Чапроўская панаракала на вайну, на сваю жаночую i матчыну долю, паплакала, выяўляючы ўвесь свой боль.
Пасля, калі пахадзіла па дварэ, агледзела студню, вычышчаны склеп, выпаланы Янінаю гародчык, мальвы, луг, а таксама i блізкае поле з жытам, пшаніцай i бульбаю-самасейкаю, пачала збірацца дадому.
—Я ж вам, здаецца, казала, што Брэсце ўжо на нашым баку, вайна пайшла далей, — загаварыла на развітанне Чапроўская, — але зімаваць, будзьце пэўныя, будзеце тут адны. Людзі нашы яшчэ не скора вернуцца. Дык смела потым жніце з усяго янковіцкага поля жыта, пшаніцу, ячмень, выкопвайце картофлю — зімою як знойдзеце... Праўда, усё, што само насеялася, мізэрнае, але, што ні кажы, дабро...— Схамянулася: — Ага, ледзь не забылася. Дошчачка наказаў, каб сабаку яго прывяла.
Мурзік якраз, стоячы паблізу, залівіста гаўкаў на поле. Дарэчы, ужо каторы дзень, якую ноч запар ён на некага ўсё брэша. Спачатку думалі, што ён цяўкае на немцаў ці на Вяршка з шайкаю, але калі тыя не заяўляліся, дык рашылі, што, можа, брэша на вожыка якога альбо на ваўкоў. Шкода было Васілю аддаваць Мурзіка, бо i прывык да яго, i не ведаў, як заставацца тут, на хутары, без сабакі, без ніякай жывёлінкі. Але нічога не зробіш, мусіў паклікаць таго i ўзяць на вяровачку.
—Я, як сказаў мне пра гэта Дошчачка, хацела знайсці вам хоць якое шчаня, — прамовіла Чапроўская, бачачы, як Васіль i Яніна спахмурнелі, нібы сіроты.— Але не знайшла. Хто i мае, дык не дае. Трымае на развод, думае за гэта нешта ўзяць. Бо не кожны цяпер мае сабаку. Самі ведаеце, павыбівалі ix за вайну...
I калі, яшчэ раз наказаўшы, каб шанаваліся, не знясільваліся, не стараліся зрабіць за адзін дзень столькі, што трэба рабіць тры дні, падалася з хутара, дык Мурзік паплёўся з ёю нехаця, упіраючыся.
Яніна i Васіль доўга пазіралі ім услед са шкадаваннем ды са скрухаю.
Самотныя яны былі ўвесь астатні светлы дзень. Васіль моўчкі, прыцягнуўшы скінутае на дарозе бервяно, плазаваў камлюкі, Яніна таксама на адзіноце тупалася каля зямлянкі, гатавала вячэру. Толькі ўжо ў цёмны вечар, калі ляжалі на тапчане, парушылі затоенасць, разгаварыліся.
—Дык што табе сказала маці, калі я цягнуў калёсы, а вы ішлі ўслед? — запытаў ён.
—Ты што, чуў, што мама нешта мне гаварыла? — здзівілася Яніна.— Яна ж, лічы, шаптала...
—Не чуў, але здагадаўся. Яна, здаецца, гаманіла за нешта якраз на цябе.
—Бач, які здагадлівы, — прытулілася да яго.— Але жывы будзеш, калі i не ўведаеш. Яна мне пра мяне гаварыла...
—Пра што?
—Спі, — чамусьці не хацела прызнацца яна.— Ты ж натаміўся, адпачні.
—Лаяла, што выйшла за мяне замуж? Ці за тое, што згадзілася ca мною ехаць без часу сюды?
—Ну i зяць! Цешча з усёю душою да яго, а ён, бач, які недаверлівы!— папікнула.— Кажу ж, мне пра мае гаварыла... Ну, па-жаночаму...
—А ты скажы, каб я ведаў, — настояў, не разумеючы, чаму Яніна штосьці недагаворвае.
—Ну i ўпарты! — лагодна прамовіла яна.— Ну, казала, што мне ўжо няможна ні цяжкае падымаць, ні саскокваць зверху, ні рэзка нагінацца... Іначай... ці мне што, ці яму, ну, казала, бывала, што кабеты i паміралі ад гэтага альбо вось так губілі тое, што насілі...
—Больш не будзеш ні бярвён падымаць, ні зямлі варочаць...
—Хочаш, каб я жыла? Сына табе нарадзіла?
—От кажаш! — падакараў.— Нашто ж тады гэтая зямлянка, калі... Я жыць без цябе не захачу...
—Ты праўда кахаеш мяне? I моцненька? — запытала яна з радасцю.
—Я ж табе казаў.
—А ты яшчэ раз скажы.
Ён таксама ад радасці ўсміхнуўся: ну i гэтыя кабеты! Вось дык любяць лагодныя, пяшчотныя словы, прызнанні ў каханні!
—Чаму ты маўчыш? Не кахаеш?
—Не, — зноў усміхнуўся.
—Які паганы! — прытворна пакрыўдзілася.— Я ведаю: ты, можа, ужо i каешся, што ўзяў мяне, можа, цяпер думаеш пра Данусю-пястусю. Хіба з ёю ты гэтак пакутаваў бы!
—Канечне, не гэтак...
—От бачыш! — цяпер, здаецца, пакрыўдзілася па-сапраўднаму ўжо. Яна, як i кожная маладая жонка, была вельмі раўнівая.
—З ёю пакутаваў бы ў дзесяць разоў больш...— прамовіў ён.— А з табою мне ўсякія накуты не страшный...
—Каб жа ты праўду казаў...— адпусцілася, але не спяшалася дараваць яму яна. Папікнула: — Скупец! Шкадуеш добрае слова лішні раз сказаць... Ты — мужчына, табе, можа, i не трэба тыя словы, а я ж — кабета, мне хочацца i гаварыць, i чуць ласкавае, далікатнае...
Дагаварыла i замерла; у гэтую ж хвіліну наструніўся i ён: здаецца, на дварэ штосьці піснула жывое. Прыслухаліся. Цяжка было даць веры, але мяўкаў кот. Жаласна, нібы просячыся ў хату. I адкуль ён тут узяўся?
Читать дальше