Спакойны, нават марудлівы, русявы масквіч Казлоў дастаў з кішэні афіцэрскіх штаноў новенькі, белы, з карычневым дрэвам трафейны губны гармонік, прыклаў да вуснаў i зайграў. Незвычайна ўрачыста, лічы, у прывыклых да нямецкіх маршаў i адвыклых за вайну ад сваёй ці вось такой музыкі вушах пачулася гэтая незнаемая, але шчырая, узнёслая мелодыя, здаецца, запаланіла, узвысіла ўсіх, i ў Васіля ў гэты момант аж сціснулася ў горле ад нахлынутай радасці i затоенай трывогі. Яніна, як заўважыў, не вытрывала, моўчкі заплакала.
—Сапраўды, аж усё ў душы перавярнулася...— калі аціхла музыка (праўда, узнёслы дух яе па-ранейшаму быў у пакоі), усхвалявана прамовіў Васюкоў. Відаць, гэты нечакана мірны, пасляваенны ўжо, сціплы i ў той жа час велічны абрад таксама ўразіў, расчуліў яго мужнае сэрца, што абнемагло ўжо ад вайны i яе суровага жыцця.— Усё будзе добра. Нашы вызвалілі ўжо Мінск. На днях будуць тут. Дык i правільна, трэба дбаць пра жыццё, пра будучыню...
Паціснуў ім рукі, пацалаваў у шчокі.
—Віншую! — усміхнуўся i — мужчына, баец — не выцерпеў, сцёр даланёю буйную слязу, што выплыла i хутка пакацілася па выгаленай шчацэ. Стукнуў кулаком у сцяну, гукнуў: — Вольга! Нясі свае ягады.
Тут жа зайшла сюды радыстка Савельева — высокая, светлавалосая, у зялёнай спадніцы i гімнасцёрцы, падпяразаная салдацкім рэменем маладая дзябёлая дзяўчына. Перад сабою несла поўны кацялок спелых суніц. Высыпала ix на стале, на падрыхтаваным Васюковым чыстым лісце паперы. Суніцы запахлі лесам, сонцам, гарэлі на белым лісце чырвоным цяплом дабрыні i сардэчнасці.
Васюкоў у гэты час дастаў з-пад стала нямецкую паўтарачку з ромам, з ніжняй шуфляды — зялёныя кубкі.
—Грэх не замачыць такую падзею, — усміхнуўся, наліваючы пакрысе пітво ў пасуду.— Падарунак, праўда, уручыць цяпер не можам. Не ўдасца выставіць i шчодрых ласункаў. Затое шчыра, ад усёй душы пажадаем хуткага заканчэння вайны, міру, трывалай сям'і, любові, шчасця! — Патрымаў міг кубак з пітвом у руцэ, а пасля сказаў усміхаючыся: — Горка!
Услед за ім, ляскаючы далоньмі, загаркавалі i ўзнёслыя Казлоў ды Савельева. Яніна i Васіль злёгку пацалаваліся.
Яніна дагэтуль яшчэ не піла ні гарэлкі, ні віна, дык памачыла толькі вусны, зморшчылася; Васіль пасля хваробы-жаўтухі таксама не ўжываў ніякага спіртнога пітва, але цяпер не мог ад яго адмовіцца.
Ром быў цёплы, адмыслова, не зусім прыемна, пахнуў, дык піўся з неахвотаю. Але Васхль, уздрыгваючы, лічы, пакрываючыся пупырышкамі, нібы ад холаду, апаражніў усё, адчуваючы, як апякло горла, нутро, пайшла па жылах цеплыня i сёння — ці не без прывычкі — тут жа шыбнула ў галаву лёгкім хмелем.
— Частуйцеся, — запрасіла Савельева (яна выпіла сваю долю не зморшчыўшыся) i першая ўзяла колькі суHin, .— Няхай у вашым жыцці, Янька i Васька, будзе шматшмат салодкага, як i гэтыя ягады...
Падзякаваўшы, Васіль укінуў у рот колькі суніц — яны сапраўды былі салодкія, прыемныя, перабілі досыць нясмачны пах рому. Усе астатнія таксама закусвалі суніцамі, усміхаліся, былі задаволеныя i радыя.
...Чапроўская блаславіла ды пацалавала ix яшчэ на ганку, запрасіла ў хату. Цяпер гэтая кабета, апранутая ў святочную чорную, з чырвонымі кветачкамі сукенку, абутая ў туфлі, хоць i плакала, але здалася зусім не строгая, вельмі лагодная, як i яго, Васілёва, маці.
—Кажушкі паехалі на сенакос, сказалі, што папрывецяць вас ужо ўвечар, — сказала яна.— Так што садзіцеся за стол, будзем палуднаваць. Во i мне трэба бегчы туды, да ix, — Калі падала па місцы гарачага, без мяса ды косткі, але добра забеленага смятанаю шчаўя, па лусце хлеба, запынілася каля стала i сказала маркотна: — Выбачайце, дзеці, што не частую як след, не прымаю гасцей... Што вяселле ваша як i не вяселле... Быў бы іншы час — дык усё было б па-другому, інакшаму...
—Нічога, мама, — жвава прамовіла Яніна, садзячыся за стол.— Затое нас добра пачаставалі ў сельсавеце. Нават i выпілі патроху.
—Хто ж вас так прывеціў? — не то ўзрадавалася, не то засмуткавала Чапроўская. Узрадавалася, відаць,
з-за таго, што ix, маладых, уважылі чужыя людзі, засмуткавала, пэўне, з-за таго, што, як сказала, не можа як след адсвяткаваць сама.
—Васюкоў, — адказала Яніна.
—Добры чалавек, — пахваліла яго Чапроўская, — дай бог яму добрае здароўе, доўгае жыце...
Васіль моўчкі сёрбаў шчаўе i ў размову не ўступаў. Па-першае, ён бянтэжыўся перад Чапроўскаю, што ўжо не толькі пасягнуў на яе дачку, але ўжо i яе зяць, па-другое, ён зусім ап'янеў. На яго лобе, здаецца, выступіў густы пот. Ап'яненне гэтае, канечне, было часовае, неўзабаве той глыток рому, што ён выпіў, павінен быў разысціся, страціць сваю моц.
Читать дальше