У войска паслаць мяне не захацелі: стары. Прыставілі да коал. Гэта такія маленькія мядзведзі, харчуюцца лісцямі эўкаліпта, а ў іх шмат алкаголю, таму яны ўсё жыццё п'яныя. Цэлы дзень у парку з коал рагаталі людзі, а мне здавалася — з мяне!.. Абрыдла смяшыць народ, абрыдла чужына, захацелася дадому. Прыбыў савецкі гандлёвы карабель, і я на ім уцёк. Патрымалі крыху ў Лукішках, і вось — выпусцілі, жыві, сказалі...
Левандоўскі калісьці ведаў мае палітычныя перакананні. I мне вельмі ж не хацелася сустракацца з ім пры Савецкай уладзе нязначным чалавекам, ды яшчэ і ў беднай вопратцы. Таму я доўга вагаўся, пакуль нарэшце спытаўся пра генерала.
У стомленых вачах Левандоўскага адбіліся здзіўленне і радасць. Я прыкінуўся, што бачу яго першы раз, і жывыя іскрынкі ў трэнера згаслі.
Не, Янкоўскага там не бачыў,— адвёў ён ад мяне вочы.— I не чуў пра яго. Ён са старых кадраў польскіх патрыётаў, такія з бацькаў-шчыны не вельмі ўцякалі. Найхутчэй — у палоне або галаву злажыў...
Пайшоў я ні з чым.
3
Ніхто нічога не мог сказаць мне і пра князя. Толькі потым я даведаўся, што Браніславам Любецкім яшчэ мінулай восенню цікавіліся нашы органы, пасля гэтага ён некуды знік.
4
Канчаткова сапсаваў мне настрой пан Войцех.
Былы швейцар ліцэя паведаміў, што Альбінас Суткус да апошніх дзён лета 19З9 года працаваў у рэстаране, тады яго мабілізавалі ў польскую армію, і ён загінуў у баі з фашыстамі ў канцы верасня пры абароне польскай сталіцы.
— Мой зяць быў разам з ім у Варшаве,— уздыхнуў стары.— Зяць яго і пахаваў там на Макатове...
Бедны Альбінас!
Увесь час ён клапаціўся аб тым, каб забяспечыць сябе кавалкам хлеба. Мы не маглі нават замацаваць нашу дружбу. I вось назаўсёды сышоў з майго жыццёвага шляху яшчэ адзін блізкі мне чалавек.
Пан Войцех даў мне адрас дачкі старасты, Яніны. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі.
5
Мяне ўразіла запусценне і бязладнасць, якія панавалі ў кватэры былога мажнага чыноўніка.
У пакоі ляжала дачка-інвалід, якой пашкодзіла яшчэ асколкамі і пазваночнік, а яе маці лесціла мне і ўніжалася. Ад няёмкасці я не ведаў, куды падзець вочы. Гэтыя людзі, выхаваныя на легендах часоў Ягелы і Баторыя, на ідэі Польшчы «ад можа да можа», парабіліся бездапаможнымі авечкамі, калі гісторыя тыцнула іх насамі ў рэчаіснасць. Бацькі Яніны нават ва мне бачылі таго чалавека, у чыіх руках іхні лёс.
Нарэшце мне ўдалося пабыць адзін на адзін з Янінай. Яна ляжала на ложку з мноствам падушак. Дзяўчыну нельга было пазнаць. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Такія самыя кропінкі былі на руках — худых і страшных, якія прасвечваліся як халадзец. Замест нястрымнай рагатухі і каравокай какетачкі я ўбачыў расчараваную няшчасную істоту.
Сядайце! — паказала яна на матрац.
Я ўсё тырчаў, аслупянелы, сярод пакоя.
Што, не пазнаеце?
Мала...
— Аднак гэта я! Некаторыя пазнаюць мяне толькі па зубах, калі засмяюся... Сядайце, ну!
Крэслы былі завалены вопраткай і рэчамі. Куды тут прыткнуцца?
На ложак давайце, я не заразная!
Каб не пакрыўдзіць паненку, я сеў. Сеў якраз там, дзе павінны знаходзіцца яе ногі. Толькі цяпер па-сапраўднаму да мяне дайшла трагедыя гэтага чалавека.
Агорнуты жаласцю, я маўчаў, разглядаючы пакой. Гэта было няветліва, але я меў такую звычку. На крэсле ляжаў альбом.
Калі ласка! — Яніна працягнула руку і падала яго.
Стаў я гартаць старонкі. На іх было шмат фатаграфій генеральскай сям'і. Яніна выняла адзін здымак і прачытала на адвароце Данусіны словы:
Gdy w życiu Cię kto zrani,
A w sercu pozostawi bliznę,
Pamiętaj, że więcej cierpiała
Polska – Twoja Ojczyzna.[ 19 19 Калі цябе хтосьці ў жыцці параніць, на сэрцы пакіне рану, то памятай, што яшчэ больш цярпела Польшча, твая радзіма ( польск.).
]
Прайшла мінута няёмкай цішыні.
Спаткаеце, перадайце, што перад смерцю пра яе думала і жадала вам абаім шчасця,— вымавіла Яніна скрозь слёзы.— О, як вас Данка кахала, як кахалі яе вы!.. Мяне ніхто ніколі не кахаў... Я вам так зайздрошчу...
Яніна, мы яшчэ разам з вамі...
Мяне вы бачыце апошні раз! — цяжка ўздыхнула яна.
У вачах дзяўчыны з'явілася нешта сталае, і я зноў перастаў яе пазнаваць.
Спаткаемся, няхай толькі ўсё ўляжацца...
Не. Я вырашыла не мучыць сябе і бацькоў. Толькі мама хавае ад мяне ўсё вострае...
Суцяшаў я паненку і адчуваў, што словы мае гучаць непераканаўча.
6
Бачыў я тады і Станеўскага.
Былога шпіка дэфензівы я спаткаў у кампаніі выфранчаных гультаёў. Яны хадзілі па горадзе і пасмейваліся над салдатамі з мангольскімі тварамі. Верхаводзіў імі Генрых. Зусім мажліва, што ён меў і цяпер у кішэні Сцяпанаў наган. От гісторыя!..
Читать дальше