзі, злыдзень, — кажу, — да Васюкова, папрасі, каб заступіўся. Не ўхаваешся i не збяжыш, не ўратуешся нідзе...» Колькі ні прасіла, ні ўгаворвала, не паслухаў. Узяў чыстую бялізну i пайшоў з хаты ў ноч... Куды, чаго пайшоў, адзін чорт ведае...
Васіль i Яніна паныла маўчалі.
—Вацічак, сыночак, — нечакана толькі да яго загаварыла Чапроўская, — я цябе папрашу як сына... Яня сёння мне сказала, што Янак яшчэ ў вас не быў. Але я ведаю: ён прыйдзе сюды, не ўтрывае, каб не ўбачыць вас. Дык ты, сыночак, як мужчына пагавары з ім. Ты ж сталейшы, разумнейшы. Як кажа Яня, наш гаспадар ужо... Папрасі, змусь, каб адумаўся, не цягаўся з тым бандзюгам. Загубіць жа той яго...
Замаўчала, выцерла канцом белай хусткі слёзы.
—Канечне, пагаворым, мама, — падакляравала Яніна, таксама выціраючы слёзы.— Толькі ці паслухае ён i нас...
—Божачка мой родненькі, — забедавала Чапроўская, — ці ж трэба быць такім нелітасцівым? Як толькі нарадзіўся Янка, дык i маю з ім клопаты. Ды не толькі клопаты — бяссонныя ночы, слёзы, боль. Хіленькі, слабенечкі быў, доўга не мог падняць галоўкі, потым — на ножкі стаць, пайсці... Думалі: не выжыве. Але выжыў, акрыяў патроху, але доля яго ўсё роўна была няўдалая. То шкоду якую зробіць, то скалечыцца без дай прычыны: спатыкнецца на гладкай дарозе, са страхі ці з дзерава ўпадзе, нагу ці палец рукі куды падсуне — пад серп, пад касу, над якое кола... Пайшоў у школу — зноў бяда ды гора. То яго наб'юць смялейшыя дзеці, то настаўнік без дай прычыны прычэпіцца, то нешта паб'е ці перакуліць... Мы i вучылі, i крычалі, нават i білі з нябожчыкам Юзем — нічога не памагае. Ці маўчыць, ці плача... Думалі, гаварылі не раз: перарасце, паразумнее — зменіцца, талкавейшы стане. Аж ён i хлопцам не такі, як усе, стаў. Усе вясёлыя, гаманкія, борздкія, а ён усё задумлівы ды задумлівы, сцішлівы, а то нават нейкі i адрачоны. Як сам не ведае, чаго жыве, што робіць... Вот цяпер аднагодкі, маладзейшыя на фронт ідуць, хто рады, хто плача, а ён маўчыць... А я ж, маці, павінна была ведаць, што ён думаў, чаго хацеў, чаго баяўся... А я не ўведала, не пагаварыла добра...— Залілася слязьмі, — I ён ні разу не захацеў пагаварыць, усё таіўся... А цяпер, божа мой, каму — Вяршку даверыўся...
Читать дальше